Смеціш на дарогах — заплаці штраф

240

Смеціш на дарогах — заплаці штрафЧАСТА можна бачыць, як з акна праязджаючага аўтамабіля ляціць недакурак ці выкарыстаная запальнічка, пусты пачак ад цыгарэт, чыпсаў, абгортка ад цукеркі ці шакаладкі, пластыкавая, а то і шкляная бутэлька. Чаму людзі выкідваюць смецце з акон сваіх аўтамабіляў? Можна прыдумаць шмат адказаў на гэта пытанне. А галоўны і, бадай, правільны — гэта свінскія адносіны да сябе, да тых, хто знаходзіцца побач, да ўсёй краіны. Большасць людзей, седзячы на канапе перад тэлевізарам, не выкідваюць смецце ў суседні пакой кватэры. Маўляў, гэта ж мой дом, тут нельга смеціць. А вуліца ці дарога значыць чужая?!Ва ўсіх цывілізаваных краінах існуе пакаранне для некультурных вадзіцеляў і пасажыраў, якія любяць выкідваць смецце праз акно. У Іспаніі за выкінуты з аўтамабіля недакурак штрафуюць на 90 еўра, а за больш буйнае смецце — на 200 еўра. У некаторых штатах Амерыкі штраф за выкідванне смецця дасягае 200 долараў, у Чэхіі — 50 еўра, Швецыі — 170, Сінгапуры — 500 еўра. У Расіі пакаранне за выкідванне смецця з вокнаў аўтамабіля існуе на рэгіянальных узроўнях. Напрыклад, у Краснаярскім краі за такое парушэнне давядзецца заплаціць 2000 расійскіх рублёў, ва Уладзімірскай вобласці — 2500, Прыморскім краі — 3000 рублёў. У Калмыкіі грашовым штрафам караюць не толькі за выкідванне смецця, але і за пляўкі на вуліцы. Штраф ад 1000 да 3000 расійскіх рублёў. У Казахстане — краіне, якая разам з Беларуссю і Расіяй уваходзіць у Мытны саюз, праблему забруджвання наваколля выкараняюць не толькі штрафам. За кінуты міма сметніцы недакурак ці плявок на асфальт можна атрымаць некалькі сутак арышту.

— Ці прадугледжана заканадаўствам нашай краіны адказнасць для тых вадзіцеляў, якія любяць выкідваць смецце праз акно? — з такім пытаннем звяртаюся да начальніка аддзялення ДАІ РАУС, маёра міліцыі В. М. Лёвіна.

— За такія дзеянні прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу ад 100 да 200 тысяч беларускіх рублёў, — расказвае Вадзім Мікалаевіч.

— Як часта гэта мера адміністрацыйнага ўздзеяння прымяняецца?

— За май супрацоўнікі ДАІ РАУС прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці 9 чалавек. Усе яны аштрафаваны на 100 тысяч рублёў. Сярод іх жыхары Мінска і Шаркаўшчыны, Ліды і Гарадзеі. Трапіў у гэты спіс і жыхар гарадскога пасёлка Свір Раман Уладзіміравіч Шурпіцкі, — чую ў адказ.

— Зразумела, ля кожнага аўтамабіля міліцыянера не паставіш. Як удаецца выяўляць такіх правапарушальнікаў?

— Іншы раз вадзіцелі не задумваюцца над тым, што побач знаходзіцца супрацоўнік міліцыі, які ўбачыць гэта правапарушэнне. Акрамя таго, зараз многія як аўтааматары, так і прафесіяналы маюць у сваіх аўто відэарэгістратары. А гэтыя прыборы фіксуюць усе правапарушэнні: праезд на чырвонае святло святлафора, перасячэнне двайной суцэльнай лініі, бойкі на дарозе… і нават смецце, якое вадзіцель выкінуў з акна аўтамабіля, — крыху падумаўшы, адказаў В. М. Лёвін.

Сапраўды, ці варта за недакурак плаціць 100 альбо 200 тысяч рублёў?! Гэта праблема застаецца на сумленні кожнага вадзіцеля. А калі не шкада грошай, дык пашкадуйце прыроду.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.