ШАНОЎНЫ чытач, магчыма, вам пастукаюць у дзверы: “Добры дзень! Да вас прыйшла аглядальная камісія”. Не ведаеце, што за камісія такая? Расказваю. Аглядальныя камісіі створаны, каб прадухіліць пажары. Наведваюць домаўладанні, вывучаюць стан печак, электраправодкі, газавага абсталявання, даюць рэкамендацыі па правілах бяспечных паводзін. У першую чаргу пад увагу такіх камісій трапляюць пажылыя людзі (асабліва калі жывуць адны ці ўвогуле не маюць блізкіх сваякоў) і мнагадзетныя сем’і. А таксама тыя, чый лад жыцця непакоіць: аматары спіртных напояў, сем і ў сацыяльна небяспечным становішчы і гэтак далей.

Гэта я вам у агульных рысах расказала. А пра падрабязнасці распытаемся ў людзей, якія ў такіх камісіях задзейнічаны не адзін год. Знаёмцеся! Кіраўнік спраў Крывіцкага сельвыканкама Вольга КАСЦЕВІЧ працуе ў аглядальнай камісіі пры сваім сельвыканкаме. Дырэктар Старлыгскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Івана Аніські Святлана ТАЦЭВІЧ — шматгадовы член камісіі пры Занарацкім сельвыканкаме, бібліятэкар Слабадской сельскай інтэграванай бібліятэкі Алена СІДАРОВІЧ — пры Слабадскім. Да іх — наступныя пытанні.

— Аглядальная камісія наведваецца пераважна да адзінокіх старых ды ў шматдзетныя сем’і?

Вольга Касцевіч: —Так, у першую чаргу мы павінны наведваць людзей сацыяльна ўразлівых катэгорый. Але, выязджаючы ў нейкі населены пункт, стараемся не мінуць ніводнай хаты. У тым ліку і каб нікога не пакрыўдзіць няўвагай. Ну і сапраўды стараемся дапамагчы.

— На што звяртае ўвагу аглядальная камісія?

Вольга Касцевіч: — Члены камісіі пры сельвыканкаме ажыццяўляюць мерапрыемствы па забеспячэнні пажарнай бяспекі на тэрыторыі домаўладання. Пад увагу трапляюць і надворныя пабудовы, у якія праведзена электрычнасць. Вялікая ўвага зараз надаецца пячному ацяпленню: ці няма трэшчын на печках, ці адпавядаюць памеры перадтопачнага ліста патрабаванням, ці спраўныя дзверцы і гэтак далей. Зноў жа, звяртаем ўвагу на стан комінаў і матэрыял, з якога яны зроблены. На электраправодку, якая павінна быць у тым ліку непафарбаванай, выключальнікі, наяўнасць плафонаў… Ці ёсць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, ці працуе…

Святлана Тацэвіч: — Напрыклад, цікавімся, куды людзі выносяць жар. Ну і, вядома, праводзім інструктаж па правілах пажарнай бяспекі.

Алена Сідаровіч: — Асабліва непакояць печкі. У вёсках жывуць пераважна пажылыя людзі, хаты ў іх старыя, печкі — таксама… Здараецца, замазаны абы-як глінай.

— Ці шмат часу займае агляд?

Вольга Касцевіч: — На адно домаўладанне — не менш за 20 хвілін. Бо людзі, убачыўшы работніка сельвыканкама, карыстаюцца выпадкам вырашыць і сацыяльна значныя пытанні: запісацца ў чаргу на дровы, абмеркаваць якасць дарог, выказаць пажаданне аб замене перагарэлай лямпачкі на слупе… Ну і каб дэталёва ўсё агледзець на прадмет пажарнай бяспекі і правесці інструктаж, таксама час патрэбен.

— Ці рады вам людзі? Як сустракаюць?

Алена Сідаровіч: — Па-рознаму. Напрыклад, абыходзілі неяк Дзягілі — вельмі прыемныя ўражанні засталіся. Асабіста мяне там не ведаюць, але прыязна сустрэлі ў кожнай хаце, нават пасведчання пазаштатнага пажарнага ніхто не спытаў (хоць яно ў членаў аглядальнай камісіі абавязкова маецца). Да парад прыслухоўваліся, нават яблыкамі частавалі. Але так бывае не заўсёды. Некаторыя ставяцца нядобразычліва. Вядома, гэта крыўдна і псуе настрой. Прыходзім жа з найлепшай мэтай: не пакараць (на тое і паўнамоцтваў не маем), а падказаць, дапамагчы ў вырашэнні праблемы…

Святлана Тацэвіч: — Мне ў гэтым плане прасцей. Бо прыходжу ў домаўладанні людзей, дзеці якіх вучацца або некалі вучыліся ў нашай школе. Так што ўсе мы адзін аднаго добра ведаем…

Вольга Касцевіч: — Работнікаў сельвыканкама таксама ведаюць, але ў масках могуць і не пазнаць.

— Кажаце, мэта аглядальнай камісіі — падказаць і дапамагчы. А як яна можа дапамагчы?

Вольга Касцевіч: — Пракансультаваць, што рабіць, або папрасіць дапамогі ў тых, хто дапамагчы можа. Калі выяўлены праблемы ў домаўладанні пажылых людзей — сельвыканкам звяртаецца да іх дзяцей. Пішам лісты, падказваем, як вырашыць праблему. Напрыклад, выявілі, што ў пажылога чалавека трэба замяніць электраправодку — звязаліся з сынам. Ён вырашыў пытанне і нам паведаміў. Або вось днямі наведвалі інваліда І групы, а ў домаўладанні няма аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Адразу ж звярнуліся ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — і праблема аператыўна будзе вырашана. Ну а калі ў сітуацыю трэба ўмяшацца праваахоўнікам, узаемадзейнічаем з райаддзелам унутраных спраў.

— Якія эмоцыі прыносіць работа ў аглядальнай камісіі?

Святлана Тацэвіч: — Радзіма сказала: “Трэба!” — значыць, сапраўды трэба. Мусіш выконваць абавязак, а не прыслухоўвацца да эмоцый. Хаця, канечне, прыемна, калі пасля нашага наведвання адбываюцца пазітыўныя зрухі. Напрыклад, у домаўладаннях, якія асабіста я паспела наведаць у гэтым годзе, парушэнняў не было.

Алена Сідаровіч: — Радасна, калі праца дае жаданы вынік. І крыўдна, калі гэтага не адбываецца.

Вольга Касцевіч: — Асаблівых эмоцый няма, бо прывыкла ўзаемадзейнічаць з людзьмі, а дапамагаць ім у вырашэнні праблем — гэта мая праца.

Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц