Што з кабельным тэлебачаннем у Мядзеле?

628

— Што здарылася з кабельным тэлебачаннем? Чаму не магу пагля­дзець тэлеперадачу? Спраўна плачу за паслугу, а тут раптам ад­ключылі сігнал. Што здарылася? Не было ж ніякага папярэджання! — тэлефанавалі ў аўторак у роспачы жыхары Мядзела. Чаму да нас? Тлумачылі, што індывідуальны прадпрымальнік Віктар Міронаў, які аказвае паслугі кабельнага тэлебачання ў нашым раёне, на званкі не адказвае.

Сітуацыю растлумачылі ў ад­дзеле эканомікі райвыканкама. Выконваючая абавязкі начальніка аддзела Ларыса Даніленка паведа­міла, што ўжо ў сераду днём кабельнае тэлебачанне ў Мядзеле працавала. А адключэнне адбылося па прычыне нявыплаты індывідуальным прадпрымальнікам запазычанасці за электраэнергію. Пасля папярэджання Мядзельскім участкам энергазбыту было прынята рашэнне аб адключэнні станцыі размеркавальнай сістэмы тэлебачання ў райцэнтры, якая належыць Віктару Міронаву, ад электрасілкавання. Як толькі частка запазычанасці была пагашана, трансляцыя кабельнага тэлебачання аднавілася.

Застаецца спадзявацца, што надалей індывідуальны прадпрымальнік будзе больш адказна ставіцца да выканання дагаварных абавязкаў і сваёй дзелавой рэпутацыі.

Наш кар.