Расказваем, кім сталі першыя выпускнікі гімназіі

1853

У 2007 годзе ў самай прэстыжнай установе адукацыі раёна адбыўся першы выпуск. Ён быў невялікі (толькі восем чалавек), але вельмі яркі і запамінальны. Мы даведаліся, дзе цяпер юнакі і дзяўчаты, за поспехамі якіх некалі з цікавасцю сачыла ўся Мядзельшчына. Зараз і вам раскажам. У першую суботу лютага гэта будзе дарэчы…

Ігар Чарняўскі

Расказваем, кім сталі першыя выпускнікі гімназііЗакончыў Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Быў начальнікам заставы ў Гомельскай пагранічнай групе, потым — у Мазырскім пагранічным атрадзе, начальнікам гадавальніка кіналагічнага цэнтра ў Смаргонскай пагранічнай групе. Цяпер маёр Чарняўскі — намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы Смаргонскай пагранічнай групы. А ў вольны час працуе з драўнінай — крыху і сталяр, і цясляр. Ажаніўся яшчэ курсантам. Яго дачушцы Ксеніі ўжо дзевяць год, а сыну Даніілу — чатыры.

 

Павел Усовіч

Расказваем, кім сталі першыя выпускнікі гімназііЗакончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “статыстыка”. Жыве ў Копішчы (прыгарад Мінска), працуе аналітыкам у ІТ-кампаніі, якая займаецца распрацоўкай гульняў для мабільных прыстасаванняў. Павел цікавіцца навуковымі адкрыццямі, гуляе ў футбол і тэніс, любіць падарожжы (самае далёкае было ў Тайланд). З жонкай гадуюць двух хлопчыкаў: Мішу два з паловай гады, Уладу — дзевяць месяцаў. Амаль на ўсіх фота Павел з сям ёй.

 

Любоў Панцюхіна

Расказваем, кім сталі першыя выпускнікі гімназііУлетку адпачывае ў родным Мядзеле. А жыве ў Мінску. Закончыла эканамічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, займаецца міжнароднай справаздачнасцю ў “Прыорбанку”. Паўгода як выйшла з дэкрэтнага. З мужам гадуе трое дзетак: двайнятам Аляксандру і Кацярыне чатыры з паловай гады, Сафіі — тры. У сацсетках Любоў падтрымлівае адносіны з былымі аднакласнікамі, а з тымі, хто жыве ў Беларусі, летам іншы раз бачыцца.

 

Уладзімір Хіхіч

Расказваем, кім сталі першыя выпускнікі гімназіі

Спецыяліст па тэлекамунікацыйных сістэмах, закончыў факультэт сувязі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Цяпер маёр Хіхіч служыць у 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння ў Мар інай Горцы. Пасада — намеснік камандзіра атрада па ўзбраенні. У вольны час займаецца спортам (гуляе ў футбол і валейбол), любіць пачытаць пра аўтамабілі. Жанаты, у сям і падрастае двое дзетак: Ганне восем, а Кірылу пяць год.

 

 

 

 

Дзмітрый Русановіч

Расказваем, кім сталі першыя выпускнікі гімназіі
Біёлаг-аналітык, закончыў Міжнародны дзяржаўны экалагічны ўніверсітэт імя Сахарава і магістратуру. Працаваў у навуковым аддзеле Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. Пераехаў у Маскву, з яўляецца навуковым супрацоўнікам у біятэхналагічнай кампаніі. Распрацоўвае монакланальныя антыцелы і іншыя рэкамбінантныя бялкі, якія выкарыстоўваюцца для дыягностыкі. Цяпер значная частка праектаў звязана з распрацоўкай інструментаў выяўлення каранавіруснай інфекцыі і антыцел у перахварэлых.
Займаецца ёгай, захапіўся вандроўкамі (толькі ў 2019 годзе праехаў пад 19 тысяч кіламетраў). Прыбалтыка, Ізраіль, Фінляндыя, Швецыя, Данія, Чарнагорыя… Уразілі пейзажы Белага мора і Тэрыберкі (паселішча ў Мурманскай вобласці), зацікавіла Партугалія. І ўсё ж самы дарагі маршрут — у курортны пасёлак Нарач, дзе жыве матуля.

Святлана Качан

Расказваем, кім сталі першыя выпускнікі гімназііЖыве і працуе ў Мінску. Па адукацыі — “інжынер-хімік-тэхнолаг”. Дыплом атрымала ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, размеркавалася на ААТ “Амкадор-Белвар”, дзе працуе і дагэтуль. Першыя сем год была тэхнолагам, цяпер — намеснік начальніка ліцейнага цэха. Льюць у гэтым цэху і метал (алюмініевы сплаў), і пластмасы: вырабляюць фары на ўсю тэхніку “Амкадор”, а таксама дэталі карпусоў бытавой тэхнікі. Ну а хобі Святланы — падарожнічаць па еўрапейскіх краінах.

 

 

Юрый Катляроў

Расказваем, кім сталі першыя выпускнікі гімназііЯк быў гімназістам, Юрыя ведалі калі не ўсе жыхары Мядзельшчыны, дык чытачы раёнкі — дакладна. Газета не аднойчы пісала пра яго поспехі ў геаграфіі: перамог на рэспубліканскай алімпіядзе і нават пабываў на міжнароднай (аж у далёкай Аўстраліі!). А што потым?
Стаў студэнтам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільнюс), дзе вывучаў паліталогію. У парадку абмену год вучыўся ў Турцыі. Пасля ўніверсітэта была магістратура ў Анкары, потым праца ў Мінску. Цяпер Юрый працуе асістэнтам на кафедры міжнародных адносін і завяршае навучанне ў дактарантуры Універсітэта Коч (Стамбул), яго навуковыя інтарэсы тычацца міжнародных адносін, нацыянальнага будаўніцтва, сацыялогіі і палітыкі этнічных, моўных і рэлігійных суполак. Як прыгадваюць былыя аднакласнікі, гімназістам марыў сустрэць Новы год пад пальмай. Што ж, напэўна, гэта ўжо не аднойчы здаралася. Але, надоўга затрымаўшыся на беразе турэцкім, Юрый не забывае радзімы: часта бывае ў Беларусі, прыязджае ў Мядзел, дзе жывуць бацькі.

 

Ірына Прыгодзіч

Расказваем, кім сталі першыя выпускнікі гімназііЕўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільнюс) закончыла па спецыяльнасці “турызм і культурная спадчына”, магістратуру Уэльскага ўніверсітэта (філіял на Кіпры) — па спецыяльнасці “бізнес-адміністраванне і фінансы”. Пераехала на Кіпр. Там вучылася і працавала: спачатку ва ўніверсітэце, пасля — у турыстычнай кампаніі (здавала ў арэнду і прадавала нерухомасць). На Кіпры пазнаёмілася з чалавекам, які неўзабаве стаў мужам. Ён бразілец, працуе футбольным агентам. Пераехалі ў Дубай (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты), дзе нарадзілася двое дзетак (Юрыю цяпер шэсць год, Юліі — паўтара). Жывуць на востраве Пальма. Ірына штолета на месяц-другі прылятае ў Беларусь, толькі гэтым разам не атрымалася праз пандэмію. Але неўзабаве чакае ў госці матулю.

Першыя выпускнікі з цеплынёй прыгадваюць гімназію і дзякуюць усім-усім сваім педагогам (і асобна — класнаму кіраўніку Зоі Віктараўне Кабяк і дырэктару Вячаславу Пятровічу Клімовічу). І не толькі за трывалыя веды. Кажуць, вельмі многае ў жыцці атрымалася толькі таму, што былі гэта ўстанова адукацыі і гэтыя людзі…

Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота забяспечаны героямі публікацыі.