Перамогла ў аглядзе-конкурсе «Лепшы па прафесіі» Жанна Валько

318

resize-of-p5200104У цэнтральнай раённай бальніцы адбыўся агляд-конкурс «Лепшы па прафесіі» сярод медработнікаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй. Прымалі ў ім удзел прадстаўніцы розных аддзяленняў цэнтральнай бальніцы і са Свірскай, Крывіцкай, Нарацкай участковых бальніц, Пузыроўскага ФАПа. Патрэбна ім было пераадолець шэраг выпрабаванняў. Найперш, прадставіць сябе і расказаць, за што любяць сваю прафесію. Тут удзельніцы прыгадвалі шлях у медыцыну, апісвалі сваё аддзяленне ў вершах, нават у песнях дзялілі­ся ўражаннямі пра работу. І вядома, пры­знаваліся ў павазе да калег: «Я люблю свой коллектив, это правда, а не миф».

На другім этапе выконвалі тэставыя заданні па пытаннях са­нітарна-эпідэміялагічнага рэжыму і аказанні неадкладнай дапамогі. Далей мусілі хутка і правільна запоўніць сістэму для інфузійнай тэрапіі. А яшчэ неабходна было паказаць ролю медыцынскага працаўніка ў фарміраванні здаровага ладу жыцця. І, пэўна, гэты конкурс найбольш прыйшоўся даспадобы гледачам. У ім удзельніцы працягвалі дэманстраваць свае таленты: спявалі пад гітару, паказвалі ў гумарыстычных сцэнках, як трэба пазбаўляць ад алкагалізму, дэманстравалі жартоўныя касцюмы — словам, праяўлялі фантазію і артыстызм па максімуму. І на заключэнне журы ацаніла, ці смачныя і з густам упрыгожаныя стравы пад сілу прыгатаваць медработнікам.

Трэба адзначыць, што па выніках конкурсу ніх­то не застаўся без падарункаў: кожная з удзель­-
ніц была адзначана ў нейкай намінацыі. Што ж да тройкі прызёраў, то яна выглядае такім чынам. Па выніках усіх этапаў трэцяе месца заняла медсястра прыёмнага пакою ЦРБ Марына Кадушкевіч. Другое месца ў медсястры паліклінікі Марыны Савіцкай. А перамагла фельчар хуткай медыцынскай дапамогі Свір­скай участковай бальніцы Жанна Валько.

—     Як жа рыхтаваліся да конкурсу? — запытаў у яе.

—     Прапанова паў­дзельнічаць у конкурсе паступіла тыдзень та­му. Тады і пачала рыхтавацца: давялося падумаць, як тыя ж песні перарабіць на свой лад ды пра іншае паклапаціцца.

— Якія конкурсы для вас былі найцяжэйшыя?

—     Складана і сказаць. Што да творчай часткі, то ў бальніцы ўдзельнічаю ў падрыхтоўцы да розных святаў. І гатаваць люблю, то ўсё гэта не склала цяжкасцей.resize-of-rotation-of-p5200116

— На ваш погляд, якія галоўныя якасці для медсястры?

— Лічу, што душэўныя. Хворым неабходна пяшчота, разуменне… Калі прыязджаеш па выкліку, то трэба, каб чалавек бачыў станоўчыя эмоцыі, тваю усмешку — бо нават ад яе становіцца лягчэй.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

На здымку: момант спаборніцтва; пераможца.

Фота

Таццяны Несцярэнка.