Прыступкі ў Старамядзельскі парк патрабуюць рамонту

195

ПРАБЛЕМУ гэту пачула ў гарадскім аўтобусе. Абмяркоўвалі яе пажылыя жанчыны, якія вярталіся з вячэрняй Святой Імшы ў касцёле Маці Божай Шкаплернай у Мядзеле. А тычыцца яны прыступак, якія вядуць з боку вуліцы Нарачанскай у Старамядзельскі парк.

— На дварэ зіма. Надвор’е стаіць пераменлівае. То снег, то слізгата, — казала адна з парафіянак. — І так нязручна падымацца па прыступках. То снегам яны зацярушаны, то пакрыты лёдам. А спускацца па іх яшчэ цяжэй.

— Добра, што яшчэ парэнчы ёсць, — дапоўніла другая. — Памятаеце, як яны былі паламаны. Зусім было не ступіць. Дзякуй камунгасу, адрамантаваў парэнчы. Хоць можна за іх трымацца, каб падняцца на гару. Гэта ж бліжэйшы шлях ад аўтобуснага прыпынку ў святыню. І ён нам такі патрэбны! Я, напрыклад, не магу хадзіць пешшу на вялікія адлегласці, вельмі ногі баляць, плечы. Таму пад язджаю на аўтобусе. Хочацца яшчэ ў касцёл схадзіць.

— Дзякуй ЖКГ і за парэнчы, і за асвятленне. На вуліцы цемра, а ў парку гараць ліхтары. Ісці добра, усё навокал бачна, — працягвала пачатую размову трэцяя парафіянка. — І прыступкі, калі пачышчаны, а калі і не. Напэўна, не спраўляецца камунальная служба ўсюды паспець. Вось і сёлета, калі першы снег выпаў, прыступкі былі замецены. Аднак гэта не так страшна. Прайшлі па іх людзі з вуліцы Міру ў краму, назад — снег прытаптаўся. Гэта ў завеі будзе больш праблематычна. А вось тое, што прыступкі няроўныя, месцамі з выбоінамі — сапраўдная праблема. Ляжаць яны даўно, не дзіва, што з гадамі прыйшлі ў непрыдатнасць. Вельмі хочацца, каб кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі прыслухалася да нашай просьбы і дапамагло. Разумею, што ёсць у горадзе шмат іншых праблем, больш важных. Аднак хочацца, каб і нашы былі пачуты. Скалечыцца проста, а паправіцца — шмат намаганняў трэба прыкласці. А можна і інвалідам на ўсё жыццё застацца…

— А я, каб не паслізнуцца і не атрымаць траўму, стараюся не ісці па прыступках, а падымаюся на гару і спускаюся з яе збоку, — у размову ўступіла чацвёртая парафіянка. — Калі ўпадзеш, дык хоць не на бетонныя пліты, а на зямлю. Усё ж не так балюча ўдарышся. Праўда, і збоку часам цяжка дабірацца наверх. Калі снегу ляжыць дастаткова шмат, то дзеці, коўзаючыся з гары ўніз з абодвух бакоў прыступак, пакідаюць пасля сябе слізкія палосы, па якіх не ведаеш, як падняцца і спусціцца… Толькі мы не крыўдуем на дзятву, не наракаем. Разумеем, што трэба ж ім нечым забаўляцца, гуляць на свежым паветры. Важна гэта і для іх здароўя.
…Я сама бачыла ўзгаданыя вышэй прыступкі. Па іх у дажджлівае надвор е ўлетку і ўвосень не так лёгка падняцца, не гаворачы пра зіму — са снегам і слізгатой. Яны сапраўды няроўныя, скрыўленыя, з выбоінамі і патрабуюць рамонту. Ды і ад снегу і лёду не заўсёды ачышчаны. Праблема сапраўды існуе. І датычыць, найперш, здароўя людзей, прычым пераважна пажылога ўзросту, што вымушаны хадзіць па прыступках у любое надвор’е.

Па каментарый сітуацыі звярнулася да намесніка дырэктара Мядзельскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксея Шашка. Аляксей Васільевіч сказаў наступнае:

“Прыступкі, што вядуць ад вуліцы Нарачанскай у Старамядзельскі парк, сапраўды нашы ўладанні, як і ўсе астатнія аб’екты ў горадзе. Па меры магчымасці мы іх чысцім ад снегу, ад лёду, пасыпаем пяском. Праўда, не заўсёды аператыўна. Бо аб ём работ, якія ў зімовы час выконваем па падтрыманні дарог, вуліц, дваровых тэрыторый у нармальным стане, вельмі вялікі і адначасова ўсюды паспець проста немагчыма. Аднак стараемся: нешта выконваем раней, нешта — пазней. А што датычыць рамонту прыступак, то на гэта пытанне адразу адказаць не магу. Як і паабяцаць, калі яго зможам вырашыць. Ёсць у нашым горадзе і шмат іншых праблем, куды па прычыне адсутнасці фінансавання рукі не дайшлі, аднак вырашаць якія неабходна. Таму нікога абнадзейваць не буду. Адно скажу, што праблему пачулі. І паспрабуем па меры магчымасці з часам уключыць у каштарыс выканання работ у горадзе. Толькі калі гэта будзе, на самай справе невядома”.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.