УПЕРШЫНЮ з выхаванкай гімназіі-інтэрната горада Мядзела Насцяй Вербіловіч пазнаёміўся ў сакавіку мінулага года: яна прымала ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе паэтычнай творчасці “Юныя таленты Беларусі”, які праходзіў у Нацыянальным дзіцячым цэнтры “Зубраня”.

Апрача яе, туды пашчасціла патрапіць і дзвюм дзяўчынам са Свірскага вучэбна-педагагічнага комплексу — Лізавеце Дубінай і Валерыі Паршуце. Добра запомнілася таму, што яны чыталі свае вершы на чыстай беларускай мове і, у адрозненне ад многіх іншых канкурсантаў, — выразна і напамяць. Найвышэйшымі баламі журы ацаніла выступленне Лізаветы Дубінай, якая вярталася ў родную вёсачку Засвір з Крыштальным зубром і дыпломам пераможцы ад Міністэрства адукацыі краіны. Па маім меркаванні, ніколькі не горшыя былі вершы і ў Анастасіі, якія яна вырашыла суправадзіць музыкай і слайдамі з цудоўнымі нарачанскімі краявідамі. Задума годная і да месца! Ды, на вялікі жаль, тэхніка дала прыкры збой, што падпсавала выступленне лаўрэаткі. Крыўдна? Канечне! Толькі на тое яно і жыццё, каб выпрабоўваць чалавека, вучыць моцных духам трымаць розныя шурпатасці лёсу, весці наперад. Да катэгорыі моцных і ўпэў­неных у сябе, лічу, адносіцца і Анастасія Вербіловіч. І гэта не толькі маё меркаванне, якое склалася па выніках нядаўняй гутаркі з адметнай выпускніцай гімназіі.

Дзяўчыну ў асяродку аднакласнікаў можна назваць старажылам установы, бо яна тут вучылася з пятага класа, а першыя чатыры закончыла ў Занарацкай сярэдняй школе.

— Памятаю Насцю таго часу, — дзеліцца настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Вікторыя Сяклюцкая, — маленькай смугляначкай, якая адразу заяві­ла пра сябе добрымі ведамі, грунтоўнымі і глыбокімі адказамі ля дошкі. У адрозненне ад астатніх дзяцей, ёй з самага пачатку было проста размаўляць на роднай мове. Відаць, не цуралася яе з першых класаў. Зачароўвала таксама выразным чытаннем вершаў, а потым і сама пачала ствараць рыфмаваныя радкі, перамагаць у алімпіядах, конкурсах, спаборніцтвах, што давала нам падставу ганарыцца выхаванкай. Усе самыя складаныя пытанні — ёй, самыя адказныя заданні — таксама, на яе заўсёды і ва ўсім добрым можна было паспадзявацца! І вось Анастасія — выпускніца, сапраўдная мадэль — высокая, стройная, выхаваная, інтэлігентная. Да таго ж, валодае велізарным запасам ведаў па розных прадметах, здольная да самаадукацыі, прагне прагрэсу і развіцця. Неабыякавы яна чалавек і па жыцці: эмацыянальная, шчырая, адкрытая, пры вырашэнні ў класе пытанняў ніколі не заставалася ўбаку. Лічу яе ўзорам для пераймання. Шчыра кажучы, цяжка развітвацца…

Павел Жукаў.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары «Нарачанскай зары» за 17.06