Датэрміновае галасаванне працягваецца па 16 лістапада ўключна. Многія жыхары сінявокай Мядзельшчыны актыўна прымаюць у ім удзел.

У ліку тых, хто з самай раніцы на другі дзень правядзення датэрміновага галасавання завітаў на Дзягільскі ўчастак для галасавання № 64 (размяшчаецца ў Доме майстра), быў старэйшына вёскі Дзягілі Аляксандр Апанасевіч.

Аляксандр Вайцехавіч колісь працаваў старшынёй Дзягільскага, затым Слабадскога сельвыканкамаў, зараз знаходзіцца на пенсіі. Аднак па-ранейшаму праяўляе актыўнасць у жыцці сельсавета. Яго хвалюе развіццё Мядзельшчыны, сталічнага рэгіёну і роднай Беларусі. А таму, не чакаючы даты, на якую прызначаны выбары, прыйшоў на ўчастак, каб аддаць свой голас за кандыдата ў дэпутаты, які, па яго меркаванні, будзе годна прадстаўляць Нарачанскі край у вышэйшым заканадаўчым органе краіны. І такім чынам выказаць сваю ўласную грамадзянскую пазіцыю.
Аляксандр Апанасевіч атрымаў бюлетэнь. З ім прайшоў у кабіну для тайнага галасавання, дзе зрабіў адпаведную адзнаку, а затым апусціў яго ў урну.

Як паведамілі члены выбарчай камісіі Ірына Апанасевіч і Іосіф Шыкавец, якія ў той дзень працавалі, яўка мясцовых жыхароў на мерапрыемствы падобнага ўзроўню заўсёды была высокай. Не падвядуць вяскоўцы, па іх меркаванні, і на гэты раз. Па крайняй меры датэрміновае галасаванне паказвае неабыякавасць насельніцтва да лёсу краіны і свайго асабіста.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымку: грамадзянскі абавязак выконвае старэйшына вёскі Дзягілі Аляксандр Апанасевіч.
Фота Ігната Лубнеўскага.