Дата выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання набліжаецца. Пацікавілася ў члена акруговай выбарчай камісіі Вілейскай выбарчай акругі № 74 Таццяны ХАЦЯНОВІЧ ходам падрыхтоўкі да гэтай важнай палітычнай кампаніі ў нас на Мядзельшчыне.

— У раёне для правядзення выбараў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання створаны 24 участкі. З іх адзін закрыты —  Бальнічны, які размяшчаецца ва ўстанове аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ”. Адпаведна столькі ў нашым азёрным краі і ўчастковых камісій. Арганізавана іх дзяжурства для прыёму выбаршчыкаў. Гэта зроблена для таго, каб кожны грамадзянін у адпаведнасці з артыкулам 21 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь мог
праверыць, ці ўключаны ён у спісы выбаршчыкаў, а таксама ці правільна ўнесены неабходныя звесткі пра яго.
Па будных днях участковыя выбарчыя камісіі працуюць з 17 да 19 гадзін, у суботу — з 12 да 14 гадзін. 7, 8 і 10 лістапада — выхадныя. А 9 лістапада прыём наведвальнікаў будзе весціся членамі ўчастковых камісій, як і звычайна, па графіку суботы.
Па Вілейскай выбарчай акрузе № 74 зарэгістравана пяць кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Зараз усе яны праводзяць перадвыбарную агітацыю.
Засталося дадаць, што з 12 лістапада пачнецца датэрміновае галасаванне.

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.