Праблема ВІЧ — агульная праблема

252

У МІНУЛЫ аўторак у райвыканкаме адбылося пасяджэнне раённага міжведамаснага савета па прафілактыцы ВІЧ-інфекцый і венерычных захворванняў. Са статыстычнымі данымі прысутных пазнаёміла загадчыца эпідэміялагічнага аддзела раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі С. У. Несцярэнка, са справаздачамі аб праведзеных мерапрыемствах з мэтай барацьбы з названымі вышэй захворваннямі выступілі прадстаўнікі адпаведных службаў.

Напачатку Святлана Уладзіміраўна зазначыла, што толькі за дзесяць сёлетніх месяцаў у рэспубліцы выяўлена 911 выпадкаў ВІЧ, усяго ж у краіне зарэгістравана 10529 захворванняў. І па колькасці фактаў, і па разліку іх на сто тысяч насельніцтва лідзіруе Гомельшчына, потым ідуць Мінск і сталічная вобласць. Што датычыцца апошняй, найбольшая колькасць ВІЧ-інфіцыраваных зарэгістравана ў Салігорскім, Мінскім, Слуцкім і Барысаўскім раёнах. На Мядзельшчыне выяўлены чатыры выпадкі захворвання, у тым ліку адно ў дзіцяці. Да таго ж С. У. Несцярэнка прыпынілася на тым, што ў нашай краіне для людзей з дыягназам ВІЧ не існуе абмежаванняў, у адрозненне ад некаторых іншых дзяржаў.
Размову працягнула дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна Л. У. Несцяровіч. Людміла Уладзіміраўна падзялілася вопытам работы па прафілактыцы віруса імунадэфіцыту чалавека, расказала пра праводзімыя ў дадзеным накірунку мерапрыемствы, пры гэтым адзначыла, што ў якасці асноўнага сродку навучання бібліятэкары выкарыстоўваюць наглядную агітацыю. Прыбягаюць да атрыманай літаратуры і распрацаваных самастойна буклетаў.
Безумоўна, не застаюцца ў баку ад праблемы і аддзелы адукацыі і па справах моладзі, раённы камітэт БРСМ. Прадстаўнікі кожнай з названых службаў далі справаздачу аб арганізаваных і праведзеных сёлета сустрэчах, акцыях, кіналекторыях. Так, спецыяліст РАА
Н. М. Самко адзначыла, што сёлетні грып не зменшыў колькасці школьных мерапрыемстваў на тэму прафілактыкі СНІДу. А начальнік аддзела па справах моладзі Т. У. Хацяновіч расказала, што вельмі зладжана прайшоў конкурс сацыяльнай рэкламы.
Словам, праблема ВІЧ — агульная праблема, і вырашаць яе павінны менавіта так: разам, ва ўзаемаразуменні і падтрымцы.
Юлія ДЗЕВЯЛТОЎСКАЯ.