Тэлефонны званок на мабільны паступіў 19 жніўня. Як пазней высветлілася, гэтая дата стала днём кібератакі на банкаўскія карткі жыхароў раёна. На наступны дзень трое звярнуліся ў міліцыю з заявай аб знікненні грашовых сродкаў з карт. А колькі адбылося тэлефонных гутарак з уяўнымі су­працоўнікамі банкаў, невядома. Але, напэўна, значна больш.

Першы званок на мой мабільны паступіў, калі ехала ў машыне. Заўважыўшы па нумары, што тэлефануюць з Расіі, вырашыла не здымаць. Важная размова па прычыне дрэннай чутнасці ўсё роўна не адбылася б. Разважанні пра тое, хто мог тэлефанаваць (дзядзька з Санкт-Пецярбурга, сястра з Севераморска або аднакурсніца з Масквы…), перапыніў другі званок. Ужо пасля ў спісе выклікаў убачыла, што нумары, з якіх тэлефанавалі, былі розныя. А тады такая настойлівасць толькі ўстрывожыла: значыць, сапраўды хтосьці хоча паведаміць нешта важнае.

— Марына Казіміраўна, добры дзень. Вас турбуе служба бяспекі «Беларусбанка». Дваццаць хвілін таму вы пераводзілі грашовыя сродкі са сваёй карты Сяргею Абрамавічу (прозвішча, шкада, не запомніла. — Аўт.)?

— Не.

— Справа ў тым, што ў вашым асабістым кабінеце назіраецца падазроная актыўнасць: ужо тры разы з перыядычнасцю 15-20 хвілін спісваюцца сродкі на рахунак названага грамадзяніна. Акрамя вас, у каго-небудзь ёсць доступ да вашага асабістага кабінета?

— Няма. (Размову ўжо можна было б заканчваць: чулі пра падобны “развод”. Але журна­лісцкая цікаўнасць перамагла. Наколькі ўдасканаленым апынецца махляр і якімі рычагамі скарыстаецца, каб я расказала, дзе «ключы ад кватэры, дзе грошы ляжаць»?)

— Марына Казіміраўна, на жаль, вымушаны паведаміць, што ў апошні час пачасціліся выпадкі, калі ашуканцы атрымліваюць доступ да асабістых даных нашых кліентаў і праводзяць незаконныя аперацыі. Што мы зараз назіраем з вашым рахункам. Літаральна ў гэтыя хвіліны чакае адабрэння буйны перавод на рахунак Сяргея Абрамавіча.

— Але ў мяне на карце няшмат грошай. (Ну які буйны перавод за дзень да зарплаты?)

— Значыць, ашуканцы пад­ключылі ў вашым асабістым кабінеце авердрафт, і хутка на вашай карце будзе вялікі мінус.

— Што ў такім выпадку параіць служба бяспекі?

— Галоўнае, не панікуйце. Мы зараз адхілім усе праведзеныя аперацыі за апошнюю гадзіну, потым заблакіруем карту. Для запаўнення спецыяльнай сакрэтнай формы мне патрэбны некаторыя даныя. Першыя лічбы вашай карты 1234 (да прыкладу. — Аўт.), прадыктуйце, калі ласка, астатнія.

— У мяне няма з сабой карты.

— Як хутка вы зможаце атрымаць да яе доступ? Калі вам патэлефанаваць? Але паспрабуйце, калі ласка, хутчэй: на нейкі час мы можам замарозіць аперацыю, але доўга штучна ўтрымліваць яе не ў сілах…

— Я сама звярнуся ў службу бяспекі СВАЙГО банка. І ў праваахоўныя органы, магчыма. Усяго добрага. (Прабач, Сяргей Абрамавіч, не атрымаеш ты ад мяне чарговы транш.)

Мяркую, што ў такім фармаце дыялог праходзіў і з іншымі людзьмі. Што падкупляе ў гэтай размове? Да вас звяртаюцца не толькі па імені, але і па бацьку, ведаюць і называюць першыя лічбы вашай карты, вакол таго, хто тэлефануе, пануе офісная атмасфера: чуваць тэлефонныя званкі, людзі прадстаўляюцца супрацоўнікамі «Беларусбанка», пытаюцца, чым могуць дапамагчы… Што павінна насцярожыць? Як мінімум — званок з іншай краіны, часам нават праз вайбер. Ну і даўно пара ўжо ўсвядоміць: калі работнік банка і тэлефануе кліенту, то заўсёды ведае ўсю неабходную інфармацыю. Паведамляць каму-небудзь даныя аб банкаўскай карце, коды, пашпартныя даныя катэгарычна нельга. Як толькі ў вас пачынаюць удакладняць падобную інфармацыю, неабходна завяршыць званок і перазваніць у свой банк (тэлефон службы падтрымкі на адваротным баку карты). Будзьце ўважлівыя і асцярожныя і не станаві­цеся ахвярай кіберзлачыннасці.

Марына Пуцейка.