Пра бярозавік, агонь і штрафы — тры пытанні інжынеру па ахове лесу

408

НАШ госць — вядучы інжынер па ахове і абароне лесу Нацпарку “Нарачанскі” Артур ЦАРАНКОЎ. Яму — пытанні, якія вы прасілі задаць.

— Рэспубліканскія СМІ паведамляюць пра нарыхтоўку бярозавага соку. А што з гэтым у нас на Мядзельшчыне? Ёсць асаблівасці?

— Нацпарк нарыхтоўку бярозавіку не вя­дзе. Адпаведна, набыць яго ў нас немагчыма. Але можна зусім бясплатна нарыхтаваць самому — толькі трэба спытаць у бліжэйшым лясніцтве, дзе гэта дазваляецца рабіць (вызначаны адпаведныя ўчасткі). У лясніцтве заадно раскажуць, як правільна спускаць сок. А вось той, хто возьмецца нарыхтоўваць бярозавік без дазволу, ды яшчэ там, дзе сам захоча, — шукае непрыемнасцей. Фізічных асоб у такім выпадку чакае папярэджанне або штраф у памеры да 20-ці базавых велічынь. Адна базавая цяпер складае 29 рублёў — вось і лічыце.

— Пра што яшчэ трэба памятаць у лесе, каб не нашкодзіць прыродзе і не нажыць непрыемнасцей сабе?

— Што там забаронена кідаць смецце і паліць кастры. На тэрыторыі Нацпарку разводзіць вогнішчы можна толькі ў спецыяльна для гэтага адведзеных і абсталяваных месцах. Наша лясная ахова праводзіць рэйды, парушальнікі рызыкуюць быць прыцягнутымі да адміністрацыйнай адказнасці. Штрафы сур’ёзныя. За засмечванне ляснога фонду — да 290 рублёў, а за распальванне кастроў — аж да 870.
Нагадаю і агульныя правілы. Разводзіць агонь (у тым ліку з выкарыстаннем мангала, барбекю, грыля, газавай пліты і іншых прыстасаванняў) можна на пляцоўках, акаймаваных ачышчанай да мінеральнага слою глебы паласой, не вузейшай за 25 сантыметраў. Яшчэ адна ўмова — агонь не павінен пашкоджваць кроны, ствалы і карані дрэў. Пры сабе трэба мець першасныя сродкі пажаратушэння: вогнетушыцель, рыдлёўку, ёмістасць з вадой. Полымя неабходна кантраляваць, а пасля патушыць да поўнага спынення тлення.

— А як агонь усё ж вырваўся з-пад кантролю? Або калі станеш выпадковым сведкам загарання? Што рабіць?

— Пастарацца патушыць. Паспрабуйце збіць полымя галінкамі ці засыпаць пяском. Калі ж самастойна не справіцца — не рызыкуйце, тэрмінова паведамляйце выратавальнікам-пажарным і ў Нацпарк.
Калі ў некага з чытачоў застануцца пытанні пра пажаранебяспечны сезон або ўвогуле па ахове лесу, іх можна задаць, патэлефанаваўшы ў Нацпарк па нумары 29-8-80.

Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ.

 

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц