Павел Чарняўскі: Ганаруся, што даводзіцца працаваць з прафесіяналамі

316

Сёння Белдзяржстраху спаўняецца 101 год. За гэтай лічбай стаіць не толькі паважаны ўзрост. Увесь гэты час арганізацыя дэманструе ўпэўнены рух наперад, развіваецца і ўдасканальваецца, захоўваючы традыцыі і дапамагаючы страхавой абаронай людзям. Надзейным партнёрам для сваіх страхаўшчыкоў з’яўляецца Прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” па Мядзельскім раёне. З нагоды свята — некалькі пытанняў яго дырэктару Паўлу Уладзіслававічу-Паўлавічу Чарняўскаму.
 

— Павел Уладзіслававіч-Паўлавіч, прапаную сёння пакінуць лічбы па-за размовай і пагутарыць пра людзей.

— Згодны. Але пачну тады з віншаванняў. З нагоды Дня страхавых работнікаў і дня нараджэння “Белдзяржстраху” віншую ўсіх супрацоўнікаў. Асаблівыя словы віншаванняў хачу адрасаваць нашым ветэранам працы, якія шмат год жыцця прысвяцілі страхавой галіне. Жадаю ўсім шчасця, здароўя, пабольш усмешак і дабрабыту. Мы стараемся ахапіць увесь раён, у кожнага страхавога агента ёсць свой страхавы ўчастак. Калектыў згуртаваны, вопытны, ёсць супрацоўнікі, што працуюць 20 і больш год. Сёння ж хачу расказаць пра калег, якія сваёй штодзённай працай ствараюць станоўчы імідж прадпрыемства, з’яўляюцца прыкладам для іншых. Гэта агенты страхавыя, да таго ж яшчэ і сямейная пара — Людміла і Сяргей Грышкевічы. У іх не самыя лёгкія ўчасткі. Сяргей Віктаравіч абслугоўвае насельніцтва Крывіцкага сельсавета, а Людміла Сельвестраўна — Княгінінскага. Жывуць у Восаве. Прафесійны стаж пары заслугоўвае павагі. Муж у сістэме Белдзяржстраху працуе больш за 21 год, а жонка — 17.

— Кожны год да прафесійнага свята заахвочваюцца лепшыя работнікі. Мяркую, што сёлета — гэта сямейная дынастыя Грышкевічаў?

— Так. Літаральна ўчора на абласным мерапрыемстве, прысвечаным дню нараджэння Белдзяржстраху, Падзяку філіяла Белдзяржстраху па Мінскай вобласці атрымаў Сяргей Віктаравіч за высокія тэмпы росту паказчыкаў, а Людміла Сельвестраўна як лепшы агент страхавы прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” па Мядзельскім раёне ў 2022 годзе ўзнагароджана Ганаровым дыпломам. Ганаруся, што даводзіцца працаваць з такімі прафесіяналамі, для якіх не з’яўляецца складанасцю заключыць любы від страхавання на сваім участку. А гэта, звяртаю ўвагу, у асноўным сельскія ўчасткі. Яны адзін аднаму дапамагаюць у рабоце, на іх заўсёды можна разлічваць у вырашэнні вытворчых задач. Цудоўна разумеюць і бачаць абстаноўку, умеюць знаходзіць агульную мову з кліентамі. Ім не трэба расказваць, як развіваць свой участак, яны гэта ўмеюць рабіць лепш за іншых. Сумленнасць і прыстойнасць — гэта каштоўныя якасці, якімі валодаюць Сяргей Віктаравіч і Людміла Сельвестраўна, гэта іх жыццёвае крэда.

— Калі кажам пра людзей, то з аднаго боку — гэта супрацоўнікі, а з другога — кліенты. Каго тут хочаце ўзгадаць?

— Хачу падзякаваць за цеснае супрацоўніцтва і паразуменне нашым партнёрам. Павагі заслугоўвае пазіцыя кіраўніка філіяла “ДЭУ № 66” РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр” Віктара Буйко, які клапоціц­ца як пра жыццё і здароўе падначаленых, так і пра захаванасць тэхнікі. З лепшага боку хачу адзначыць санаторый “Белая Русь”, які ўзначальвае Уладзімір Баравы, санаторый “Нарач” і яго дырэктара Дзмітрыя Каральчука, санаторый “Нарачанка”, дзе дырэктарам з’яўляецца Яўген Чыжык, канечне ж санаторый “Спадарожнік” і яго кіраўніка Уладзіміра Сяржанта. Наша супрацоўніцтва працяглае, плённае і эфектыўнае. Даўнім і надзейным нашым партнёрам з’яўляецца НДЦ “Зубраня”. Надзеі Ануфрыевай, якая шмат год узначальвае цэнтр, выказваю падзяку і ад сябе асабіста, і ад нашага Прадстаўніцтва за выніковае ўзаемадзеянне і канструктыўную пазіцыю па страхаванні работнікаў і маёмасці. Што тычыцца сельскагаспадарчай сферы, то мы выйшлі на супрацоўніцтва з філіялам ААТ “Мінаблаграсэрвіс”, дзе дырэктар — Андрэй Давыдзенка. А сярод нашых даўніх і надзейных сяброў — АСП “Вузлянка” (кіраўнік Аляксандр Пяцько). Прадаўжаем узаемадзеянне з аддзяленнямі банкаў, якое зараз рэалізоўваецца ў рамках праекта “Страхавая фабрыка”.
— Поспехаў вам у працоўнай дзейнасці і ўсяго самага найлепшага! Дзякуй за размову.

Іна ЯРЧАК.
Фота забяспечана Прадстаўніцтвам “Белдзяржстраху” па Мядзельскім раёне.