З 1 СТУДЗЕНЯ бягучага года змяніліся форма і парадак выдачы пасведчання мнагадзетнай сям’і.
У новай форме пасведчання павялічана колькасць старонак для ўнясення даных пра дзяцей і аб падаўжэнні тэрміну дзеяння дакумента. Затое адменена запаўненне звестак пра месца жыхарства.
Сярод асноўных новаўвядзенняў — права мнагадзетнай сям’і атрымаць пасведчанне па месцы фактычнага жыхарства незалежна ад месца рэгістрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Таксама ўдакладнены парадак вызначэння складу сям’і. Пачынаючы з гэтага года будуць улічвацца маці (мачаха), бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), а таксама дзеці да 18 год, якія выхоўваюцца ў сям’і (уключаючы ўсыноўленых і ўдачароных, пасынкаў і падчарыц). Пры гэтым член сям’і, які ўлічаны пры выдачы пасведчання ў складзе адной сям’і, можа ўлічвацца ў складзе другой толькі пасля выключэння яго са складу сям’і ў раней выдадзеным пасведчанні.
З 2021 года права на выдачу пасведчання мае мнагадзетная сям’я, якая пастаянна жыве ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта ўмова цяпер прымяняецца і адносна дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям’і, і да кагосьці аднаго — мужа ці жонкі (калі сям’я поўная).
Новым заканадаўствам зацверджаны спіс дакументаў, на падставе якіх выдаецца пасведчанне. Атрымліваючы новае пасведчанне, заяўніку неабходна прыкласці да заявы раней выдадзены дакумент.
Акрамя таго, сем’ям даецца права выбару: атрымліваць новае пасведчанне альбо ўносіць змяненні ў існуючае. Напрыклад, новыя даныя аб складзе сям’і, змяненні прозвішча, датах нараджэння членаў сям’і і гэтак далей.
Пасведчанні, якія выдадзены мнагадзетным сем’ям да 1 студзеня бягучага года, будуць сапраўднымі і абменьваць іх непатрэбна.
Наконт заявы аб выдачы пасведчання мнагадзетнай сям’і неабходна звяртацца ў райвыканкам у службу “адно акно”, якая знаходзіцца па адрасе: г. Мядзел, плошча Леніна, д. 1, каб. 15. Можна атрымаць кансультацыю і па тэлефонах — 55-6-95, 55-9-61.
Таццяна КАЛАМІЕЦ, галоўны спецыяліст сектара матэрыяльна-бытавога забеспячэння і гендарных праблем упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц