Выратавальнікі Мядзельшчыны праводзяць акцыю «Не прапальвай сваё жыццё!». Што падчас яе праходзіць

310

Каб прыцягнуць увагу да праблемы пажараў і гібелі людзей па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні, па 30 лістапада выратавальнікі праводзяць акцыю «Не прапальвай сваё жыццё!».

У нашым раёне яна праходзіць у рэжыме анлайн. Што ж вас чакае?

Сярод навучэнцаў старэйшых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі пройдуць два конкурсы — на лепшы відэаролік (музычны кліп, сацыяльны ролік, рэпартаж) і на лепшы выраб з падручных матэрыялаў на тэму небяспекі курэння ў ложку.

На сайце раённай газеты «Нарачанская зара» мы правядзём інтэлектуальную віктарыну, адказы на пытанні якой неабходна дасылаць да 20 лістапада ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях па адрасе: г. Мядзел, вул. Савецкая, 4.

Аб небяспецы курэння ў ложку, асабліва ў стане алкагольнага ап’янення, выратавальнікі раскажуць з дапамогай «Бяспечнай карэспандэнцыі» — адраснай паштовай рассылкі прафілактычнай інфармацыі і наглядна-выяўленчай прадукцыі.
У працэсе правядзення акцыі выратавальнікі задзейнічаюць сацыяльныя сеткі і сродкі масавай інфармацыі — ад газет і часопісаў да тэлебачання і інтэрнэт-сайтаў, — сумесныя намаганні дазволяць данесці карысныя веды пра бяспеку шырокай аўдыторыі.

Не можам не прыадкрыць заслону таямніцы: акцыя гэтага года запомніцца цалкам новай інфармацыйнай кампаніяй, распрацаванай Рэспубліканскім цэнтрам прапаганды, — «Не чакай вавёрачку, патушы недакурак!». Менавіта яна ляжа ў аснову ўсіх мерапрыемстваў, прыцягваючы ўвагу грамадскасці сваім новым шустрым героем. Больш падрабязна пра кампанію мы ўжо распавядалі на старонках «Нарачанскай зары». Не заставайцеся ўбаку — далучайцеся да акцыі. Будзе цікава!

Ірына КАРАПЕЦЯН,
інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, старшы лейтэнант унутранай службы.