Інтэрактыў вітаецца — якія мерапрыемствы пройдуць у дзень выбараў

596

У дзень парламенцкіх выбараў, 17 лістапада, на ўсіх участках для галасавання (акрамя закрытага Бальнічнага № 45) на тэрыторыі раёна пройдуць розныя мерапрыемствы. З графікам іх правядзення можна пазнаёміцца на інфармацыйных стэндах.  Усе, хто завітае на ўчастак для галасавання, змогуць змястоўна і цікава правесці час. А шчасліўчыкі — нават і заахвочвальны прыз выйграць.

Да месца будуць інтэрактывы на тэмы “Партрэт дэпутата”, “Я іду на выбары таму, што…”, “Чаму мой голас важны…”, акцыя “Моладзь Мя­дзельшчыны”, арганізаваныя райкамам БРСМ. Будзе наладжана відэасувязь паміж выбарчымі ўчасткамі і тымі юнакамі і дзяўчатамі, якія ўпершыню сёлета будуць прымаць удзел у галасаванні з абавязковай публікацыяй у сацыяльнай сетцы Аднакласнікі ў групе “Мя­дзел дарагі!”.
На ўсіх участках пройдуць тэматычныя канцэрты, а на некаторых — і не па адным разе. На Юбілейным участку для галасавання № 42, арганізаваным у Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, адбудзецца старт 2-га этапа спартыўна-аздараўленчага свята “Тата, мама, я — здаровая сям’я”. Акрамя таго, ахвотныя могуць па­прысутнічаць на майстар-класе па рабоце з салёным цестам і на конкурсе “Гарбузовыя фантазіі”, пабываць на выставе-продажы бізнес-кампаніі “Вектар”. Шмат прыемных хвілін змогуць падараваць гадзіна паэзіі “Малой радзіме прысвячаецца”, відэа­прэзентацыя “Унікальныя мясціны Нарачанскага краю” з удзелам маладых спецыялістаў установы адукацыі. Не будзе абыякавых і падчас дэманстрацыі работы аб’яднання на інтарэсах “Робататэхніка”, а таксама паказальных выступленняў каманды чырлідынгу.

Змястоўная праграма прадугледжана і на Вераснёўскім № 43 участку для галасавання, які размяшчаецца ў гімназіі-інтэрнаце Мядзела. А гэта: флэш-моб, конкурс-выстава творчых работ “Маё радавое дрэва”, выставы малюнкаў, літаратуры, спартыўныя гульні. Будзе што пабачыць і на Старамядзельскім участку для галасавання № 44, які знаходзіцца ў Мядзельскім ВПК яслі-сад-СШ. У тым ліку майстар-класы “Ачумелыя ручкі”, “Пясочныя фантазіі”, “Свой дом упрыгожу я сама”, “Шахматны ўсенавуч”, флэш-моб “Мы маладыя — надзея краіны”, музычна-забаўляльныя, спартыўныя праграмы.

На Лук’янавіцкім участку для галасавання № 46 (у Лук’янавіцкім сельскім клубе) вяскоўцаў чакае музычна-паэтычная гадзіна “Мой родны кут, як ты мне мілы”, а на Гатавіцкім № 47 участку для галасавання (у санаторыі “Сосны”) у канцэрце прымуць актыўны ўдзел самадзейныя артысты з ліку работнікаў здраўніцы. Выбар­шчыкі Лацвянскага ўчастка для галасавання № 48 (Лацвянскі Дом майстра) змогуць у дзень выбараў прыняць удзел у конкурсе “Чароўны агарод”, выставе-прэзентацыі кансерваваных нарыхтовак з удзелам членаў аматарскага аб’яднання “Гаспадынька”, майстар-класах “Чароўны паясок”, а таксама па вырабе лялек. Наведвальнікаў Свірскага ўчастка для галасавання № 49 (у Свірскім гарпасялковым Доме культуры) чакаюць аграпляцоўка “Вясковая скарбонка”, выстава работ вышывальшчыцы Ірыны Селязнёвай, іншыя мерапрыемствы. Насычаная культурная праграма будзе арганізавана для выбаршчыкаў на Нарацкім сельскім № 51 (у Нарацкім сельскім Доме культуры), Нарацкім № 52 (у Нарацкай СШ №2) і Купскім № 53 (у Цэнтры творчасці, турызму дзяцей і моладзі раёна) участках для галасавання. Тут ахвотныя змогуць наведаць музычныя мерапрыемствы, творчыя эстафеты, выставы малюнкаў, творчых работ, майстар-класы, прэзентацыі і многае іншае.

Шмат цікавага прапануюць і астатнія ўчасткі для галасавання. На Занарацкім участку для галасавання № 54 (у Занарацкім сельвыканкаме) ладзіцца творчая сустрэча “Вясковыя таленты”. На Сырмежскім участку для галасавання № 55 (у Сырмежскім ВПК дзіцячы сад-базавая школа) будзе працаваць творчая майстэрня, прой­дзе конкурсная праграма “Угадай мелодыю”. На Старлыгскім участку для галасавання № 56 (у мясцовым ВПК) можна будзе паўдзельнічаць у Спартландыі, пабываць у школьным музеі воінаў-інтэрнацыяналістаў, паглядзець слайд-шоу “Старлыгская школа. Учора. Сёння. Заўтра”.

На Крывіцкім участку для галасавання № 57 (у Крывіцкім гарпасялковым Доме культуры) будзе наладжана прэзентацыя захапленняў мнагадзетнай сям’і Дзевялтоўскіх з выставай нарыхтовак на зіму, работ членаў народнага клуба майстроў “Крывічы”. Запланаваны канцэрт ансамбля “Лірнікі” і арт-пляцоўка “Алё, мы шукаем таленты!”. На Будслаўскім участку для галасавання № 58 (у Будслаўскім СДК) выкліча цікавасць прэзентацыя мнагадзетнай сям’і Хацяновічаў, спартыўная сямейная эстафета, а таксама танцпляцоўка ў стылі рэтра “Бабулін абцасік”. На Княгінінскім участку для галасавання № 60 (у Княгінінскім сельвыканкаме) выбаршчыкаў чакаюць выстава малюнкаў “Мая вёска”, паэтычная пляцоўка “Табе, Княгінін, прысвячаем”, прэзентацыя захапленняў мнагадзетнай сям’і Вапручковых з майстар-класам ад гаспадыні. На Выгалавіцкім участку для галасавання № 61 (у Выгалавіцкай сельскай бібліятэцы-клубе) шмат цікавага прапануе выстава творчых работ вяскоўцаў “Фантазія”, а на Сваткаўскім участку для галасавання № 62 (у Сваткаўскім сельвыканкаме) — майстар-клас “Кулінарны шэдэўр” ад Ірыны Чараповіч. Гульнявыя інтэлектуальныя пляцоўкі “Мая Беларусь” будуць працаваць на Слабадскім № 63 (у Слабадской СШ імя Адама Гурыновіча) і Дзягільскім № 64 (у Дзягільскім Доме майстра) участках для галасавання. А выбаршчыкі Старагабскага № 65 (у Старагабскім СДК) і Камароў­скага № 50 (у Камароўскім СДК) участкаў для галасавання змогуць далучыцца да танц-класа па народных танцах.

На многіх сельскіх выбарчых участках запланаваны майстар-класы педагога дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці, турызму дзяцей і моладзі раёна Алены Зайцавай, выступленне ўрача-нарколага. Прадэманструюць свае ўнікальныя работы і наведвальнікі аб’яднання па інтарэсах па робататэхніцы, якія выступяць на Свірскім, Нарацкім сельскім, Крывіцкім, Будслаўскім, Ілаўскім, Княгінінскім, Сваткаўскім, Слабадскім, Старагабскім участках для галасавання.

На Нарацкім участку для галасавання № 52 і на Вераснёўскім участку для галасавання № 43 адбудуцца чайныя цырымоніі з дэгустацыяй травяных напояў ад турысцка-экскурсійнага комплексу “Аптэкарскі сад”. На Юбілейным участку для галасавання № 42 пройдзе дэгустацыя розных найменняў хлебных вырабаў, якія выпякаюцца ў Камарове. А на Юбілейным № 42, Вераснёўскім № 43, Старамядзельскім № 44,
Нарацкім сельскім № 51, Нарацкім № 52 адбу­дзецца ўзнагароджванне ўдзельнікаў раённага конкурсу малюнкаў і эсэ “Мы адказныя за тых, каго прыручылі”, які прайшоў у рамках I фестывалю ездавога спорту “МЯДЗЕЛ.ByRyn-2019”. Ідэйным натхняльнікам мерапрыемства па прапагандзе здаровага ладу жыцця на сваёй малой радзіме стала ўраджэнка Мядзела, чэмпіёнка і бронзавы прызёр Сусветнай Універсіяды, майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа Ірына Нафрановіч.

Будзе працаваць і гандаль — дзе стацыянарныя буфеты, дзе выязныя. А там, дзе няма магчымасці іх арганізаваць, усе неабходныя прадукты харчавання можна будзе набыць у магазінах ці ў аўтакрамах. Асартымент прапаноўваецца разнастайны — безалкагольныя напоі, кандытарскія вырабы, печыва, садавіна, гародніна і шмат чаго іншага. Усе тавары будуць прадавацца з мінімальнай гандлёвай надбаўкай. Чакаецца і адзіны дзень скідак. Уласную прадукцыю будуць прапаноўваць і мясцовыя вытворцы. Напрыклад, УП “Ілаўскае” наладзіць выставу-продаж вырабаў прадпрыемства на Будслаўскім № 58, Ілаўскім № 59 і Княгінінскім № 60 участках для галасавання ў час, узгоднены са старшынямі ўзгаданых участковых выбарчых камісій. А на Нарацкім сельскім участку для галасавання № 51 ахвотныя змогуць набыць прадукцыю Нарацкага вытворчага ўчастка ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”.

Падрыхтавала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.