ПЯЦІГАДОВАЯ дзяўчынка днямі вывалілася з акна на другім паверсе ў Мінску. Паводле папярэдніх звестак, яна самастойна залезла на падаконнік, адчыніла адну створку і абаперлася на маскітную сетку… Дзяўчынка дастаўлена ў бальніцу для абследавання. На момант здарэння яна была дома са старэйшым на два гады братам.
Таксама ў гэту суботу ў Гомелі паўтарагадовае дзіця вывалілася з акна на восьмым паверсе і засталося жыць. Хлопчык дастаўлены ў рэанімацыю. Незадоўга да здарэння маці з братам і чатырма дзецьмі гутарылі на кухні. У жылым пакоі маласямейкі акно было расчынена насцеж, а дзверы туды зачынены. За размовай дарослыя не заўважылі, што малы выйшаў з кухні і накіраваўся ў пакой. Узлез на тахту, а з яе — на стол і падаконнік…

28 чэрвеня паўтарагадовая дзяўчынка загінула ў Навагрудку. Малая была дома з сям ёй. Калі маці выйшла з пакоя, дзяўчынка залезла на крэсла, потым на падаконнік і вывалілася з акна пятага паверху. Маці знайшла яе непрытомную. У бальніцы малую спрабавалі рэанімаваць, але траўмы былі занадта цяжкія.

15 чэрвеня ў Пінску з акна сёмага паверху зваліўся васьмігадовы хлопчык. Пра здарэнне паведаміла бабуля, якая яго гадавала. Паводле яе слоў, хлопчык зваліўся, праціснуўшы маскітную сетку. Уратаваць яго не ўдалося.

На жаль, пералік трагічных падзенняў з вокан можна яшчэ доўжыць. Здарэнні адрозніваюцца дэталямі (узрост пацярпелых ды паверх, на якім было тое самае трагічнае акно), але відавочна, што папярэднічала бядзе адно і тое ж: дзеці засталіся без нагляду. А значыць, віна — наўпрост ці ўскосна — ляжыць на бацьках.

Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па надзвычайных сітуацыях Ірына КАРАПЕЦЯН падкрэслівае, што засцерагчы сваё дзіця ад бяды можна.

Вось што трэба зрабіць:

* устанавіць на вокны блакіратары або фіксатары, або выкарыстоўваць абмежавальнікі са стальным тросам, або паставіць аконныя рашоткі, або абсталяваць вокны накладнымі ручкамі на замку;
* адсунуць ад акна мэблю, не пакідаць у пакоі табурэткі і дзіцячыя крэселцы;
* не ставіць маскітную сетку: дзіця ўспрымае яе як перашкоду і абапіраецца;
* не расчыняць вокны насцеж, калі дзіця дома;
* не дазваляць гуляць на падаконніку;
* не пакідаць дзяцей без нагляду.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Небяспечныя вокны: як засцерагчы сваё дзіця ад бяды