Не — наркотыкам і гвалту. Важныя тэмы абмеркавалі ў Мядзельскім ВПК

424

НАВАТ у нашым адносна спакойным раёне, на жаль, не абыходзіцца без правапарушэнняў і злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі. І гэта не можа не непакоіць. Не сакрэт жа: вельмі многія сённяшнія дарослыя злачынцы ступілі на крывую дарожку яшчэ школьнікамі. І пачыналі часам з на першы погляд нязначных правапарушэнняў. Ды, аднойчы парушыўшы закон, вярнуцца да нармальнага жыцця бывае ой як няпроста… Пра гэта гаварыў у актавай зале Мядзельскага ВПК яслі-сад-сярэдняя школа старшы памочнік пракурора раёна Аляксей Купрэвіч. А яго слухачамі былі не толькі вучні, але і педагогі, прадстаўнікі бацькоўскай грамадскасці.

Дзякаваць Богу, праблема падлеткавай наркаманіі ў раёне сёння не актуальная. А вось некаторыя нашы дарослыя землякі негатыўныя наступствы гэтай згубнай звычкі адчулі напоўніцу. Важна памятаць: нават адзінкавае ўжыванне наркотыка можа выклікаць залежнасць, стаць фатальным. Перасцярог Аляксей Купрэвіч і ад заробкаў на распаўсюджванні наркотыкаў (з такімі прапановамі падлеткі могуць сутыкнуцца ў інтэрнэце). “Закладчыка” могуць затрымаць ужо пры першай спробе, а Крымінальны кодэкс прадугледжвае за распаўджванне наркотыкаў аж да 17-ці год пазбаўлення волі. Не давядзе да дабра і выпіўка. Па-першае, у непаўналетняга шлях ад першай чаркі да алкагольнай залежнасці можа быць вельмі кароткі. А па-другое, у нецвярозым стане падлеткі (як і дарослыя, дарэчы) часта ўблытваюцца ў супрацьзаконныя авантуры кшталту хуліганства і крадзяжоў.

Ну і аб правілах бяспекі памятаць варта і дзецям, і дарослым. З пачатку года на Мядзельшчыне на пажарах загінулі тры чалавекі. Два — патанулі ў вадаёмах, хоць да адкрыцця купальнага сезона яшчэ далёка. Дарога (і аўтамабільная, і чыгунка) таксама памылак не даруе. Пераходзіць яе трэба ў спецыяльна адведзеных месцах, пры гэтым забаронена карыстацца навушнікамі і ўвогуле гаджэтамі. Нельга гуляць на чыгунцы, падлазіць пад вагоны.

Не — наркотыкам і гвалту. Важныя тэмы абмеркавалі ў Мядзельскім ВПК…Пра сямейны гвалт (яго прычыны, прыкметы, віды і г. д.) гаварыла прысутным урач-псіхіятр-нарколаг цэнтральнай раённай бальніцы Вольга Валчковіч. На думку спецыяліста, галоўнае для ахвяры сямейнага тэрору — усвядоміць сваю праблему і цвёрда вырашыць пазбавіцца ад яе. Калі патрабуецца тэрміновае рэагаванне — не саромейцеся звярнуцца ў міліцыю. А вось карэнным чынам праблему ўчастковы інспектар наўрад ці вырашыць. Каб перамагчы сямейны гвалт і выйсці са складанай сітуацыі, спатрэбіцца дапамога многіх прафесіяналаў: урачоў, юрыстаў, псіхатэрапеўтаў.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота аўтара.