Ні хваста, ні лускі! У рэдакцыі прайшла “прамая тэлефонная лінія” на тэму аматарскага рыбалоўства

145

НА пытанні адказвалі намеснік начальніка Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Кірыл КАНДРАТАЎ і вядучы інжынер рыбагадоўлі ДПУ “Нацпарк “Нарачанскі” Сяргей ЛАТУШКІН.

Нагадайце, калі ласка, якія абмежаванні дзейнічаюць на перыяд нерасту і якое пакаранне за парушэнне гэтых абмежаванняў.

Ні хваста, ні лускі! У рэдакцыі прайшла “прамая тэлефонная лінія” на тэму аматарскага рыбалоўстваКірыл Кандратаў: — Лавіць усе віды рыбы ў рыбалоўных угоддзях Мінскай вобласці забаронена з 1 красавіка па 30 мая, а ў Віцебскай (да яе адносіцца возера Вялікія Швакшты) — з 10 красавіка па 8 чэрвеня. Выключэнне зроблена толькі для аматарскага рыбалоўства, што ажыццяўляецца з дапамогай адной вуды з адным кручком або адным спінінгам са штучнай прыманкай з адным кручком у светлы час сутак з берага (без заходу ў ваду) і са штучных збудаванняў — акрамя чыгуначных і іншых мастоў, плацін, шлюзаў і іншых гідратэхнічных збудаванняў. Прымяненне любых іншых прылад рыбалоўства ці спосабаў лову разглядаецца як парушэнне і караецца штрафам у памеры ад 10-ці да 30-ці базавых велічынь. Акрамя таго, давядзецца кампенсаваць нанесены ўрон, а ён падчас нераставай забароны вылічваецца ў трохразовым памеры — атрымліваюцца вельмі вялікія сумы. Калі ж сума ўрону дасягне 100 і больш базавых велічынь, бу­дзе ўзбуджана крымінальная справа. У названыя перыяды таксама забаронена выкарыстанне маламерных суднаў.

Акрамя таго, з 1 сакавіка па 15 красавіка ў Мінскай вобласці, а з 9 сакавіка па 25 красавіка — у Віцебскай забаронена лавіць шчупака.

Скажу яшчэ пра забароненыя рыбалоўныя прылады. Каб быць аштрафаваным, неабавязкова папасціся непасрэдна на іх выкарыстанні. Адміністрацыйнае пакаранне (штраф ад 5-ці да 30-ці базавых велічынь) прадугледжана і за знаходжанне, напрыклад, з восцямі (па руску ‘острога’) на адлегласці ад берага, меншай за кіламетр.

Пытанне да Сяргея Аляксандравіча. Ці будзе праводзіцца зарыбленне Нарачы? Калі будзе, дык калі і якой рыбай?

Ні хваста, ні лускі! У рэдакцыі прайшла “прамая тэлефонная лінія” на тэму аматарскага рыбалоўстваСяргей Латушкін: — Зарыбленне Нарачы шчупаком запланавана на гэты год. Усе азёры нацпарку зарыбляюцца ў адпаведнасці з рыбагадоўча-біялагічным абгрунтаваннем, у якім вызначаны віды рыбы і яе колькасць для кожнага вадаёма. Акрамя Нарачы, сёлета плануецца зарыбіць азёры Вішнеўскае, Воўчына, Княгінінскае, Кузьмічы, Рудакова, Свір і Ходасы. Летась было зарыблена 11 вадаёмаў: Лотвіны, Княгінінскае, Свір­нішча, Ходасы, Дзягілі, Вя­лікія Швакшты, Белае, Глубля, Балдук, Расохі і Свір.

Ці ўсе віды рыбы можна лавіць рыбакам-аматарам?

Сяргей Латушкін: — Не, не ўсе. Па-першае, забаронена лавіць віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Гэта рачная мінога, сцерлядзь, ласось, кумжа, стронга ручаёвая, ліпень (па-руску ‘европейский хариус’), мірон (‘обыкновенный усач’), рыбец, стынка (‘корюшка озерная’) і гальян азёрны. Па-другое, рыбакам-аматарам забаронена лавіць вугра. Усе астатнія віды здабываць дазволена.

Ці трэба рыбацкая пуцёўка жыхарам раёна?

Сяргей Латушкін: — Платнае аматарскае рыбалоўства ажыццяўляецца на азёрах Баторына, Белае, Балдук, Вялікія Швакшты, Вішнеў­скае, Воўчына, Глубля, Глухое (у Свірскай групе), Дзягілі, Княгінінскае, Кузьмічы, Лотвіны, Мядзел, Мястра, Нарач, Расохі, Свір, Свірнішча, Ходасы, Рудакова; на рэках Дробня, Мядзелка, Нарачанка, Свіранка, Скема і Смолка. І так — жыхарам раёна набываць туды пуцёўку трэба. Іншая справа, што лю­дзям, якія маюць пастаянную рэгістрацыю на тэрыторыі Мядзельшчыны, а таксама шэрагу населеных пунтаў Пастаўскага, Вілейскага і Смаргонскага раёнаў, яна прадаецца па льготнай цане: 10 рублёў на год. Пуцёўку можна набыць у адміністрацыі нацпарку, лясніцтвах, у гасцінічным комплексе “Нарач” і аўтакемпінгу “Нарач”, а таксама ў шэрагу магазінаў-партнёраў.

Акрамя таго, ёсць вадаёмы, на якіх можна лавіць рыбу без пуцёўкі. Гэта азёры Блядка, Барсукі, Вялікі Болцік, Глубелька, Запортава, Коззе, Малы Болцік, Мёртвае, Свінак, Скрыпава, Чарток, Шастакова, Ячмянёк; рэкі Вялікі Перакоп (у верхнім цячэнні — Малінаўка) з прытокамі, Страча з прытокамі (акрамя Свіранкі) і Кубля.

Ну і трэба памятаць, што забаронена лавіць рыбу ў запаведнай зоне нацпарку: на азёрах Ільгінія, Імшарнік, Караснік, Акунёк, Глухое (Балдуцкая група) і Выдранік, Градскае, Млынок, Падшап’е (Нарачанская група).

Нацпарк прадае рыбакам пуцёўкі, а ці стварыў хоць мінімальныя ўмовы? Напрыклад, на Нарачы няма ніводнага месца для спуску лодак.

Сяргей Латушкін: — Не пагаджуся: месца для спуску лодак на Нарачы ёсць. Знаходзіцца яно на паўночным узбярэжжы — ля вёскі Пасынкі, і рыбакі добра пра гэта ведаюць. Іншая справа, што многім хацелася б, каб такія месцы былі больш абуладкаваныя. Але гэта немагчыма: нацпарк — тэрыторыя, якая асабліва ахоўваецца, і на ёй забаронены работы, што могуць стаць прычынай эрозіі глебы, размыву, абвалу і іншых парушэнняў натуральнага стану рэльефу і грунтоў. Забаронены таксама расчыстка расліннасці ў прыбярэжных палосах вадаёмаў і вадатокаў, расчыстка воднай расліннасці, узвядзенне транспартных камунікацый. А значыць, няма іншага выйсця, як карыстацца месцамі спуску, якія склаліся гістарычна. Напрыклад, на возеры Свір такіх два: на поўнач ад вёскі Мізулі­чы і на паўднёвы захад ад аграгарадка Старлыгі. На Вялікіх Швакштах — побач з турстаянкай “Цюкшы-2”; на возеры Мядзел — каля турстаянкі “Стругалапы” і на захад ад вёскі Пярэградзь. На Мястры — ля вёскі Мікольцы і ля турстаянкі “Качаргі”, на Баторыне — ля Шыкавіч. На Вішнеўскім — на паўднёвы ўсход ад вёскі Краснаазёрная і на поўдзень ад вёскі Беражныя.

Пытанне не па тэме рыбалоўства, але тычыцца “гадаванцаў” нацпарку. У нашай вёсцы бабры запрудзілі рэчку. Поўныя калодзежы вады, стаіць яна і ў скляпах. Што рабіць?

Кірыл Кандратаў— Бабры адносяцца да паляўнічых жывёл, колькасць якіх рэгулюецца. Гэта значыць, іх у прынцыпе можна адстрэльваць. Таму ў першую чаргу рэкамендую патэлефанаваць начальніку аддзела паляўнічай гаспадаркі нацпарку Аляксандру Сяргеевічу Ярашэвічу (41-1-05). Калі запруда знаходзіцца ў паляўнічых угоддзях і яшчэ ёсць пуцёўкі на здабычу бабра, праблему вырашыць нескладана. Раю патэлефанаваць ужо сёння (“прамая тэлефонная лінія” праводзілася 27 сакавіка. — Заўв. “НЗ”): сезон палявання на гэты від заканчваецца 31 сакавіка. Калі ж высветліцца, што запруда зроблена не ў паляўнічых угоддзях, неабходна звярнуцца ў свой сельвыканкам. Яго спецыялісты разам з раённай інспекцыяй аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя вывучаць сітуацыю і прымуць рашэнне, як вам дапамагчы.

Запісала Наталля ЛІСІЦКАЯ.