Сярод нас жыве нямала людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Некаторыя набылі праблемы са здароўем, калецтвы па прычыне захворванняў, няшчасных выпадкаў, аварый, дарожна-транспартных здарэнняў, ад якіх ніхто не застрахаваны. Асобныя такімі нарадзіліся. Таму вельмі важна не зацыклівацца на праблемах, а прымаць чалавека, што знаходзіцца з табой побач, такім, які ён ёсць. Ісціну гэтых слоў выдатна разумее жыхарка к. п. Нарач Марына Янкоўская.

У Марыны Леанідаўны дзве дачушкі. Алёна ўжо дарослая: ёй 26 год. Яна замужам, з’яўляецца сама матуляй. Зараз разам з сям’ёй жыве ў Польшчы. А малодшая — дванаццацігадовая Ксюша. Дзяўчынка з асаблівасцямі развіцця (сіндром Даўна). Яна вельмі добрая, шчырая, ласкавая. Бязмежна любіць сваю матулю, сястрычку, пляменніцу Бажэнку. Ёй падабаецца маляваць, танцаваць, глядзець мульцікі, гуляць.

— Калі дачушку насілі пад сэрцам, ці ведалі, якія выпрабаванні вас чакаюць? — цікаўлюся ў жанчыны.

— Адразу не, — кажа матуля. — Магчыма, дактары штосьці падазравалі, толькі нічога загадзя не гаварылі. Нара­джала Ксюшу ў Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы. Тады раённым педыятрам працавала Наталля Сядогіна. Яна першая і сказала, што з маёй дзяўчынкай не ўсё добра. А хутка мы патрапілі ў рэанімацыйнае аддзяленне абласной бальніцы. Там зрабілі неабходныя ана­лізы і паставілі дыягназ. Для мяне гэта было нібы гром з яснага неба. Вельмі перажывала, плакала, бо прагнозы ўрачоў былі несуцяшальныя. Памятаю, як мне неаднойчы прапаноўвалі пакінуць дзіця
ў спецыяльнай установе. Казалі, што толку з яго не будзе: не зможа хадзіць, гаварыць… Навошта ж ламаць сабе жыццё.

Але я цвёрда вырашыла сама гадаваць дачушку і змагацца за яе жыццё. Я не ўтойвала, якой яна нарадзілася, не хавала яе ад людзей. Проста старалася жыць і быць ёй патрэбнай. Мяне пакінуў муж, бо не захацеў узвальваць на сябе такую цяжкую ношу. Напачатку не разумелі нават бацькі, не тое, што чужыя людзі. Асобныя жы­хары курортнага пасёлка шкадавалі.

Некаторыя, сярод якіх нават былі сябры, адвярнуліся. Але я не здавалася. Звярталася па дапамогу да спецыялістаў, у тым ліку ў і Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі раёна, дзе мне ішлі насустрач, падтрымлівалі, давалі парады. Напачатку навучанне Ксюшы праходзіла дома, пасля дзяўчынка пачала наведваць Цэнтр. Штодзённая карпатлівая праца прыносіла плён. Вядома, на гэта спатрэбілася шмат сіл, часу, але ўсё было недарэмна.

Жанчына са слязьмі на вачах зазначыла, што, каб пабачылі дзяўчынку тыя, хто раіў яе пакінуць, нават не паверылі б, што гэта яна. Бо дачушка ходзіць, размаўляе, шмат чым захапляецца, цікавіцца. Вельмі любіць жыццё, прыроду. Па-дзіцячы шчыра цешыцца з таго новага, што бачыць вакол сябе. З замілаваннем разглядала і я малюнкі Ксюшы. Яны не такія, як у звычайных дзяцей, але па-свойму адметныя, прыгожыя, а галоўнае — у яркіх колерах. Значыць, у яе на душы спакойна і радасна, яна адчувае сябе шчаслівай! Гэта вельмі важна. Але, каб прыйсці ўрэшце да таго, што сёння ёсць, патрэбна было вельмі-вельмі шмат па­працаваць — і ўрачам, і лагапедам. А яшчэ больш — матулі, якая была пастаянна побач з дачушкай. Колькі ж ёй патрэбна было вытрымкі, мудрасці і нават мужнасці, каб не апусціць рукі, не панікаваць, а ўпарта, пакрысе рухацца далей.

Ксюша пачала хадзіць, калі ёй споў­ніліся два гады. Загаварыла таксама позна. Але гэта былі маленькія перамогі, якіх разам з дачушкай паступова, крок за крокам, дабілася матуля. Першымі памочнікамі на гэтым няпростым шляху сталі для Марыны Леанідаўны яе бацькі Станіслава Уладзіміраўна і Леанід Кандрацьевіч. Вельмі шмат займалася з дзяўчынкай па развіцці маторыкі рук бабуля, яе старанні далі вялікі плён. І хоць няма побач ужо матулі з татам — адышлі ў свет іншы, але цяпло іх і сёння адчувае Марына Леанідаўна. Здаецца ёй, што яны і з вышыні нябёс пад­трымліваюць яе з дачушкай. Адчувала жанчына дапамогу пастаянна і ад кіраўніцтва НДЦ “Зубраня”, дзе да нараджэння дачушкі працавала сама і бацькі, за што бязмежна ўдзячна дырэктару На­дзеі Ануфрыевай і сваім былым калегам.

Жанчына не нацешыцца з Ксюшы, якая расце сапраўднай памочніцай. І па дому ў меру магчымасцей дапамагае, і на агародзе, дзе з задавальненнем палівае расліны. Ходзіць разам з Марынай Леанідаўнай у лес у грыбы і ў ягады. Ёй падабаецца збіраць чарніцы, брусніцы. Дзяўчынка ад душы стараецца, але доўга не можа працаваць, бо вельмі хутка стамляецца. У летні перыяд, каб не ся­дзець пастаянна дома, ходзяць матуля з дачкой на пляж. Прагульваюцца яны таксама па тэрыторыі нарачанскіх курортна-аздараўленчых устаноў, дзе любуюцца створанай там прыгажосцю, фатаграфуюцца на памяць. Падчас адной з такіх вандровак Марына Янкоўская выпадкова пазнаёмілася з мінчанкай Вольгай Шалкоўскай, якая адной з першых усынавіла дзіця з сіндромам Даўна. Гэта сустрэча з часам перарасла ў сяброўства жанчын, а яшчэ дазволіла Ксюшы з матуляй бываць на фестывалях, якія арганізоўвае ў сталіцы для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі Вольга Яўгенаўна. Там ім абедзвюм вельмі падабаецца.

Шмат дало дзяўчынцы наведванне Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі раёна. Сюды яна прыязджае з задавальненнем. У Ксюшы шмат сяброў, з якімі разам займаецца, гуляе. Праводзяцца для дзяцей заняткі, у тым ліку па музыцы, фізкультуры. Акрамя таго, хлопчыкі і дзяўчынкі малююць, робяць з дапамогай педагогаў спецыяльнай адукацыі сувеніры, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах, конкурсах. Напрыклад, работы Ксюшы дасылаліся на абласны этап рэпубліканскага фестывалю мастацкай творчасці для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі “Вясёлкавы карагод”, дзе былі адзначаны дыпломам. Прысутнічала дзяўчынка і на абласным фестывалі “Запалі сваю зорку”, які праводзіўся ў Дзяржынску.

Яшчэ адно выпрабаванне выпала матулі і дачушцы: Ксюша перанесла аперацыю на сэрца. Яна зноў у страі: шчасліва ўсміхаецца, па маёй просьбе чытае вершы, расказвае казкі. Ёй хочацца сябраваць з усімі, з кім сустракаецца.
— Ніколі не пашкадавала аб тым, што пакінула ў сябе Ксюшу. Яна — мая радасць, маё шчасце, — сцвярджае Марына Леанідаўна. — Я наогул не ўяўляю свайго жыцця без гэтага цудоўнага чалавечка. І колькі нам адведзена Богам — столькі бу­дзем разам: цешыцца і перажываць, любіць усіх і ўсё і верыць у светлы заўтрашні дзень, які абавязкова прыйдзе.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.