Людзям высакароднай прафесіі — удзячнасць і пашана!

197

Людзям высакароднай прафесіі — удзячнасць і пашана!Дзень медыцынскіх работнікаў  — прафесіянальнае свята людзей у белых халатах, якія жыццё прысвяцілі высакароднай справе — клопату аб здароўі дзяцей і дарослых. Хто па закліку сэрца спяшаецца на дапамогу іншым. Хто лечыць, выкарыстоўваючы не толькі сучасныя медыкаменты, прыборы, але і чуласцю, міласэрнасцю, дабрынёй, спагадай. Нездарма ва ўсе эпохі лекарам, дактарам пакланяліся, іх паважалі, любілі. Бо менавіта яны аблягчалі пакуты, вызвалялі ад болю, давалі цяжкім хворым веру і надзею на выратаванне. Так было і так будзе заўсёды.

Напярэдадні гэтай даты сабраліся на ўрачыстасць у гарадскі Дом культуры медыкі азёрнага краю. Каб пачуць са сцэны цёплыя словы ў свой адрас — за кампетэнтнасць, уважлівасць, вернасць клятве Гіпакрата. А таксама віншаванні і найлепшыя пажаданні.

Першым да прысутных у зале звярнуўся галоўны ўрач установы аховы здароўя “Мядзельская цэнтральная раённая бальніца” Генадзь Аляксандравіч Русак. Ён павіншаваў калег з прафесіянальным святам. Падзякаваў за руплівую і старанную працу. Адзначыў поспехі і дасягненні шматлікага калектыву за апошні час. А яны даволі значныя: гэта і першае месца ўстановы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ” у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання па выніках работы за 2014 год з атрыманнем дыплома Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, і перамога Нарацкай участковай бальніцы ў такім, толькі ўжо абласным аглядзе-конкурсе, сярод аналагічных лячэбных устаноў сталічнага рэгіёну.

Шчыра вітаў медыцынскіх работнікаў азёрнага краю з іх прафесіянальным святам старшыня райвыканкама Ілья Іванавіч Шацько. Кіраўнік раённай вертыкалі выказаў словы павагі да людзей высакароднай прафесіі, у руках якіх знаходзяцца бясцэнныя каштоўнасці — жыццё і здароўе чалавека. Падзякаваў ім за прафесіяналізм, гуманнасць, умелыя рукі і чуллівыя сэрцы.

Як і на кожнай урачыстасці, таксама і на гэтай, не абышлося без цырымоніі ўзнагароджання лепшых работнікаў галіны Мядзельшчыны. Так, граматамі раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны ўрач-тэрапеўт Нарацкай участковай бальніцы Уладзімір Уладзіміравіч Мароз і фельчар-лабарант Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы Ала Міхайлаўна Казак. Падзякі старшыні райвыканкама атрымалі повар Нарацкай участковай бальніцы Людміла Васільеўна Бруня і ўрач-афтальмолаг Наталля Мікалаеўна Пабядзінская. Ганаровай граматы абласнога ўпраўлення аховы здароўя ўдастоена ўрач-эндаскапіст Мядзельскай паліклінікі Ларыса Паўлаўна Крыўко, а падзякі — медсястра Княгінінскай амбулаторыі Таццяна Іосіфаўна Андрон і старшая медсястра педыятрычнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Алена Сяргееўна Жыхар. Чатырнаццаць медыцынскіх работнікаў адзначаны граматамі і пяцьдзясят адзін — падзякамі кіраўніцтва лячэбнай установы. Былі ўзнагароды і па лініі абласнога камітэта прафсаюза галіны — за ўдзел у абласным конкурсе мастацкай самадзейнасці “Нам дарагі мір”, прысвечаным 70-годдзю Вялікай Перамогі. У прыватнасці, лепшымі вядучымі прызнаны маладыя ўрачы-рэнтгенолагі Ірына Вячаславаўна Назаранка і Дзмітрый Юр’евіч Карповіч, чытальніцай вершаў — медсястра педыятрычнага аддзялення Мядзельскай паліклінікі Алена Пятроўна Балтрукевіч, якая вядзе гімназію-інтэрнат г. Мядзела. У намінацыі “Выкананне песні пад уласны акампанемент” перамог фельчар выязной брыгады хуткай дапамогі Крывіцкай участковай бальніцы Сяргей Пятровіч Яцына. А ў намінацыі “Лепшы саліст” трэцяе месца заняла медсястра педыятрычнага аддзялення Мядзельскай паліклінікі Ганна Вячаславаўна Антановіч.

Падчас мерапрыемства цёплыя словы былі адрасаваны ветэранам сістэмы, якія заўсёды былі і зараз працягваюць заставацца для маладога пакалення медыкаў прыкладам беззапаветнага служэння абранай прафесіі і людзям, чые веды і вопыт надзвычай каштоўныя.

Нямала было і музычных падарункаў. У тым ліку ад калег па рабоце — салісткі Ганны Антановіч і неаднаразовага ўдзельніка абласнога агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці сярод медыцынскіх работнікаў вакальнага ансамбля “Сяброўкі”.

Свята закончылася. Але цеплыня, душэўнасць, якія панавалі ў зале, засталіся ў сэрцах прысутных і будуць саграваць іх яшчэ доўга-доўга. Як і сам дзень, які выдаўся на дзіва прыгожым, сонечным, багатым на падзеі і напоўненым незабыўнымі ўражаннямі.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.