Лёс азёрнага краю — гэта и яго лёс. Успамінаем Іосіфа Тарасёнка

431

Нарыс напісаны ў 2018 годзе

Адной з найбольш яркіх дзей на нядаўнім святкаванні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ў вялікай зале райвыканкама стала ўшанаванне Іосіфа Тарасёнка з нагоды прысваення яму пачэснага звання Ганаровага грамадзяніна азёрнага краю. Бадай, на ўсёй Мядзельшчыне не знойдзецца ніводнага дарослага чалавека, які б не ведаў альбо не чуў пра Іосіфа Францавіча, які ўсё жыццё прысвяціў мясцовым людзям, вырашэнню іх праблем. А яшчэ – справе развіцця самага паўночнага ў сталічнай вобласці раёна з яго балацінкамі і пагоркамі, беднаватымі на ўраджаі землямі.

Мне прыпамінаецца далекаваты ад сёння і няпросты 1995 год. У яго пачатку на пазачарговай сесіі райсавета дэпутаты аднагалосна ўхвалілі распараджэнне тагачаснага кіраўніка Міншчыны Пятра Пётуха наконт прызначэння Іосіфа Тарасёнка на пасаду старшыні райвыканкама. Ён і да гэтага каля дзевяці год займаў аналагічную пасаду. Своеасаблівая “пераэкзаменоўка” абумоўлівалася тым, што ў краіне завяршалася фарміраванне прэзідэнцкай выканаўчай вертыкалі. Часіны пасля развалу Савецкага Саюза складваліся вельмі няпростыя. Глыбокі разлад эканомікі пацягнуў за сабой беспрацоўе, практычна паўсюдна людзі мелі слабыя заробкі, ды і з выплатай нават невялікіх існавалі праблемы. Многія тавары, уключаючы шкарпэткі, прадавалі ў магазінах па талонах. Нямала схільных да прадпрыемніцтва землякоў, кінулася ў “бізнес”. Некаторыя студэнты з-за яго нават пакідалі вучобу ва ўніверсітэтах, бо перад іх выпускнікамі на бліжэйшыя гады вымалёўвалася даволі цьмяная перспектыва. А ўдалыя гандляры мелі жывую капейку, прытым адразу.

Закуплялі дома, што толькі можна было, не выключаючы сякеры, вілы, косы, граблі, і масава везлі рознымі шляхамі ў Польшчу, а крышачку пазней “тварог-смятану” – у Расію, дзе гэта каштавала значна даражэй. Валюта “карабейнікам” даставалася не проста: стамляла няблізкая дарога, не дабаўляла здароўя і стаянне ледзь не суткамі на холадзе на стыхійных рынках Беластока і Любліна… Адно, што гэта дазваляла нямала каму не ныць наконт “кепскага жыцця”, а забяспечваць сваім сем’ям нябеднае існаванне. Хаця, калі браць у цэлым, радасці было мала. Ды і не прывучаны мы былі ў ранейшым жыцці гандляваць, многія лічылі гэта напачатку ледзь не ганебнай справай.

Тым не менш, зыходзячы з народнай мудрасці, што пад ляжачы камень вада не цячэ, такі масавы парыў прынёс у цэлым неблагія дывідэнды і прытупіў многія сацыяльныя праблемы. Аднак хапала па тым часе ў адрас улады і крытыкі. Маўляў, начальства ніякі чорт не бярэ. Жывуць як паны, не зважаючы ні на якія крызісы і спады, ні на дарагоўлю. Будуюць катэджы, катаюцца на іншамарках… Што казаць, было і такое, ды не ўсюды і не ва ўсіх. У гэтым пераканаўся, калі чэрвеньскім дзяньком на свае вочы пабачыў, як жыў тады на Мядзельшчыне “самы галоўны” чалавек – старшыня райвыканкама Іосіф Тарасёнак. І што ж пабачыў? Даўней Іосіф Францавіч узначальваў калгас “Зара”. Але і потым, пасля выбрання старшынёй выканкама раённага Савета, так і не пераехаў у Мядзел, застаўся жыць у Сватках.

Дом яго, як і сёння, стаяў на пагорку, побач шумелі разлапістыя сосны. Пад вокнамі – два дрэўцы абляпіхі, кветнік, невялікі агарод, садзік. Крыху воддаль, між лугоў, звівалася багатая на рыбу Вузлянка.

Двор аказаўся чыстым, дагледжаным. Па яго перыметры стаялі розныя гаспадарчыя пабудовы. У гаражы стаялі “Жыгулі” 63-яй мадэлі, як высветлілася пазней, набытыя гадоў з восем таму. Сам дом звонку выглядаў нават некалькі грувасткім. Аказалася: стаіць гэта драўляная хата, абкладзеная цэглай, ужо не адно дзесяцігоддзе. Дасталася яна сям’і Тарасёнкаў ад папярэдняга кіраўніка мясцовага калгаса. Уразіла, што Іосіф Францавіч і яго жонка Ала Іванаўна вялі ладную гаспадарку: трымалі карову, трох свіней, курэй. Не адмаўляліся і ад сотак за вёскай, на якіх вырошчвалі бульбу, збожжавыя. Пэўных праблем з усім гэтым, улічваючы загружанасць па пасадзе Іосіфа Тарасёнка, хапала. Затое было што “даць на дарогу” сваім дзецям, якія вучыліся тады ў Мінску: старэйшая дачка Людміла на чацвёртым курсе матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а сын Саша – на інжынера-механіка.

Запомнілася, як у ходзе няспешнай гутаркі Ала Іванаўна разважліва заўважыла:
— Жыццё такое пайшло, што кожны павінен сам пра сябе больш клапаціцца. Мой іншы раз у магазіне кефір купляе, дык не хапала, каб і я туды па малако бегала. А свае рукі тады навошта? Зараз без падсобнай гаспадаркі на вёсцы вельмі цяжка. Канешне, клопатаў яна прыбаўляе нямала, аднак жыць з ёй значна весялей. Заўтра, між іншым, наша чарга кароў пасвіць…

Высветлілася ў размове і тое, што ацяпленне ў доме аўтаномнае. Цепліць трэба самім, у той жа час няма на каго крыўдаваць, калі ў кватэры холадна. Па Мядзеле тады хтосьці запусціў чутку, што для Тарасёнка ў райцэнтры будуюць катэдж за дзяржаўныя сродкі. Карыстаючыся момантам, хаця і адчуваў сябе няёмка, пацікавіўся ў Іосіфа Францавіча: наколькі такія размовы маюць падставу?

• Гэта няпраўда, – з крыўдай у голасе адказаў Іосіф Тарасёнак. – Ніякага асабняка ці нават простай хаты ў Мядзеле не будую…

І сёння, праз шмат год, кожны бачыць, што казаў тады Іосіф Францавіч шчыра, ён па-ранейшаму нікуды не паехаў са Сватак. Так што і начальства бывае рознае, таму і мераць усіх “на адзін капыл” не выпадае.

Кожны дарослы добра ведае, як важна выпускніку школы правільна зарыентавацца наконт свайго далейшага шляху, куды паступіць вучыцца, якую прафесію абраць? Менавіта ад гэтага вельмі ў многім залежаць жыццё маладога чалавека, яго адаптацыя ў грамадстве і лёс. Не скажу, што ў Іосіфа Тарасёнка ўсё было прадвызначана з дзяцінства. Нічога падобнага! Значную ролю ў выбары навучальнай установы адыграў настаўнік батанікі Мікалай Сямёнавіч Усік, які заканчваў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Ён паважліва адносіўся да вучняў старэйшых класаў, шмат расказваў пра адну з вядучых у Савецкім Саюзе навучальных устаноў са старадаўнімі каранямі і багатымі традыцыямі, мог у выхадны адправіцца з хлопцамі на рыбалку.

Цёпла адгукаўся пра гады вучобы ў ёй і галоўны аграном калгаса “40 год Кастрычніка”, які прыехаў па размеркаванні на працу ў вёску Крэва Смаргонскага раёна. З ім у Іосіфа таксама склаліся добрыя адносіны, малады спецыяліст мог нават пры выпадку даць юнаку пракаціцца на сваім службовым матацыкле “Панонія”. Можа, Тарасёнак і спыніў бы свой выбар на агранамічным факультэце, ды ў школе больш лёгка даваліся дакладныя прадметы – матэматыка, фізіка, хімія. Зыходзячы з гэтага і прыняў рашэнне: “Буду паступаць на інжынера!”

Разам з ім у акадэмію ў Горках накіраваліся яшчэ два выпускнікі Крэўскай сярэдняй школы: Іван Крэсла і Ала Лабанава. Дзяўчына паступала на аграхіміка, бралі ўсяго паўсотні чалавек, а заяў было пад пяцьсот. Тым не менш, Ала, якая закончыла вучобу з залатым медалём, здала адзін экзамен на “пяцёрку” і апынулася ў ліку студэнтаў. Годна вытрымалі немалы конкурс на факультэт механізацыі і Іосіф з Іванам. Больш за тое, Тарасёнка залічылі ў першую групу, прызначылі старастам. Хаця там былі і старэйшыя, і тыя, хто ўжо адслужыў у арміі. Па ўсёй бачнасці, ролю адыграла тое, што ён і ў школе быў старастам класа, меў добрую характарыстыку.

— Пасялілі мяне, – успамінае Іосіф Францавіч, – на першым паверсе другога інтэрната, пакой нумар 10. Адметнасць у тым, што разам са мною жылі яшчэ два не зусім звычайныя студэнты нашага факультэта – Джордж з Уганды і Тоні з Нігерыі. Увогуле, гады вучобы ў акадэміі – мара любога хлопца: веды давалі грунтоўныя, выпускнікі цаніліся па ўсім Савецкім Саюзе. І не толькі. Апрача лекцый, калі мелася жаданне, можна было займацца спортам ці ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці, атрымаць карысныя навыкі на факультэце грамадскіх прафесій. Адным словам, кожны мог знайсці сабе карысны дадатковы занятак па душы.

Наконт высокага іміджу выпускнікоў акадэміі нельга не пагадзіцца. Прыгадваецца, што яе заканчваў і Уладзімір Губскі, быў нават Ленінскім стыпендыятам. Спачатку Уладзімір Аляксандравіч цудоўна зарэкамендаваў сябе на пасадзе галоўнага агранома ў калгасе “Ленінскі шлях”, а потым – дырэктара тагачаснага саўгаса “Канстанцінава”. Ва ўсялякім разе, прыгадваецца больш за паўдзясятка пісьмаў у газету “Нарачанская зара” са словамі ўдзячнасці Уладзіміру Губскаму ад мясцовых жыхароў за добрыя справы. З “чырвоным” дыпломам вярнуўся на Мядзельшчыну з Горак і другі ўраджэнец раёна – Казімір Гапановіч. Паважанага Казіміра Браніслававіча людзі больш ведаюць, як старшыню праўлення былога калгаса імя Калініна, які аддаў гаспадарцы амаль трыццаць шэсць год свайго жыцця. Гэта так, невялікае адступленне. А Іосіф Тарасёнак пасля заканчэння чацвёртага курса вырашыў пабрацца шлюбам са сваёй аднакласніцай Алай Лабанавай. Школьнае юнацкае захапленне за гады вучобы ў акадэміі перарасло ў моцнае каханне. Шлюб заключылі летам у Крэве, там і вяселле згулялі. Да выпуску Але заставалася чатыры месяцы, Іосіфу – дзесяць. На размеркаванні маладая жонка, як уладальніца “чырвонага” дыплома ішла першай.

Жаданне ў абодвух – патрапіць бліжэй да дому. Аднак у Смаргонскім раёне вакансій не было, таму вывучалі па карце, каб патрапіць куды-небудзь паблізу ад яго. Якраз такім месцам і аказалася Мядзельшчына з яе прывабнымі азёрамі ды лясамі. Ала Іванаўна стала працаваць ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі райвыканкама аграхімікам, зняла сабе пакойчык у адным з дамоў па вуліцы Крупскай. Праз паўгода прыехаў сюды дыпламаваным спецыялістам і яе муж. Напачатку меркавалася, што Іосіф Тарасёнак пойдзе працаваць таксама ва ўпраўленне інжынерам па тэхнаглядзе.

• Праца з паперамі за сталом мне наогул не па душы, – дзеліцца Іосіф Францавіч, – таму пасля атрымання дыплома мне не давала спакою думка пра “жывую” работу. Вось і выказаў яе ў размове з начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Людмілай Жэбрак: “Можа, я лепш пайду працаваць у калгас, калі ёсць дзе-небудзь недалёка ад Мядзела вакансія інжынера?”

• Вы ведаеце, гэта цікава, – ажывілася Людміла Міхайлаўна. – Ёсць месца ў “Пераможцы”, там абавязкі інжынера выконвае па сумяшчальніцтве загадчык майстэрні Мікалай Несцяровіч. З’ездзіце ў Лук’янавічы, паглядзіце…
Галоўным аграномам ва ўпраўленні тады працаваў Вячаслаў Кузняцоў, галоўным інжынерам – Вячаслаў Асаевіч. Апошні і павёз па абавязку доўгу службы Іосіфа Тарасёнка ў калгас “Пераможац”, якім кіраваў Уладзімір Булыга. Прыехаўшы ў Лук’янавічы, Асаевіч накіраваўся па сваіх справах, а Тарасёнак – у майстэрню. Тое, што там убачыў, ашаламіла. Майстэрні па сутнасці не было, меўся неабгароджаны ўчастак зямлі, на якім стаяла тэхніка, прымітыўная запраўка з ручной помпай і дзіравымі шлангамі. Навокал – пустазелле ў рост чалавека. Са старэнькай невялікай кузні выскачыў чалавек, увесь чорны, блішчалі толькі вочы.

— Ды яшчэ запомніліся, як на запэцканым твары ззялі белізной зубы, – працягвае Іосіф Францавіч, – пазней даведаўся, што гэта механізатар Мітрафан Чарняўскі раўняў лемяшы да плугоў. А тады падумалася, што на практыцы можа і блізка не быць таго, чаму вучылі ў акадэміі.

Можна ганіць альбо не, аднак у маладога спецыяліста ўбачанае напачатку начыста адбіла ахвоту ад “жывой работы”. Вярнуўшыся ў Мядзел, ён, толькі ўжо далікатна, зноўку зайшоў у кабінет да Жэбрак:
• Людміла Міхайлаўна, можна, застануся інжынерам ва ўпраўленні, як вы мне і прапаноўвалі?
Тая моўчкі зірнула на хлопца, паправіла акуляры:
• Ды не, даражэнькі, сам пажадаў, цяпер перайначваць позна. Так што будзь ласкавы, з 1 верасня прыступай да работы , поле дзейнасці там для інжынера, як сам пабачыў, шырокае.

Ну і што тут зробіш? Хочаш-не хочаш, давялося падпарадкавацца. Адно добра, знаходзіліся Лук’янавічы непадалёку ад райцэнтра. Пазней Іосіф Францавіч ніколькі не шкадаваў, што так распарадзіўся лёс. На цэнтральнай сядзібе гаспадаркі, побач са школай, была кватэра, у якой жыла сям’я ветурача Берняковіча. Знайшоўся там пакойчык і для Тарасёнкаў. Хаця кухня і агульная, усё ж свой куток, жылі маладыя – не тужылі. На службе Іосіф Францавіч, хаця і не ва ўсіх знаходзіў паразуменне, пачаў з навядзення парадку на тэрыторыі механічнай майстэрні. Напачатку павыкошвалі бур’ян і пустазелле. Потым вырашылі зрабіць добрую запраўку, бо, хоць і малады, інжынер добра разумеў, што ад дзіравых паліўных шлангаў да бяды – адно імгненне! Пыхне – і будзеш крайнім. Шэфства па тым часе над “Пераможцам” трымаў Мінскі завод вылічальнай тэхнікі імя Сярго Арджанікідзе, які працаваў на патрэбы ўсяго Савецкага Саюза. Таму і спецыялістаў меў таленавітых, адмысловых. Тарасёнак паехаў туды, пазнаёміўся з галоўным інжынерам прадпрыемства Арнольдам Малахоўскім, папрасіў выручыць у не зусім звычайнай справе. І той не адмовіў, параіў, што трэба закупіць, у чым яны змогуць дапамагчы, а калі ўсё было гатова, накіраваў у Лук’янавічы на падмогу спецыялістаў. Неўзабаве ў “Пераможцы” запрацавала лепшая ва ўсім наваколлі запраўка, паліва на ёй адпускалася аўтаматычна, пры дапамозе дыстанцыйнага пульта. Зманціравалі нават адну калонку для раздачы масла, што было па тым часе вялікай рэдкасцю. Нагадаю, што адбывалася гэта ў далекаватым ад нас 1974 годзе. Прытым зрабілі так, што тая заправачная і сёння ў рабоце.

Запатрабаваўся “прадпрыемніцкі” падыход і пры ўладкаванні капітальнай агароджы вакол тэрыторыі механічнай майстэрні. Матэрыялы тады без разнарадкі не адпускалі нават за грошы, многае было ў дэфіцыце. Мабыць, і сорамна прызнавацца, аднак адзінае выйсце ў падобнай сітуацыі – натрапіць на іх у такім месцы, дзе ляжаць без патрэбы доўгі час. Як кажуць, хто шукае – той знойдзе. Знайшоў слупкі, пліты і Тарасёнак. У выніку “камбінацыі” ў інтарэсах калгаса, не без элементаў рызыкоўнай рамантыкі, майстэрня набыла больш сучасную акрэсленасць. Яшчэ малады інжынер захапляўся вынаходніцтвам. Так на нямецкі бульбаўборачны камбайн Іосіф Тарасёнак разам са сваімі памочнікамі прыстасаваў коўш з лябёдкай. У яго, у працэсе копкі клубняў, збіралі і камяні, якія выкідвалі ў канцы поля. Такім чынам мімаходам, пры мінімальных затратах, выконвалася добрая справа. На гэтыя ўчасткі ўжо не трэба было накіроўваць на падбор камянёў людзей, тэхніку. Бульбы тады ў “Пераможцы” садзілі не так і мала – дзевяноста гектараў.

Па першым часе для перамяшчэння па гаспадарцы, аператыўнага вырашэння вытворчых пытанняў Іосіфу Францавічу выдзелілі матацыкл “Мінск”, у якім працавала толькі трэцяя перадача. Для таго, каб крануцца з месца, патрабаваўся добры разгон. Зразумела, на такім транспарце не вельмі паездзіш, хаця Тарасёнак і стараўся. Пазней у яго руках аказалася больш надзейная тэхніка – бензавоз на базе аўтамабіля “ГАЗ-51”. На ім ужо можна было і па запчасткі з’ездзіць, і трактары з камбайнамі ў полі саляркай заправіць.

У гаспадарцы працавала нямала дбайных механізатараў, вадзіцеляў. Надоўга запомніліся Іосіфу Францавічу шчырасцю, майстэрствам і хлебаробскай самаадданасцю той жа Мітрафан Чарняўскі, Аляксей Варабей, Іван Мацкевіч, Вячаслаў Купрэвіч, Казімір Багуцкі, брыгадзір Віктар Чарняўскі і многія іншыя. Дбайны трактарыст Канстанцін Роўда меў за высокія вытворчыя паказчыкі на тэхніцы ордэн “Знак Пашаны”. Яго калегу Пятра Місуну ўрад адзначыў ордэнам Працоўнай Славы III ступені, а Аляксею Шаранговічу крыху пазней уручылі яшчэ больш высокую ўзнагароду – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Добра ці не, але і раённае начальства калгаса “Пераможац” не мінала. Па ўсёй бачнасці, давала пра сябе ведаць блізкасць да Мядзела. Наведваліся не толькі з упраўлення сельскай гаспадаркі, але і першыя сакратары райкама партыі. Спачатку – Сямён Роўда, а пасля яго змяніў на гэтай пасадзе Анатоль Ярошык. Прыедуць, пацікавяцца, ці ўсё ў парадку, між іншым “прамацаюць” на валоданне сітуацыяй галоўнага інжынера Тарасёнка:

• У якім урочышчы зараз старшыня праўлення Уладзімір Булыга, якія работы там выконваюцца, дзе яшчэ працуе тэхніка, што паламалася і калі адрамантуеце? – успамінае Іосіф Францавіч. – Такія пытанні мяне “ў тупік” не ставілі, бо заўсёды імкнуўся быць у курсе калгасных спраў. Дадам і наступнае: вялікім аўтарытэтам тады на месцах карысталіся не толькі першыя сакратары, але і старшыні райвыканкама Васіль Дубовік, Васіль Заранок, сакратары райкама партыі Сямён Каралёнак, Уладзімір Кузьмін. Што датычыцца Сямёна Сямёнавіча, то, лічу, такога прыземленага і чалавечнага кіраўніка ў нашым раёне больш не было. Ён напералік ведаў не толькі ўсіх галоўных спецыялістаў Мядзельшчыны, але і сярэдняга звяна, прыглядаўся да моладзі. І калі чалавек добра сябе праяўляў на даручаным участку работы, заўзята спрыяў яго кар’ернаму росту.

Вось і намаганні Іосіфа Тарасёнка, добрыя справы не засталіся незаўважанымі. Не мінула і чатырох год, як яго накіравалі ў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі на курсы кіруючых кадраў. Меркавалася, што павучыцца там паўгода, аднак адклікалі раней, у лютым 1977-га, запрасілі на гутарку да першага сакратара райкама партыі Анатоля Ярошыка.

• Сустрэліся з ім пазнавата вечарам, – прыгадвае Іосіф Тарасёнак, – гадзін каля дзевяці. Да гэтага спрабаваў высветліць у супрацоўнікаў райкама: што за нагода такая? Але ніхто нічога не ведаў, не адну неспакойную гадзіну правёў у чаканні. Многія са старэйшых людзей чулі, што Анатолій Сямёнавіч любіў паездзіць па гаспадарках, пабываць на фермах на ранішняй альбо вячэрняй дойцы. Карацей кажучы, прапаноўвае мне пайсці кіраўніком у калгас “Зара”. Маўляў, Вячаслаў Чабатар ужо адпрацаваў там старшынёй праўлення шаснаццаць год, просіць замяніць. Яму ў Мядзеле і пасаду падабралі.

• Толькі часу на роздум, – дадаў Анатоль Ярошык, – у цябе няма. На заўтра ў гаспадарцы намечаны агульны сход, на якім і прапануем людзям тваю кандыдатуру…
Прадстаўляць Іосіфа Францавіча сваткаўцам павёз старшыня райвыканкама Васіль Заранок. На сход вяскоўцаў сабралася багата, мясцовы клуб быў паўнюткі. Канечне, хапіла хваляванняў і Тарасёнку, але галоўнае, што людзі паверылі ў яго, дружна прагаласавалі. Так і стаў ён старшынёй праўлення калгаса “Зара” ў свае няпоўныя дваццаць шэсць год. Назаўтра зранку ўжо праводзіў у канторы сваю першую нараду. Як аказалася, гаспадарка мала чым адрознівалася ад “Пераможца”. Ні майстэрні сапраўднай, ні добрых вытворчых памяшканняў. Аднак было галоўнае – працавітыя людзі, неўзабаве з’явіліся і талковыя спецыялісты. Вялікай удачай можна лічыць прыход у гаспадарку на пасаду галоўнага агранома Тамары Чычэрынай, якая да гэтага добра сябе праявіла ў калгасе імя Чапаева. Так атрымалася, што ў раёне вырашылі яго расфарміраваць, а ўгоддзі падзяліць паміж саўгасам “Нарач” і аднайменным калгасам з цэнтрам у Чараўках. Асноўная прычына непапулярнай меры – гэты саўгас спецыялізаваўся на вытворчасці ялавічыны, на фермах стаяла каля чатырох тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, а кармоў для яе хранічна не хапала. Знайшлася справа і старшыні праўлення з Ляшчынска Віталю Дзевялтоўскаму, які адтуль трапіў на такую ж пасаду ў Дзягілі, у калгас імя Суворава.

На той час па ўраджайнасці збожжавых “Зара” ўваходзіла ў раёне ў першую пяцёрку гаспадарак. Аднак забяспечвалася гэта не высокай культурай земляробства, а тым, што засявалі амаль усе плошчы. Калі падыходзіць павярхоўна, быццам і добра. Ды толькі толкам не было дзе пасвіць кароў, для мясцовых жыхароў стала цэлай праблемай нарыхтаваць на зіму для сваёй рагулі сена. Касілі, дзе толькі маглі: уздоўж меліярацыйных каналаў, дабіраліся ўвосень нават у калгас “Пераможац” на балоцісты Высокі востраў, дзе тады яшчэ не правялі асушэнне. З іншага боку, не даводзілася гаварыць пра эфектыўнае выкарыстанне зямель. Справа ў тым, што па факту з гектара збіралі толькі 12-13 цэнтнераў збожжа.

Малады старшыня разумеў, што так доўга працягвацца не можа, бо гэта шлях у нікуды. З улікам меркавання і прапаноў галоўнага агранома, у праўленні ўзялі на ўлік усе палі, дакладна вызначылі: дзе і што лепш саджаць і сеяць, якія туды патрабуюцца ўгнаенні, увялі навукова абгрунтаваныя севазвароты. І справы паступова пайшлі на лад. Пасяўныя плошчы пад збожжавыя скарачаліся, а валавыя зборы хлеба раслі з году ў год. Прыйшоў час, калі ў Сватках іх збіралі не менш за 30 цэнтнераў з гектара, бульбы – пад 200, буракоў – 500 і морквы – 700. Усё гэта спрыяла інтэнсіўнаму развіццю жывёлагадоўлі. Нават пазней, калі сюды далучылі брыгаду “Брусы” калгаса імя Леніна са свінакомплексам на 12 тысяч галоў, дзе меўся ўласны кармацэх, гаспадарцы не ставала ўсяго 1000 – 1200 тон збожжавых, каб цалкам забяспечыць у іх свае гадавыя патрэбы. Уласных фінансаў у гаспадарцы хапала, чысты прыбытак дасягаў двух мільёнаў рублёў (для тых жа 1985-1986 гадоў – “шалёныя” грошы), таму закуплялі для гадоўлі жывёлы ўсё, што патрабавалася. У прыватнасці, марожаную рыбу для свіней бралі ў Мурманску вагонамі. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе пагалоўя складалі на комплексе 560 – 600 грамаў. Адсюль, і хуткае нарошчванне вытворчасці мяса, якое наблізілася да паўтары тысячы тон! З гэтакімі паказчыкамі калгас быў на другім месцы ў вобласці.

Зразумелая справа, шматлікія фермы гаспадаркі патрабавалі добрай кармавой базы. У яе ўмацаванні вялікую ролю адыграла галоўны аграном Тамара Чачэрына. Як і ў павышэнні культуры земляробства, вывадзе раслінаводства на якасна новы ўзровень развіцця. Лепш за слоў наконт яе адметнага прафесіяналізму сведчыць той факт, што некалькі пазней за сваю працу Тамара Іванаўна была адзначана ўрадам ордэнам “Знак Пашаны”. Пасавалі ёй па сваёй рупнасці за даручаную справу і галоўны эканаміст калгаса Аліна Скурко, галоўны бухгалтар Яніна Ясюкевіч, якая лічыла кожную капейку. У гаспадарцы тады вельмі шмат будавалі самых розных аб’ектаў: кароўнікі і цялятнікі, жылыя дамы, узвялі дыхтоўную механічную майстэрню з гаражамі для дарагой тэхнікі. А побач з ёй – фінскую лазню для механізатараў з басейнам, більярдам і камінам, дзе можна было з карысцю правесці вольны час альбо адзначыць нейкую ўрачыстасць. Гэтакіх майстэрань нават па ўсёй Міншчыне мелася няшмат.

Пацвярджэннем можа быць тое, што яна выходзіла пераможцам і ў абласным, і ў рэспубліканскім конкурсах. А ў якасці “прызоў” за першыя месцы гаспадарка атрымала два новыя “УАЗікі”, прымала семінары па распаўсюджанні перадавога вопыту. Раз будавалі многа, то, лічыце, не пераводзіліся там і рэвізіі. Здаралася, вяскоўцы жартавалі напярэдадні чарговай з іх: “Ну, усё, Тарасёнак з Ясюкевіч могуць сушыць сухары…” Аднак рэвізія заканчвалася, ніякай “крамолы” не выяўлялася, усе ўздыхалі з палёгкай: можна спакойна працаваць далей.

• Моцна нам даліся ў знакі старэнькія фермы, – распавядае Іосіф Тарасёнак. – Варта было ціскануць марозу, як усё замярзала, шкада было глядзець на жывёлу. Таму вялікай справай лічылі ўзвядзенне ў Даўжанях новага цялятніка на пяцьсот галоў. Дарэчы аказаўся і комплекс у Брусах, бо гэта дазволіла свіней з фермы “Рудзевічы” перакінуць туды, а памяшканні пераабсталяваць пад утрыманне буйной рагатай жывёлы. Не пустуюць яны і зараз. Запомніліся мне там сваёй працавітасцю бацькі цяперашняга кіраўніка таварыства “Сваткі” Мікалая Вараб’я. Маці Галіна даглядала на свінаферме матачнае пагалоўе, а бацька Васіль забяспечваў работу кармакухні. Усё сваё жыццё яны сумленна адпрацавалі дзеля росквіту калгаса, як і большасць нашых вяскоўцаў. На пасадзе галоўнага заатэхніка ў нас тады добра сябе праявіў Вячаслаў Лукашэвіч, ветурача – Мікалай Шашура. Свінакомплексам умела кіраваў Сяргей Рак. Галоўным інжынерам быў Пётр Чарняўскі, а калі яго ўзялі на павышэнне ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі, – Пётр Блізнюк. Адзначу, што Пётр Пятровіч дасканала разбіраўся ў тэхніцы, добра ведаў людзей, палі, дапамагаў праўленню вырашаць многія пытанні і праблемы. Яго рупнасць была адзначана высокай урадавай узнагародай – ордэнам Працоўнай Славы III ступені. Моцна перажываў за калгасны дабрабыт і Васіль Місуна, шчырай душы чалавек. Васіль Васільевіч працяглы час узначальваў партыйны камітэт, потым – прафсаюзны, заставаўся заўсёды на быстрыні падзей, не пасаваў перад цяжкасцямі, якія паўставалі, умеў згуртаваць і павесці людзей на стваральныя справы. Шмат у нас мелася і моладзі, камсамольская арганізацыя налічвала 80 юнакоў і дзяўчат.

Вялікую ролю ў дбайным вырашэнні паўсядзённых вытворчых пытанняў адыгрывалі спецыялісты сярэдняга звяна – брыгадзіры паляводчых брыгад і загадчыкі ферм. Па меркаванні Іосіфа Тарасёнка, менавіта яны закладвалі на месцах падмурак агульнаму поспеху. Погалас пра добрыя справы многіх з іх, як, у прыватнасці, Галіну Губскую – кавалера ордэна Працоўнай Славы III ступені – разносіўся далёка за межы калгаса, раёна. Не адставалі ад яе і многія іншыя: Соф’я Калбун, Яўген Малевіч, Мікалай Чарняўскі, Міхаіл Бабровіч, Уладзімір Скурко, Антаніна Лашчынская, Уладзіміра Качарго, Ніна Скурко, Любоў Валюк, Алена Лазар.

— У механізатарскай сям’і, – запэўнівае Іосіф Францавіч, – не было роўных Баляславу Кулакоўскаму. Гэта ён змог вярнуць у строй Т-150, які “ўтапілі” па нядбайнасці ў меліярацыйным канале. А потым перарабіў на ім мноства самых розных і патрэбных у гаспадарцы работ. Пазней, калі набылі новы “Кіравец”, замацавалі яго за Баляславам Баляслававічам. Адметнасць гэтага руплівага хлебароба ў тым, што яму не патрабаваліся ніякія кантралёры. Атрымае заданне – і зробіць ад душы, як мае быць. Прытым, пакуль не выканае, поле не пакіне. Не выпадкова ж, першы калгасны дом, які пабудавалі пры мне на пагорку ў Сватках з відам на Вузлянку, выдзелілі Баляславу Кулакоўскаму. Ён і ордэн “Знак Пашаны” за сваю самаадданую працу меў. Неяк у канторы галоўны бухгалтар Яніна Ясюкевіч эмацыянальна так кажа мне:
— Францавіч, у Баляслава Кулакоўскага заработная плата большая, чым у Вас, старшыні праўлення калгаса!
— Іванаўна, – адказваю ёй, – трэба радавацца, што ў нас простыя людзі зарабляюць больш, чым мы – начальнікі…

Нічога не скажаш, руплівых вяскоўцаў тады ў калгасе шанавалі і заахвочвалі высокімі заробкамі, урадавымі ўзнагародамі. У святы ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга зіхацелі на грудзях брыгадзіраў Мікалая Прохаравіча Чарняўскага, Міхаіла Кайко, Уладзіміра Скурко, цялятніцы Валянціны Чараповіч, вадзіцеля Уладзіміра Кайко, “Знак Пашаны” – механізатара Івана Малько, даяркі Васіліны Роўды, цялятніцы Таццяны Шчуцкай, звеннявога Віктара Шабана, калгаснікаў Мікалая Якаўлевіча Чарняўскага, Уладзіміра Хацяновіча, Ніны Скурко, Працоўнай Славы III ступені – Раісы Несцяровіч, Генрыха Крупскага і Алега Кундры… У жывёлагадоўлі прызнанымі майстрамі сваёй справы лічыліся даяркі Яніна Калбун і Таццяна Малько, якія пастаянна хадзілі ў перадавіках. І па сёння жыве легенда, што каб лепш накарміць кароў сваёй групы і надаіць пабольш малака, яны маглі раніцай “прыхапіць” з уласнай паветкі добрую вязку сена…

Пры падвядзенні ў раёне вынікаў работы за год, большасць пераходных Чырвоных сцягоў прысуджалі калгасу “Зара”: за найлепшую пастаноўку работы па вытворчасці мяса, высокую ўраджайнасць збожжавых, льну, бульбы. Канечне, гэта не магло заставацца незаўважаным “у вярхах”. Спачатку Іосіфу Тарасёнку, а першым сакратаром райкама партыі тады быў Барыс Путрык, яму прапаноўвалі пасаду начальніка раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Шчыра кажучы, ісці некуды з калгаса Іосіфу Францавічу не хацелася. Справы ў Сватках ладзіліся, у яго меліся людская павага і аўтарытэт. Чаго, трэба запытацца, нестае. Як у народзе кажуць: разумны ад дабра дабра не шукае. Вось і Тарасёнак ад прапановы пайсці на больш высокую пасаду тактоўна адмаўляўся. Калі ж Барыса Путрыка змяніў Пётр Бладыка, сітуацыя змянілася. Пасаду прапанавалі ўжо іншую – старшыні раённага выканаўчага камітэта, і папярэдзілі, што пярэчанні не прымаюцца: калі што, то партыя знойдзе магчымасць паставіць любога на месца. Пры гэтакай пастаноўцы пытання не вельмі пакачаеш правы, таму, хаця і з болем у сэрцы, давялося здаваць справы і перабірацца на новае месца працы. Не пакідаў Іосіф Францавіч надзеі гады праз тры вярнуцца ў гаспадарку. Разумеў, што для далейшага развіцця калгаса неабходна думаць пра перапрацоўку: не адгружаць спажыўцам усё сыравінай, а рабіць на месцы якасныя прадукты харчавання і самім зарабляць на гэтым добрую капейчыну. Канечне, па тым часе зманціраваць невялікія цэхі па перапрацоўцы малака ці мяса было не проста, патрабаваліся сувязі, а новая пасада якраз спрыяла іх устанаўленню. На жаль, з вяртаннем у калгас, хаця захады і прымаліся, у Тарасёнка не атрымалася. Затое яго ідэю з перапрацоўкай прадукцыі на месцы першым у раёне ўкараніў на практыцы дырэктар птушкафабрыкі “Зара камунізму” Ігар Баслык. Многія на Мядзельшчыне памятаюць, якія смачныя там выраблялі каўбасы, маянэз па, як зараз модна казаць, прымальных для людзей цэнах!..

Не адразу, аднак неўзабаве пачалі наладжвацца справы ў новага старшыні і ў райвыканкаме.
— На першым часе вялікую дапамогу і падтрымку мне, – з удзячнасцю ўспамінае Іосіф Тарасёнак, – аказаў Сямён Каралёнак. – Слушныя парады Сямёна Сямёнавіча, яго зацікаўленае суперажыванне аказаліся вельмі дарэчы. Добра разумеў, што ў адзіночку ўвесь раён не ахопіш, патрабаваўся калектыў аднадумцаў, які працуе на стварэнне. Такую каманду ўдалося згуртаваць. Па вялікім рахунку, ніколі не падводзілі мае намеснікі. Будаўніцтва вёў Віктар Звяруга, эканоміку – Яніна Зарэцкая, сацыяльную сферу – Іван Шаранговіч. Ведаў сваю справу і начальнік раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі Павел Зубкевіч, а пасля яго – Уладзімір Валасевіч. Той жа Віктар Міхайлавіч нямала памясіў гразі ў рыбацкіх ботах пакуль не правялі ў цэнтральнай кацельні Мядзела грунтоўную рэканструкцыю. Мне казаў пры сустрэчы на гэтым аб’екце: “Іосіф Францавіч, не хвалюйцеся і не перашкаджайце нам працаваць. Усё зробім найлепшым чынам”. Яно як было? Цеплілі кацельню торфа-брыкетам, вугалем – не натапіцца. У многім таму, што цеплатраса ішла пад зямлёй па балоцістай мясціне, узімку над ёй толькі пара стаяла, а ў кватэрах гараджан – холад. Нямала людзей прыходзіла на прыём, прасілі прыняць меры. Адрэагавалі. Праўда, год тады выдаўся дажджлівы, як і мінулы. Тым не менш, цеплатрасу вынеслі з балота, кацельню перавялі на мазуту, паставілі новую трубу. Зламыснікі, у жыцці не без іх, злараднічалі: “Вось пабачыце, нічога добрага ў гэтай улады не атрымаецца. Труба, кажуць, ужо нахілілася, хутка рухне, цяпла ў кватэрах не будзе, рыхтуйцеся ставіць буржуйкі…” Аднак пустыя размовы клікуш так і засталіся плёткамі, затое скаргі людзей на холад у дамах сышлі на нішто.

• Тады, калі ехалі ў Мінск, то не проста прымаў удзел у нейкім мерапрыемстве, на якое выклікалі, – расказвае Іосіф Тарасёнак. – Больш важна было вырашыць для раёна якое-небудзь злабадзённае пытанне. А іх хапала! Таму і даводзілася хадзіць па розных кабінетах, шукаць падтрымкі. Мы яе знаходзілі ў старшыні аблвыканкама Альфонса Цішкевіча, яго намеснікаў па будаўніцтве Васіля Майко і па сацыяльных пытаннях Вольгі Даргель, начальніка фінансавага ўпраўлення Паўла Зайцава, старшыні аблсельгасхарчу Уладзіміра Радзевіча. Так, Уладзімір Піліпавіч паспрыяў таму, каб Мядзельшчыну аднеслі да трэцяй групы раёнаў. Гэта дазваляла пры меншых аб’ёмах вытворчасці реалізоўваць прадукцыю з гаспадарак па больш высокіх цэнах, што спрыяла ўмацаванню іх эканомік.

• Самым жа вялікім дасягненнем тых гадоў, – працягвае Іосіф Францавіч, – можна лічыць даволі паспяховую барацьбу з бездарожжам. У азёрным краі аб’явілі пяцігодку па ўкладцы сучасных бальшакоў, на яго працавалі ўсе бліжэйшыя навакольныя асфальтавыя заводы. Варта сказаць, што ад нас практычна “не вылазіў” і начальнік аб’яднання “Мінскаблдарбуд” Пётр Гаварко, будучы заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь. Значнай падзеяй стала тое, што “ДРБУ-133” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Дубягі запусціла ў работу першы на Мядзельшчыне ўласны асфальтавы завод у Княгініне, там жа ўзвялі і бітумасховішча, якія і зараз у страі. Агульныя намаганні не прапалі дарэмна – у раёне з’явілася разгалінаваная сетка добрых асфальтавых дарог, лепшая нават, чым мелася ў суседніх Вілейшчыне, Пастаўшчыне.
І не толькі дарог. Дзякуючы таму, што за кароткі тэрмін на Мядзельшчыне ўзвялі больш за сотню “клюшачнікаў”, а з водаахоўнай зоны возера Нарач павыносілі старыя фермы, на якасна новы ўзровень развіцця выйшла жывёлагадоўля. У 1992 годзе разбор абласной формы № 24 праводзіўся ў азёрным краі. Многія з прадстаўнікоў раёнаў, у прыватнасці, з Нясвіжскага, Клецкага, Салігорскага, якія даўнавата бывалі тут, казалі з адценнем зайздрасці: “Дык у іх жа фермы лепшыя, чым у нас!”

Разам з глабальнымі даводзілася займацца і больш дробнымі, але не менш важнымі для людзей праблемамі. Калі закрывалі могілкі побач з аўтавакзалам у Мядзеле, паўстала пытанне: дзе адкрыць новыя? З улікам водаахоўнай зоны эколагі прапаноўвалі пляцоўку пад іх ажно пад Альсевічамі. Там нават лес пачалі ўжо выразаць. Хто ад такой далечыні будзе ў захапленні?! Больш за тое, мясціна там, як пераканаўся на ўласныя вочы Іосіф Тарасёнак, аказалася нізіннай і пераўвільготненай. На месцы такое пытанне не вырашыш, паехалі са сваім тагачасным намеснікам па курорце Сямёнам Каралёнкам у аблвыканкам, Саўмін. Канчатковую кропку ў гэтай справе дапамог паставіць старшыня аблвыканкама Альфонс Цішкевіч, які часта наведваўся ў раён. І калі бачыў, што патрабуецца яго ўмяшанне, ніколі не заставаўся ўбаку. А новыя могілкі тады адкрылі ў маляўнічым месцы на пясчаным пагорку ў акружэнні соснаў побач з райцэнтрам, непадалёку ад дарогі Мядзел – Лук’янавічы…

Безумоўна, прагрэсіўнае развіццё раёна было б немагчыма без добрых кадраў. Што б мы там ні казалі, аднак яны ва ўсе часы вырашалі поспех справы. На вёсцы вялікімі знаўцамі хлебаробскай справы, умелымі і чулымі кіраўнікамі праявілі сябе ў калгасах імя Жданава Расціслаў Багуцкі, “Шлях да камунізму” – Антон Стома, імя Кірава – Андрэй Малько, саўгасах “Нарач” – Станіслаў Жабко, “Будслаўскі” – Мар’ян Вайнілка. А ўспомніце “17 верасня”! Гэта гаспадарка не хадзіла ў перадавіках. Аднак нават пасля развалу Савецкага Саюза старшыня праўлення Георгій Гердзей так ашчадна і з толкам вёў вытворчасць, што атрыманая выручка дазваляла, у адрозненне ад многіх іншых, своечасова разлічвацца з людзьмі па заробках, па падатках. У прамысловасці многаму можна было павучыцца ў дырэктара рыбакамбіната “Нарач” Валерыя Юганава. Яго брыгады штогод вылоўлівалі ў навакольных азёрах да 600 тон рыбы. Лічыце, бясплатная сыравіна. А якая смачная была прадукцыя! Завод выпускаў яе 2400 тон. Канечне, пад такія аб’ёмы ўласнай сыравіны не хапала, таму шмат якаснай рыбы закуплялі ў Мурманску. Гатовыя рыбныя кансервы ўмомант разыходзіліся па ўсім Савецкім Саюзе, іх адпраўлялі на экспарт. Карысць ад гэтага была вялікая і людзям, і раёну, бо яго бюджэт на цэлых 8 працэнтаў фарміраваўся за кошт рыбакамбіната.

• Мне неяк давялося патрапіць у складзе турыстычнай групы ў Чэхаславакію, – прыгадвае Іосіф Тарасёнак. – Бачым, у прадуктовым магазіне ў Празе прадаюць кансервы нашага завода: “Карп у таматнай заліўцы”, “Вугор у жэле”. Шчыра тады падзівіліся, і ў той жа час узяў гонар, што нашу прадукцыю ведаюць нават у Еўропе!
На курорце яркі след пакінуў дырэктар санаторыя “Белая Русь” Васіль Мардвінаў, які пачынаў сваю працу з выбару ўчастка пад гэту здраўніцу. І ўсё ў Васіля Васільевіча атрымалася цудоўна. Дзякуючы яго намаганням, на Нарачы паўстаў у акружэнні соснаў яшчэ адзін прывабны санаторый, які карыстаўся вялікім попытам у адпачываючых. Добрае ўражанне ў Іосіфа Тарасёнка засталося і ад сумеснай працы з Уладзімірам Сяржантам. Гэтага ўрача, ураджэнца Крывічоў, на Мядзельшчыне ведалі добра. Адзін час ён загадваў бальніцай у Свіры, потым – цэнтральнай раённай. Пры ім у аддаленым гарадскім пасёлку медыцынскае абслугоўванне насельніцтва пайшло ўгару, а ў горадзе нарэшце-такі змаглі завяршыць доўгабуд – сяміпавярховую паліклініку.

• Многія тады дзівіліся, – заўважыў у гутарцы Іосіф Францавіч, – навошта Мядзелю сяміпавярховая паліклініка? Усе сумненні развеяў час! Яна і сёння запатрабавана, служыць людзям. Каму ад гэтага горай? Не будзем скідваць з вагаў і тое, што нават зараз далёка не ва ўсіх раёнах ёсць такога ўзроўню паліклінікі. Уладзімір Францавіч парадаваў і на сваёй цяперашняй пасадзе – дырэктара санаторыя “Спадарожнік”, змог адрадзіць гэту занядбаную некалі здраўніцу, вывесці яе ў лік яўных лідараў на Нарачанскім узбярэжжы.

З іншых сфер народнай гаспадаркі запомніліся добрымі справамі дырэктары раённага аб’яднання “Сельгасхімія” Аляксей Шалапугін і лясгаса – Уладзімір Шошын, загадчыкі раённых аддзелаў адукацыі Іван Якімец і культуры – Уладзімір Казакевіч і многія многія іншыя. Для некаторых кадраў Мядзельшчына стала стартавай пляцоўкай да высокіх пасад рэспубліканскага ўзроўню. У прыватнасці, начальнік раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі Леанід Русак стаў праз пэўны час міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь…

Мноства праблем “на галаву” мясцовай улады напрыкочвалася з распадам Савецкага Саюза. Быў даволі працяглы перыяд, калі ўсе жылі самі па сабе: рэспубліка, вобласці, раёны. Востра паўставалі пытанні з фінансаваннем, выплатай людзям заробкаў. Што ўтойваць, прыходзілі некаторыя кіраўнікі за дапамогай і да старшыні райвыканкама Іосіфа Тарасёнка. І пайшоў бы ім насустрач, ды бюджэт пусты! Адзін з такіх “візітаў” прыгадваецца Іосіфу Францавічу і цяпер. У кабінет завітаў кіраўнік неблагога ўвогуле калгаса. Ды не ў гэтым справа, а ў тым, што ў таго не хапала грошай на выплату вяскоўцам зарплаты, хаця і славіўся як чалавек ашчадны. Іосіф Тарасёнак патлумачыў сітуацыю, аднак настойлівы наведвальнік не сунімаўся:

• Ну, дайце мне хоць што-небудзь!
• Зразумей, няма мне з чаго даць. Вунь, ля сцяны стаяць крэслы, калі табе палягчэе, можаш парачку ўзяць.

І што вы думаеце, госць прыхапіў у кожную руку па крэслу, толькі яго і бачылі! Іосіфу Францавічу падумалася, што пакіне мэблю недзе на калідоры. Але, калі зірнуў у акно, то ўбачыў з другога паверха, як наведвальнік шпарка накіроўваецца праз плошчу Шаранговіча да сваёй машыны з крэсламі ў руках… Дзякуй Богу, тая няпростая пара паступова адышла ў гісторыю. У памятную першую суботу лістапада 1995 года раён наведаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, сустрэўся з актывам азёрнага краю ў піянерлагеры “Зубраня”. Візіт Кіраўніка дзяржавы прадыктоўваўся спецыфічнасцю Мядзельшчыны, якая выдзяляецца на карце Рэспублікі Беларусь як курортны азёрны край, а таксама вывучэннем на месцы работы прэзідэнцкай вертыкалі. Меў слова і Іосіф Тарасёнак. Ён падкрэсліў, што наяўнасць у рэгіёне курортнай зоны – гэта не толькі наш гонар, але і галаўны боль. Для яе сапраўднага развіцця не абысціся без кардынальных мер па перапрафіляванні сельскай гаспадаркі, прамысловасці і сферы абслугоўвання… Нямала з тых прапаноў Іосіфа Францавіча знайшлі падтрымку на самым высокім узроўні і ў тым ці іншым варыянце ўжо ажыццёўлены. Відавочны былі зрухі да лепшага і ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. Бадай, нельга аспрэчваць і таго, што месцамі на вытворчасці хапала яшчэ хібаў, хаця справы ў раёне ішлі ў цэлым не горш, чым у іншых. Вось на гэтыя хібы ў майстэрнях калгасаў “Шлях Ільіча”, імя Кірава і звярнулі ўвагу супрацоўнікі дзяржкантролю. Недзе выявілі прамаруджванне з рамонтам тэхнікі, дзесьці ўбачылі разбітае шкло, непарадак і бруд… Быццам і меліся тыя, хто па доўгу службы абавязаны быў за ўсё гэта адказваць і на месцах, і ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, аднак па факце крайнім аказаўся старшыня райвыканкама. Давялося Іосіфу Тарасёнку шукаць іншае месца працы.

На мой погляд, з улікам неадназначнасці сітуацыі, Іосіфа Францавіча нават са складу раённага выканаўчага камітэта не выводзілі. А тут яму і прапанова слушная падаспела: узначаліць раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. І на гэтай пасадзе Іосіф Тарасёнак адзначыўся ладнымі набыткамі. З улікам таго, што ў інспекцыі меліся значныя фінансавыя сродкі на экалагічныя і прыродаахоўныя мерапрыемствы, змог дапамагчы кіраўніцтву многіх гаспадарак з пабудовай гноесховішчаў, асучасваннем машынных двароў, вывазкай на палі арганікі.

Адчувальную падтрымку мелі і Нарацкая сярэдняя школа №2, суседні з ёй дзіцячы садок у курортным пасёлку, дзе акцэнт зрабілі на экалагічнае выхаванне хлопчыкаў і дзяўчынак. У гэтым напрамку працавала і адзіная ў вобласці раённая дзіцячая бібліятэка-экалагічны цэнтр. Зноў жа, Іосіф Францавіч паклапаціўся, каб ён меў багаты кніжны фонд і атрымліваў шырокі спектр газет і часопісаў прыродазнаўчага характару.
Ніколькі не памылюся, калі скажу, што самым галоўным набыткам тае пары з’явілася правядзенне на Мядзельшчыне па ініцыятыве губернатара Міншчыны Мікалая Дамашкевіча IV Рэспубліканскага экалагічнага форуму. Гэту ідэю падтрымаў і тагачасны старшыня райвыканкама Іван Муха. Мядзел на некалькі месяцаў ператварыўся ў вялікую будаўнічую пляцоўку. Можна лічыць заканамерным, што асноўны цяжар адказнасці за падрыхтоўку да грандыёзнага мерапрыемства лёг на плечы Іосіфа Тарасёнка. Хвалявання дадавала тое, што Мядзел яго прымаў пасля старадаўняга Полацка, дзе сапраўды ёсць што паказаць, чаму падзівіцца. А ў нас?!

Давялося сур’ёзна варушыцца, пераймаць вопыт там, дзе раней праводзіўся экалагічны форум – у Оршы, Горках, Полацку. У горадзе пачалі ўкладваць тратуарную плітку, карэнным чынам абнаўляць плошчу Леніна, на вуліцы 17 верасня патынкавалі і пафарбавалі дамы, пазносілі дапатопныя хлеўчукі. Прыводзіліся ў парадак вуліцы, разбіваліся новыя скверы, клумбы і альпійскія горкі. На беразе Мястра з’явіўся амфітэатр, добраўпарадкаваны пляж. З апошнім, у прыватнасці, моцна дапамог старшыня рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Анатоль Голуб. Між іншым, на гэта таксама спатрэбілася значная сума – па тых грашах 300 мільёнаў рублёў. Вялізны ўклад у падрыхтоўку горада да форуму зрабілі працоўныя калектывы арганізацый і прадпрыемстваў, навучальных устаноў, жыхары, а таксама будаўнікі з іншых рэгіёнаў вобласці. Агульнымі намаганнямі горад удалося ператварыць у прыгажуна. Цяжка пераацаніць у гэтым і заслугу намесніка старшыні аблвыканкама Анатолія Мірчука, старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віталія Сіліна, яго дбайнай намесніцы Ганны Валажынскай…
Завяршаючым запісам у працоўнай кніжцы Іосіфа Тарасёнка стала прызначэнне яго на пасаду старшыні Нарацкага сельскага выканкама. Ніхто не скажа, што прыйшоў ён туды на ўсё гатовенькае. Будынак, дзе месцілася мясцовая ўлада, аказаўся моцна занядбаным. Як і цэнтральная плошча самай вялікай у раёне вёсцы, якая да 1964 года называлася Кабыльнік, а свой багаты летапіс вядзе з XV стагоддзя. Па сваім гістарычным статусе і з улікам таго, што праз яе праходзіць дарога на Вільнюс, па якой едзе нямала замежнікаў, населены пункт патрабаваў зусім іншага выгляду. Новаму старшыні трэба было з нечага пачынаць. Ды і тутэйшы люд чакаў: “А што з яго будзе, у чым сябе праявіць?”

• На першых кроках у Нарачы парадавала тое, – ажыўляецца Іосіф Францавіч, – што ў сельскім выканкаме падабраўся добры калектыў супрацоўнікаў: Людміла Аблам, Вячаслаў Жук, Ірына Лапцік, Алена Місуна… Адказныя ў рабоце, на кожнага можна паспадзявацца. А пачынаць вырашылі з навядзення ў вёсцы парадку, арганізоўвалі суботнікі. Дапамог у гэтай добрай справе і ксёндз Бярнард. Затым узяліся за грунтоўную рэканструкцыю будынка сельвыканкама, абуладкаванне перад ім тэрыторыі. Практычна ўсё, каб было танней, рабілі гаспадарчым спосабам.

• А дзе бралі на гэта грошы?

• Своеасаблівым “стартавым капіталам” паслужыў доўг жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў 40 мільёнаў рублёў. Паралельна фарміравалі зямельныя ўчасткі пад індывідуальнае будаўніцтва дамоў і прадавалі іх усім жадаючым з аўкцыёнаў. Работы выконвалі прадпрыемства меліярацыйных сістэм, жыллёва-камунальная гаспадарка, адна прыстойная сталічная фірма.

Адметным ва ўсім гэтым можна лічыць і тое, што ў будынку сельскага выканкама змаглі зрабіць цудоўную залу для рэгістрацыі шлюбаў, самую лепшую ў раёне. Многія маладыя прыязджалі сюды на ўрачыстую цырымонію нават з Мінска. Былі гады, калі ў гэтай зале заключалася больш за сотню шлюбаў. Аднак самай галоўнай сваёй справай у Нарачы Іосіф Тарасёнак лічыць яе газіфікацыю:

• Вёска вялікая: 2,5 тысячы жыхароў, 1200 дамоў. Пры разглядзе гэтага пытання людзі выказвалі самыя розныя меркаванні. Былі і такія, што схілялі да неабходнасці стварэння трох розных таварыстваў. Прытым, прымалі да “праціскання” сваёй пазіцыі даволі сур’ёзныя захады. Я выступіў катэгарычна супраць: таварыства павінна быць адно на ўсю Нарач! З чаго зыходзіў? Ды з таго, што ў кааператывы ўвойдуць розныя вяскоўцы, з рознымі магчымасцямі. Значыць, адны хутка правядуць у дамы газ, а ў другіх гэта можа і за пяцігодку не атрымацца. Мы змаглі ад падрыхтоўкі дакументацыі да пуску газу ўкласціся ў два гады і тры месяцы. Праўда, для гэтага нам давялося добра “пакруціцца”. Апрача таго, за кошт сэканомленых на выкананні работ грошай змаглі заасфальтаваць цэнтр вёскі і вуліцы Лясную, Піянерскую. З прыходам газу ў Нарач, яна стала цывілізаванай вёскай…

Сёння Іосіф Францавіч ужо на заслужаным адпачынку. Аднак жыва цікавіцца справамі ў раёне, мясцовай гаспадарцы. Здараецца, падсаджваецца ў машыну да яе дырэктара Мікалая Вараб’я і едуць па палях, фермах. Калі што не так, Іосіф Тарасёнак па-сяброўску падкажа. І Мікалай Васільевіч прыслухоўваецца, бо ведае, што гэты чалавек кепскага ніколі не параіць.

• Людзі бачаць, – робіць акцэнт старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка, – што Іосіф Францавіч Тарасёнак усё сваё жыццё прысвяціў Мядзельшчыне, яе развіццю і ўдзячны яму за гэта. За што б ні браўся, заўсёды выконваў ад душы. А яшчэ Іосіфа Францавіча вызначаюць сціпласць, прыстойнасць, ад яго шчодра зыходзяць цеплыня і клопат, упэўненасць і надзейнасць. Мабыць таму з ім заўсёды было лёгка і цудоўна працаваць…

• Вельмі парадаваўся, калі адкрыў чарговы нумар “Нарачанскай зары” і прачытаў пра тое, што Іосіфу Тарасёнку прысвоена званне Ганаровы грамадзянін раёна, – дзеліцца мядзяльчанін Віктар Звяруга. – Якое правільнае рашэнне! Мне пашчасціла ў жыцці сустрэцца і папрацаваць з гэтым чалавекам – паважлівым, дабрадушным. Моцна рады за яго!

Варта яшчэ дадаць, што сэрца Іосіфа Францавіча цешаць дзеці, унукі, якіх чацвёра. Старэйшы Дзіма ўжо на трэцім курсе ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Вучыцца і, што пахвальна, працуе ў адной з фірмаў, мае прыстойны заробак. Са сваёй першай зарплаты, хаця пра гэта яму ніхто не казаў, купіў для ўсіх блізкіх па падарунку, чым моцна іх парадаваў. Максім таксама вучыцца на другім курсе тэхнічнага ўніверсітэта на інжынера. Віталій – гімназіст, сёлета заканчвае музычную школу, добра ўмее іграць на баяне. Зразумелая справа, на ўсіх сямейных урачыстасцях ён у самым цэнтры ўвагі. А самы малодшы Арцёмка ў верасні збіраецца пайсці ў першы клас…

— Цяпер мне не сорамна жыць у Сватках, – заключае Іосіф Францавіч. – Мясцовае таварыства пад кіраўніцтвам Мікалая Вараб’я развіваецца на добры прыклад многім іншым. Ёсць цудоўныя набыткі ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі. Глядзіш – і сэрца радуецца! Гэта не тое, што некалі раней ледзь “не дабілі” гаспадарку, збіралі па 10 цэнтнераў збожжавых з гектара. Душа, прызнаюся, моцна тады балела. Мяркую, да такога развалу больш ніколі не дойдзе, а зацікаўленая, стваральная праца прывядзе наш край да росквіту і дабрабыту…

Павел Жукаў, 2018 год.