Літаратурна-музычная вечарына з паэтам Станіславам Валодькам прайшла ў Мядзеле

247

resize-of-rotation-of-s6302417Літаратурна-музычная вечарына пад такой назвай прайшла ў мінулую нядзелю ў гарадскім Доме культуры. Падрыхтавалі яе  работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. Сустрэча прысвячалася творчасці паэта, члена саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзькі. Нарадзіўся ён на Астравеччыне ў вёсцы Падольцы, якая ў той час уваходзіла ў склад Свірскага раёна. І хоць жыве зараз у Даўгаўпілсе, не парывае сувязі з землякамі.

На рахунку Станіслава Віктараві­ча нямала выдадзеных кніг, дзе тэма роднага краю, якому шчыра аддае свой зямны паклон, бадай, адна з галоўных. З ахвотай  піша ён і для дзяцей, у тым ліку казкі складае. Акрамя гэтага, на словы С. В. Валодзькі беларускімі кампазітарамі складзена нямала песень. Шмат іх (як на патрыятычную тэму, так і лірычных, жартоўных) прагучала са сцэны гарадскога Дома культуры ў выкананні самадзейных артыстаў з Даўгаў­піл­са і Браслава. А выхаванцы Дома дзіцячай творчасці падрыхтавалі інсцэніроўку адной з казак.

Вядучыя расказалі пра творчы і жыццёвы шлях паэта, у выкананні мясцовых чытальнікаў прагучалі яго вершы. Прачытаў са сцэны свае  творы і сам Станіслаў Віктаравіч. За­пом­ніўся такі шчым­лі­ва-кранальны радок, адрасаваны дарагім сэрцу мяс­ці­­-
нам: «І найдаўжэй зязюлька тут кукуе…». Ці вось гэтыя, з верша «Землякам», што вынесены ў назву вечарыны:

Зноў, зямны паклон аддаўшы дню,

Шчыра вас вітаю, як радню.

На заканчэнне вечарыны на сцэну выйшаў, каб павітаць Станіслава Віктаравіча, яго стрыечны брат Генадзь Бярнардавіч Юхно, які ўжо шмат год узначальвае сель­скагаспадарчы кааператыў «Свірскі край». А мне падумалася: кожны з іх паасобку робіць вельмі патрэбную людзям справу. Як кажуць у народзе, калі ёсць хлеб, трэба, каб было і да хлеба! І без духоўнага скарбу тут не абысціся.

Трымацца сваіх каранёў, не здраджваць той зямлі, дзе нара­дзіўся і вырас, жыць яе клопатамі і радасцямі — крэда любога сумленнага чалавека. А як для творцы — дык яшчэ і нястомна апяваць, каб данесці да нашчадкаў нашы цяперашнія справы, надзеі і мары. Бо ўсе мы, сапраўды, павінны быць як радня. Ці не так?!