Курсант Ваеннай акадэміі Дзмітрый Шыбко: Не агледзімся, як станем афіцэрамі

367

Дзмітрый ШЫБКО, курсант 4-га курса Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь:

— Заканчваў Нарацкую сярэднюю школу №2, дзе вялікая ўвага ўдзялялася патрыятычнаму выхаванню. Значны ўплыў на выбар будучай прафесіі аказаў і тата, Віктар Станіслававіч. Мы разам глядзелі фільмы ваеннай тэматыкі, абмяркоўвалі іх. З захапленнем слухаў таксама яго аповеды пра Вялікую Айчынную вайну. Дарэчы, мой прадзед па татавай лініі — непасрэдны ўдзельнік тых далёкіх падзей. І ўспаміны пра героя заўсёды выклікалі ў мяне павагу да яго і гонар.

Памятаю, як тата мне раіў паступаць у сувораўскае вучылішча, але тады не атрымалася. Затое пасля 11-га класа мая мара збылася. Першыя два курсы ў акадэміі больш вывучалі агульнаадукацыйныя прадметы, а на трэцім і чацвёртым — ваенную справу. Вучыцца падабаецца. З кожным днём усё больш пераконваюся, што армія — гэта маё. Даводзіцца шмат працаваць над сабой. Бываем і ў воінскіх часцях. У вольны час чытаю кнігі, ахвотна займаюся спортам. Уваходжу ў склад зборнай каманды акадэміі па рукапашным боі.

Не агледзімся, як станем афіцэрамі. А значыць, будзем адказваць не толькі за сябе, але і за салдат, зброю, тэхніку, што нам даверыць Радзіма. І, вядома ж, надзейна абараняць свяшчэнныя рубяжы любімай Беларусі, захоўваць мір і суверэнітэт у нашым агульным доме.