Колькі каштуе на Мядзельшчыне ялінка?

576

ГЭТА залежыць ад таго, якім чынам вырашыце яе займець. Найдаражэй навагодняе дрэўца абыдзецца браканьерам. Як расказаў вядучы інжынер па ахове і абароне лесу Нацпарка “Нарачанскі” Артур ЦАРАНКОЎ, за самавольную высечку Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае для грамадзян штраф аж да 50-ці базавых велічынь! А гэта, між іншым, 1350 рублёў. Да таго ж давядзецца кампенсаваць шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю…

За куды больш памяркоўны кошт навагодняе дрэўца можна набыць, не парушаючы заканадаўства. На Мядзельшчыне прадаваць ялінкі і сасонкі будуць з 20 па 31 снежня ў канторах лясніцтваў і на ёлачных базарах. У будныя дні — з 8:00 да 17:00, у выхадныя — з 8:00 да 13:00.

Ёлачныя базары будуць арганізаваны ў Мядзеле (вуліца Ленінская, 21 і вуліца Нарачанская, 63) і к. п. Нарач (на дзіцячай пляцоўцы па вуліцы Кастрычніцкай), Свіры (на гандлёвай пляцоўцы ля скрыжавання вуліц Савецкай і Гурыновіча) і Крывічах (вул. 17 Верасня, 8). За дрэўца вышынёй да метра трэба будзе аддаць 7 рублёў. За ялінку ці сасонку вышынёй 1,1-2 метры — 9 рублёў; 2,1-3 метры — 21 рубель; 3,1-4 метры — 40 рублёў. Ну а калі лясная прыгажуня вам патрэбна вельмі высокая (4,1-8 метраў) — рыхтуйце 120 рублёў. Плаціць трэба наяўнымі грашыма.

Разам з навагоднім дрэўцам вы атрымаеце квітанцыю, якая пацвярджае законны шлях яго набыцця. Як запэўніў Артур Царанкоў, ялінкі і сасонкі на продаж Нацпарк нарыхтоўвае ў спецыяльна вызначаных месцах, не наносячы шкоды прыродзе.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц