“Хіт” Крывічоў

245

“Хіт” КрывічоўНА вуліцы 17 верасня ў Крывічах, дзе некалі месцілася крама “Рамонак”, больш месяца таму гасцінна расчыніла дзверы піцэрыя “Хіт-2”. Па афармленні, знешнім і ўнутраным, яна вельмі падобная на піцэрыю, што ў Мядзеле. Такая ж утульная, сучасная, з густам аформленая зала, зручныя сталы і канапы, мяккае асвятленне, прыемны водар страў… Тут працуюць тры жанчыны: бармэн Вольга Дзьяконская, повар ІІІ разраду Любоў Казак і кухонная рабочая Наталля Аўсіевіч. Вольга, якая заўсёды першай сустракае наведвальнікаў, з энтузіязмам расказвае:

— Наша піцэрыя вельмі спадабалася мясцовым жыхарам і нават гасцям пасёлка. Хоць і працуем нядаўна, але ўжо даводзілася чуць шмат пахвальных слоў. Школьнікі пасля ўрокаў заходзяць да нас на марожанае, таксама ім падабаюцца малочныя кактэйлі, дэсерты. Наведваюцца і сем’ямі: паабедаць, павячэраць. Прапануем гарачыя стравы, гарніры, салаты, нарэзкі: мясную і з агародніны. Ну і, вядома, усім падабаюцца піцы. Да нас заходзяць са словамі: “Як у вас прыгожа!”, а калі развітваюцца, кажуць: “Як у вас смачна!”. Чуць такое прыемна. Настрой стварае музыка, набыты сучасны хатні кінатэатр, ёсць нават функцыя “караоке”. Падтрымліваць парадак дапамагаюць чатыры камеры відэаназірання.

— Піцэрыя стварае вельмі прыемнае ўражанне. Працаваць тут, напэўна, таксама прыемна? — цікаўлюся ў Вольгі.

— Нас траіх усё задавальняе, — не задумваючыся, адказвае бармэн. — Пачынаючы з абсталявання — яно ўсё новае, сучаснае, вельмі зручнае і функцыянальнае. Асабліва гэта цэніць наша повар.— Канечне, цаню, — да размовы далучаецца Любоў Аляксандраўна. — У маім распараджэнні электрарэзка, электратарка, цестамяшалка, цестараскатка, фрыцюрніца, цудоўная італьянская печ. Гатаваць — адно задавальненне!

— Колькі піцаў на дзень даводзіцца гатаваць?

— У будні гэта і дваццаць, і пятнаццаць. А ў выхадныя, святочныя дні заказаў значна больш. Мой рэкорд — 68 піцаў. Бываюць вельмі напружаныя моманты. Але мне падабаецца, калі людзям смачна, калі яны задаволенымі пакідаюць нашу піцэрыю.

З далейшай размовы даведваюся, што зала разлічана на 48 месцаў. Тут можна пры жаданні і патанцаваць, адзначыць сямейнае свята (заказы на такія мерапрыемствы паступаюць). Піцэрыя запатрабаваная ў крывічан, а для некаторых ужо стала і любімым месцам адпачынку.

Іна ЯРЧАК.

На здымку: у крывіцкай піцэрыі “Хіт-2” наведвальнікам заўсёды рады кухонная рабочая Наталля Аўсіевіч, повар Любоў Казак і бармэн Вольга Дзьяконская.

Фота Георгія Прысмакова.