Не ствараць вялікіх чэргаў і захоўваць дыстанцыю. А лепей заставацца дома — мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч расказаў, як у перыяд каранавірусу будзе праходзіць Будслаўскі фэст.

1–2 ліпеня ў Будславе адбудуцца штогадовыя парафіяльныя адпустовыя ўрачыстасці. Парадак набажэнстваў наступны: 1 ліпеня — 18:00; 2 ліпеня — 9:00, 12:00, 18:00.

Усе святыя імшы будуць цэлебравацца на адкрытым паветры. Пасля cвятой імшы 2 ліпеня ў 12 гадзін адбудзецца эўхарыстычная працэсія з копіяй цудадзейнага абраза на прыкасцёльнай тэрыторыі.

— Вялікая просьба да вернікаў прыступіць да сакрамэнту споведзі ў сваіх парафіях. Падчас адпустовых урачыстасцей праход у прэзбітэрый і ў стары касцёл будзе адкрыты для вернікаў. Для ўшанавання абраза Маці Божай можна будзе ўвайсці ў базыліку праз цэнтральны ўваход, па цэнтральнай наве падысці да прэзбітэрыя і выйсці праз левую наву. Ваду для асвячэння просьба прывозіць з сабой, — раіць мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Благаславенне вады і рэлігійных рэчаў будзе адбывацца пасля кожнай святой імшы. Інтэнцыі на святыя імшы трэба запісаць загадзя дома, а ў санктуарыі апусціць іх разам з ахвяраваннямі ў адпаведныя скрынкі, што будуць знаходзіцца пры ўваходзе ў касцёл. Для выключных выпадкаў пры выхадзе з касцёла прадугледжаны столік з чыстымі карткамі і ручкамі, дзе самастойна можна будзе запісаць інтэнцыі і разам з ахвяраваннямі пакласці ў адпаведныя скрынкі.

Усіх, хто будзе ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях, арганізатары просяць захоўваць сацыяльную дыстанцыю і карыстацца маскамі.

Крыніца: mlyn.by

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц