Інавацыйныя формы і метады работы — крок у будучыню

164

Чалавек выхоўваецца ў складанай сістэме адносін са знешнім асяроддзем. Яго не­льга сфарміраваць або зрабіць як рэч, яго патрэбна ўключыць у дзейнасць, заахвоціць да яе. Стварэнне пэўных педагагічных сітуацый, якія задавальняюць патрэбнасці чалавека ў зносінах, суперажыванні, эмацыянальнай разрадцы — гэта і ёсць інавацыйная форма работы. Адна з важнейшых умоў у любой форме актыўнай работы — эфект незавершанага дзеяння — з’ява, якая заключаецца ў тым, што чалавеку ў сілу матывацыйнага напружання, якое захоўваецца, лепш запамінаюцца яго незавершаныя дзеянні, чым завершаныя.
Важнейшая ўмова арганізацыі любога педагагічнага ўздзеяння, калі настаўнік не даводзіць ідэю да канца, а падводзіць удзельнікаў да яе разумення і самастойнага заканчэння.
Так як я працую ў школе, то лічу важным выкарыстанне ў выхаваўчай рабоце з падлеткамі інавацыйных форм і метадаў. Да нядаўняга часу працэс развіцця вучня праходзіў стыхійна, некіруема. Школа ў большай ступені сачыла за паспяховасцю, знешнім праяўленнем працэсу развіцця дзяцей. Усе астатнія, найбольш важныя бакі яго, былі па-за ўплывам навучальнай установы.
Цяпер галоўным стала мэтанакіраванае развіццё, выхаванне гарманічнай, ініцыятыўнай асобы. Бо ад сягонняшніх актыўных, творчых, лідарскіх якасцей дзяцей залежыць будучыня. Менавіта яны стануць элітай нашага грамадства. Таму неабходна выкарыстоў­ваць інтэрактыўныя тэхналогіі, а менавіта такія формы работы як трэнінгі, ролевыя гульні, драматызацыі, ток-шоу, агітбрыгады, дыскусіі, дзе дзеці  абмяркоўваюць і вырашаюць якія-небудзь праблемы. Удзел у такіх мерапрыемствах да­зваляе ім максімальна раскрыць свой асабісты патэнцыял, паказаць здольнасці, магчымасці.
У падлеткаў, якія яшчэ не праяўляюць асаблівай актыўнасці, у прыватнасці, асаблівасцей характару, тэмпераменту, у выніку ўдзелу ў такіх мерапрыемствах павышаецца ўпэўненасць у сабе, сваіх сілах і ма­гчымасцях. Нясмелыя, крыху закамплексаваныя дзеці бачаць, як іх аднагодкі актыўна ўдзельнічаюць у абмеркаваннях, дыскутуюць, і, канечне, многія комплексы, якія ім калісьці перашкаджалі ў зносінах і ў жыцці, прападаюць. І з’яўляецца новы актыўны чалавек, які перамог комплексы, недахопы, страхі. Нараджаецца вольная, упэўненая ў сабе, нераўнадушная асоба. Я — псіхолаг, таму актыўна выкарыстоўваю ў сваёй рабоце інтэрактыўныя тэхналогіі, інавацыйныя формы і метады.  Вельмі прыемна бачыць, калі дзіця не баіцца кантактаваць з новымі людзьмі, выказваць думкі, паводзіць сябе спакойна. Ёсць агрэсіўныя падлеткі, з якімі праводжу карэкцыйныя мерапрыемствы. Вынікі таксама бачны. Калі параўноў­ваць непаўналетніх цяпера­шніх і тых, якія былі 15 год таму, то гэта зусім іншыя дзеці. Яны не будуць сядзець і слухаць нецікавую лекцыю або даклад, а прама пра гэта скажуць. Іх не прымусіш удзе­льнічаць у мерапрыемстве, калі ім не цікава.
Задача педагога стварыць пазітыўныя эмацыянальныя сітуацыі з выкарыстаннем інавацыйных, інтэрактыўных метадаў і прыёмаў, пры якіх цяга да ведаў і ўспрыняцце той або іншай інфармацыі стануць жаданымі і цікавымі. Да дадзенай праблемы патрабуецца творчы падыход з боку і дарослых, і дзяцей. Гэта будзе магчымым, калі дзіця прыкладзе ўласныя намаганні праз створаную дарослым сітуацыю творчых зносін пры вырашэнні розных задач.

Л. САЛАВЕЙ.

Педагог-псіхолаг «ДУА «Нарацкая СШ №2», куратар клуба ЮНЕСКА  «Абуджэнне».