І стала Мядзельшчына роднай

251

resize-of-p4200003Аварыя на Чарнобыльскай АЭС прымусіла многіх пакінуць наседжанае месца. Некаторыя з выехаўшых з небяспечнай зоны знайшлі сабе пры­станак у нашым цудоўным Нарачан­скім краі. На сённяшні дзень найбольш такіх сем’яў у Занарацкім сельсавеце — дзесяць. Адны з іх жывуць у Занарачы, другія — на спецыяльна забудаванай нямецкай дабрачыннай арганізацыяй  «Да­мы замест Чарнобыля» для перасяленцаў вуліцы Дружнай у вёсцы Стахоўцы.

У адзін з дамоў мы і вырашылі завітаць. Як высветлілася паз­ней, тут жыве дружная і працавітая сям’я Ярмольчыкаў. Гаспадара з гаспадыняй убачылі на двары. Ад іх даведаліся, што прыехалі яны на Мядзельшчыну з вёскі Мо­кіш Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў 1990 годзе. Таццяна Мі­хайлаўна расказала, як цяжка было кідаць родны дом, нажытае дабро. Але гэтага патрабавала сітуацыя. Іх пяцімесячная дачушка Ірына пастаянна хварэла, і ўра­чы настойліва рэкамендавалі перабірацца ў чыстую ад радыенуклідаў зо­ну. Новае месца выбіраць доўга не давялося. Два браты му­жа Аляксандр і Сямён ужо жылі ў Нарачан­скім краі са сваімі сем’ямі. У пісьмах на радзіму яны паведамлялі пра калгас «Шлях да камунізму», дзе працавалі, пра яго мудрага, памяркоўнага старшыню Антона Аляксеевіча Стому, пра шчырых і гасцінных людзей, з якімі тут пазнаёмі­ліся. У лю­тым Валянцін з Таццянай і маленькай дачушкай прыехалі ў азёрны край. Напачатку калгас вы­дзеліў ім дом у Чарэмшыцах. А калі праз 5 гадоў з’явіліся першыя да­мы на вуліцы Дружнай, у адзін з іх, пад нумарам 3, яны і перасяліліся. Ужо тут у іх нара­дзіўся сын Жэня .

Валянцін Ціхана­­-
віч уладкаваўся на работу ў калгас. Быў і слесарам, і вадзі­целем, і загадчыкам склада. Зараз ён — аператар газавай станцыі Белтрансгазу. Яго пала­вінка і ў дзіцячым садку працавала, і санітаркай
у мясцовай бальніцы, 10 сезонаў запар гатавала ежу немцам, якія ўз­во­дзілі дамы на вуліцы Дружнай… Неў­прык­мет вырас­-
лі дзеці. Ірына зараз — студэнтка педагагічнага факультэта Ві­цеб­скага дзяржаўнага універсітэта. Яўген летась пасту­піў у Міжнародны дзяржаўны універ­сітэт імя Сахарава. Пасля заканчэння яго атрымае спецыяльнасць інжынера-прагра­міста-эколага. Абое вучацца на бюджэтнай форме навучання. Аднак, не зважаючы на гэ­та, у доме Ярмольчыкаў па-ранейшаму чуцен дзі­цячы смех. А ўсё таму, што Таццяна Міхайлаўна працуе прыёмнай мамай. Яе пяшчоты і дабрыні хапае і на сваіх дачку з сынам, і на дзвюх дзяўчынак і хлопчыка, якія па волі лёсу сталі сіротамі пры жывых бацьках. Сяміклас­ніца Юлія Кавалеўская, першаклас­ні­ца Ксенія Мокрых і яе пяцігадовы бра­цік Вадзім знайшлі сабе па вуліцы Дружнай утульны дом, маму з татам, якія клапоцяцца пра іх, любяць, як сваіх родных дзяцей.

Некаторы час жы­ла ў Ярмольчыкаў маці Таццяны Ніна Мікалаеўна, якая таксама пераехала да іх з чарнобыль­скай зоны. У 1995 годзе жанчына памерла і пахавана ўжо тут, на Нарачанскай зямлі. А ў 2006 годзе яны за­бралі да сябе бацьку Валян­ціна Ціхана Несцеравіча. Ён — працаўнік тылу. І ўвогуле гэта чалавек вялікай душы і шчодрага сэрца, які разам са сваімі шасцю сынамі і дачкой падняў на ногі пляменніка і пляменніцу. Іх ён у час вайны, калі паліцаі прыехалі рас­стрэльваць сям’ю брата — афіцэра Савецкай Арміі, выманіў з хаты і схаваў у кустах, што дазволіла ім застацца ў жывых, а пасля замяніў ім роднага бацьку. Ціхан Несцеравіч некалькі год пасля аварыі на ЧАЭС жыў са сваёй жонкай у Жло­бін­скім раёне. А калі яе не стала, пераехаў на Мядзельшчыну.

Не забываюць Ярмольчыкі і сваю родную Гомельшчыну. Штогод ез­дзяць туды на Радаўніцу, каб пакланіцца памяці продкаў, памаліцца за спакой іх душ, запаліць на магілках свечкі…

Марыя

ЛУБНЕЎСКАЯ.