Галоўнае ў працы медыка — міласэрнасць

177

resize-of-rotation-of-p6150049На прафесію медыка Святлану Ула­дзіміраўну Глінскую натхніў не вельмі прыемны выпадак: маленькай дзяўчынкай яна трапіла ў хірургічнае аддзяленне і правяла на бальнічным ложку вельмі шмат часу. Але не варта прыгадваць дзіцячы боль, дарэчы сказаць толькі пра спагаду і міласэрнасць урачоў, якія вылечылі Святлану і дапамаглі ёй вызначыцца з будучай прафесіяй…

С. У. Глінская — фельчар Занарацкай амбулаторыі. У 1993 годзе пасля заканчэння Слуцкага медвучылішча ўладкавалася сюды на працу і з невялікім перапынкам працуе тут па сённяшні дзень. Кажа, работа і без таго падабаецца, але калі «прапісаліся» ў новы будынак, жаданне апранаць белы халат вырасла ў разы. Зразумела, умовы і для медыкаў, і для хворых у Занарачы створаны сапраўды ідэальныя.

У абавязкі фельчара ўвахо­дзіць дапамога ўрачу, вядзенне ўлікова-справаздачнай медыцынскай дакументацыі, кантроль за чысцінёй, дыспансэрызацыяй і шэраг іншых спраў. І, здаецца, менавіта пра чалавека гэтай спецыяльнасці хтосьці колісь сказаў — майстар на ўсе рукі. А як жа залатое сэрца? Безумоўна, і на гэты выраз народ у свой час натхніў медык.

— Лічу, што адрознай рысай характару ўрача, фельчара, медыцынскай сястры павінна быць міласэрнасць, — дзеліцца Святлана Уладзіміраўна. — Трэба ставіць сябе на месца хворага і ні ў якім разе не рабіць яму таго, чаго б не пажадаў сабе. Мабыць, таму і я ніколі не адмаўляю вяскоўцам, калі звяртаюцца за дапамогай у святочны альбо выхадны дзень, прыходзяць прама дамоў.

Ды і як жа адмовіш, калі кожнага пацыента ведаеш у твар, жывеш з ім у адной вёсцы. Дарэчы, С. У. Глінская родам з Мядзела. Але з сям’ёй пражывае ў Занарачы. Мае мужа, дваіх сыночкаў. Пры гэтым зазначае, што якраз хлопчыкі — надзейныя маміны сябры, з імі прасцей.

Безумоўна, галоўнай каштоўнасцю Святланы Уладзіміраўны з’яўляюцца родныя людзі. Мабыць, таму пералік сваіх пажаданняў калегам яна і распачала з сямейнага дабрабыту. А яшчэ пажадала моцнага здароўя, узаемапавагі  і паўсядзённага поспеху.

Юлія ДЗЕВЯЛТОЎСКАЯ.

Фота Таццяны Несцярэнка.