Галіновы прафсаюз падтрымаў медыцынскіх работнікаў

784

Адной з першых на Мядзельшчыне распачала  мерапрыемствы па падтрымцы медыкаў, якія не шкадуючы сваіх сіл і здароўя змагаюцца з каранавіруснай інфекцыяй, раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў адукацыі і навукі.

Як расказала старшыня названага грамадскага аб’яднання Ірына Глінскаягаліновы прафсаюз аказаў дапамогу шэрагу ўстаноў адукацыі, спорту і турызму ў набыцці прэпаратаў для дэзынфекцыі. На гэтыя мэты накіравана 3270 рублёў. Сродкі прафсаюзных арганізацый накіроўваліся таксама  на набыццё тканіны для пашыву ахоўных масак.

Акрамя таго, раённы камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі выступіў з ініцыятывай аказаць спонсарскую дапамогу Мядзельскай ЦРБ. З бюджэту райкама галіновага прафсаюза, а таксама пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі НДЦ “Зубраня” пералічаны грашовыя сродкі для медыцынскага персаналу цэнтральнай раённай бальніцы. Акрамя таго, работнікі ўстаноў адукацыі, члены прафсаюза гімназіі-інтэрната г. Мядзела, Нарацкай СШ №1, Крывіцкага, Свірскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа,  Старлыгскага ВПК  дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Івана Аніські, ясляў-сада аг. Нарач, Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці к. п. Нарач, самі сабралі грошы і адправілі іх Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы. А члены галіновага прафсаюза ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, раённага метадычнага кабінета, райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Слабадской СШ імя Адама Гурыновіча, Старагабскага, Сырмежскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа, ясляў-сада №3 г. Мядзела, Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Мядзельскага раёна, Крывіцкага  спецыялізаванага лячэбна-выхаваўчага прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу накіравалі свае сродкі на дабрачынны рахунак рэспубліканскага Фонду падтрымкі работнікаў арганізацый аховы здароўя, якія ўдзельнічаюць у аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з захворваннем COVID-19. Як запэўніла Ірына Глінская, гэта толькі пачатак далучэння галіновага прафсаюза і яго членаў да той важнай справы па падтрымцы медыкаў, якая разгорнута ў краіне падчас распаўсюджвання каранавіруса. Работа ў дадзеным напрамку будзе працягвацца і надалей.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.