9 МАЯ Таццяна і Павел Дзямідкі разам са сваімі трыма прынцэсамі Ксеніяй, Ульянай і Васілісай пераехалі ва ўласны дом. Пасля арэнднага жылля нарэшце адчулі сябе сапраўднымі гаспадарамі. Праўда, не адразу, а праз нейкі час. Чаму? Аб гэтым крыху пазней, як і пра ролю каранавіруса ў іх пераездзе.

Павел мясцовы, нарадзіўся і вырас у курортным пасёлку. Таццяна прыехала ў Мядзел з Мала­дзечанскага раёна па размеркаванні, працавала ў бальніцы фельчарам-акушэрам. У навагоднюю ноч 2010 года зоркі звялі іх у адным месцы — на дыскатэцы ў санаторыі «Прыазёрны», дзе кожны адпачываў са сваёй кампаніяй. Зараз Павел, пакуль Таццяна сціпла ўсміхаецца і маўчыць, упэўнена кажа аб пачуццях з першага погляду, аб той самай іскры, якая ў адзін міг разгарэлася ў вогнішча. Роўна праз год ён зрабіў Таццяне прапанову рукі і сэрца, яшчэ праз паўгода згулялі вяселле, а яшчэ праз год у шчаслівай пары нарадзіліся двайняты: Ксенія і Ульяна. Малодшая Васіліса з’явілася на свет у 2017-м.

Як і многія сем’і, аб уласнай жылплошчы Павел і Таццяна задумаліся практычна адразу пасля вяселля. Спачатку вырашылі будаваць кватэру — якраз ствараўся кааператыў.

— А потым неяк істотна памяняліся ўмовы крэдыту, — успамінае Павел. — Каб пабудаваць кватэру, трэба было на працягу года ўнесці немалую суму з уласных сродкаў. На той момант у нас ужо было двое дзяцей і, параіўшыся, мы зразумелі, што такое будаўніцтва не пацягнем. А паколькі праграмай ільготнага крэдытавання хацелі скарыстацца ў любым выпадку, заставалася толькі ўзяць участак і пачаць будаўніцтва дома. Так дзесьці ў 2013-м мы пачалі пераафармляць дакументы, атрымалі ўчастак у Нарачы і сталі чакаць… Крэдыт банк павінен быў выдаць на працягу трох гадоў. Мы чакалі два гады, за гэты час самастойна пачалі будаўніцтва. Гэта была адна з умоў для адкрыцця крэдытнай лініі — пэўны працэнт гатоўнасці. Мы яго нават перавыканалі: закупілі блокі і паставілі сцены.

Пасля таго, як крэдыт быў атрыманы, будаўніцтва разгарнулася зусім у іншым тэмпе. Што маглі, Дзямідкі рабілі сваімі сіламі, напрыклад, усю электрыку Павел з дапамогай бацькі правёў, сам укладваў ламінат, выконваў нейкія чарнавыя работы. А вось туды, дзе патрэбна была спрактыкаваная рука прафесіянала, як сам прызнаецца, стараўся не лезці. Ацяпленне, каналізацыя, водаправод, бліжэй да фінішу — столь, дэкаратыўная тынкоўка — гэтым займаліся спецыялісты.

Пераехалі ва ўласны дом Дзямідкі 9 мая, так Дзень Перамогі стаў для іх сям’і яшчэ адной святочнай датай.
— Наогул пераезд быў запланаваны на больш познюю дату, але, — смяецца Таццяна, — каранавірус паспрыяў і паскорыў працэс. Мы падлічылі: у любым выпадку трэба ўносіць выплаты па крэдыце, да таго ж — аплачваць арэнду і камунальныя паслугі. Плюс да ўсяго — трэба было пастаянна ездзіць ацяпляць дом. А тут каранавірус, дзеці апошнюю чвэрць перайшлі на дыстанцыйнае навучанне. Вырашылі пераязджаць: і самі паволі абжывацца будзем, і дзецям раздолле на прыватным падворку.

Марына ПУЦЭЙКА.

Фота аўтара.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за  22.07