У рэдакцыю раённай газеты “Нарачанская зара” звярнулася матуля двух непаўналетніх дзяцей. Жанчына папрасіла праз мясцовае перыядычнае выданне падказаць, чым можна ў вольны ад заняткаў час заняць сваіх сыноў. За адказам на яго звярнуліся да намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Маі СЕМЯНОВІЧ:

— Арганізацыя занятасці непаўналетніх ў вольны ад вучобы час — адна з важных задач суб’ектаў прафілактыкі. У нас у раёне створаны ўсе ўмовы для гэтага. У 2020/2021 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі азёрнага краю функцыянуе 101 аб’яднанне па інтарэсах, якія наведваюць 1287 вучняў. Акрамя таго, пры структурных падраздзяленнях Мядзельскага раённага Цэнтра культуры працуюць 52 клубныя фарміраванні, дзе займаюцца 443 непаўналетнія.

140 падлеткаў наведваюць СДЮШАР раёна, дзе функцыянуюць тры аддзяленні: лёгкай атлетыкі, лыжных гонак, грэблі на байдарках і каноэ. Для ахвотных заняцца спортам адчынены дзверы фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Да паслуг дзяцей і моладзі таксама спартыўныя пляцоўкі, стадыёны.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца пастаянна непаўналетнім, з якімі праводзіцца індывідуальная работа, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
Пераканана, калі дзеці і падлеткі будуць заняты цікавымі і карыснымі справамі — менш будзе ў нас выпадкаў парушэння правапарадку, учынення злачынстваў. Ды і бацькі змогуць быць за іх спакойнымі.

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц