Дровы і брыкет для крывічан

300

Пачну з канстатацыі прыемнага факта. У Крывіцкім пасялковым Савеце летась не ўзнікала ніякіх праблем з забеспячэннем насель­ніцтва палівам. Спакойная абстаноўка і сёлета. На момант размовы са старшынёй пасялковага выканкама Н. В. Бялоўскай, жадаючых атрымаць брыкет заставалася тут 21 чалавек, і 13 чакалі прывозу шчапаных дроў. Пагадзіцеся, чарга не такая ўжо і вялікая.

— Зрэшты, на дадзены момант ніякага б спісу ўжо не было, — ка­жа Наталля Васільеўна. — Проста Мядзельскі філіял дзяржаўнага прадпрыемства «Мінаблпаліва» зараз стараецца забяспечыць найперш тыя Саветы, дзе найбольш не выканана на гэты час заявак ад насельніцтва. Вядома, і ў нас працэс крыху затармазіўся. Тым не менш, і ў склаўшыхся абставінах пытанні гэтыя працягваем, як кажуць, трымаць на кантролі. Адразу забяспечваем патрэбы ветэранаў і інвалідаў, а таксама шматдзетных сем’яў.  Не прамінаем і тых грамадзян, у каго вось-вось закончыцца запас дроў ці брыкету. З тым, каб не ўзнікла канф­ліктнай сітуацыі. Дарэчы, арганізацыі пасёлка таксама на зіму назапасіліся як след. А вось сярэднюю школу, напрыклад, забяспечвае спецыяльная брыгада ЖКГ, бо кацельня знаходзіцца на балансе камунальнікаў.

— А як удаецца, Наталля Васіль­еўна, падыходзіць да ацяпляльнага сезона без ажыятажу? Шмат дзе гэта пераўтвараецца ў даволі значную праблему.

— Сакрэт просты. Пачынаючы яшчэ з вясны, і, зразумела, летам пастаянна напамінаем людзям пра тое, каб турбаваліся аб набыцці паліва загадзя. Бо, калі дацягнуць да восені, пытанні гэтыя, па вядомых прычынах, вырашаць ужо цяжэй. Праблему лепш папярэдзіць, што мы і стараемся рабіць. І, як паказвае практыка, дабіваемся пос­пеху ў гэтай справе. Тым больш, што ў нас наладжаны нармальныя  рабочыя адносіны з Мядзельскім філіялам дзяржаўнага прадпрыемства «Мінаблпаліва», які ўзначальвае Анатоль Іванавіч Шаранговіч і, у прыватнасці, Княгі­нін­скім участкам. Між іншым, дадаткова дровы можна набыць і ў мясцовым лясніцтве. Вядома, яны ўжо будуць не ў гатовым выгля­дзе, так названыя двухметровікі. Хто мае жаданне і, галоўнае, сілы, калі ласка! І яшчэ адзін рэзерв — абрэзкі піламатэрыялаў з дрэваапрацоўчага цэха «Сэрвач». Іх можна выпісаць з дастаўкай на дом. І гэта магчымасць таксама шырока выкарыстоўваецца насельніцтвам.

Такім чынам, сёлетнюю, як і папярэднія зімы, крывічане і жыхары наваколля правядуць у камфортных умовах.