Чароўны свет мастацтва

306

Завітаўшы днямі ў Мядзельскую дзіцячую школу мастацтваў, звярнула ўвагу на серыю карцін, якія ўпрыгожвалі адну са сцен калідора на другім паверсе ўстановы. Прыгледзеўшыся да работ больш уважліва, заўважыла, што ўсе яны выкананы вучнямі.

Дырэктар ДШМ Алена Іванаўна Касарэўская патлумачыла, што гэта пастаянна дзейнічаючая выстава, якая перыядычна будзе абнаўляцца новымі карцінамі, напісанымі выхаванцамі. Пакуль тут знаходзяцца творы выпускнікоў мастацкага ад­дзялення і тых, хто займаецца зараз. У тым ліку Дар’і Сакалоўскай, Вікторыі Гаммель, Юліі Буйвід, Вік­торыі Прасанавай, Надзеі Жолуд, Арцёма Берняковіча і Кацярыны Дзюсдзікер. Работы розныя па жанрах і тэхніцы выканання. Сваёй адметнасцю яны і прывабліваюць усіх, хто прыходзіць ва ўстанову. Дарэчы, праявіць свой талент могуць і першакласнікі, і старэйшыя выхаванцы. Для гэтага не­абходна толькі прыняць удзел у аб’яўленым конкурсе. Па выніках яго лепшыя працы зоймуць дастойнае месца на названай вышэй выставе. Творчасць выхаванцаў і раней выносілася на агляд. Праўда, гэта былі аднаразовыя выставы, якія наладжваліся ў фае ГДК двойчы за навучальны год: у снежні і маі падчас справаздачных канцэртаў, якія рыхтавалі вучні і выкладчыкі ДШМ.

Ад дырэктара ўстановы даведалася, што мастацкае аддзяленне працуе шосты год, а займаецца там 12 дзетак. На сённяшні дзень на Мя­дзельшчыне яно адзінае, дзе можна атрымаць пачатковую мастацкую адукацыю на прафесійнай аснове. Напачатку заняткі праводзі­ліся ў прыстасаваных умовах. А два гады таму для гэтай мэты нават спецыяльны клас абсталявалі. Ды і з выкладчыкам пашанцавала. Трэці год з хлопчыкамі і дзяўчынкамі займаецца Юрый Усеваладавіч Зайцаў — выдатны спецыяліст і шчыры, добразычлівы, інтэлігентны чалавек. Ён і рамкі для прац вучняў уласнымі рукамі зрабіў, і мальберты, а таксама сядзенні з прыстаўкамі, якія служаць сталамі падчас пленэраў на прыродзе.

Алена Іванаўна зазначыла, што ў многім дзякуючы намаганням Ю. У. Зайцава ў творчасці пачынаючых мастакоў з кожным месяцам бачны прагрэс. Сапраўды, ні ў якае параўнанне не ідуць іх першыя працы і цяперашнія. Ды і вынікі конкурсаў, удзельнікамі якіх стано­вяц­ца выхаванцы мастацкага ад­дзялення, пра многае сведчаць. У ліку дыпламантаў абласнога конкурсу-пленэру «Фарбы роднай зям­лі» ёсць і выхаванкі ДШМ  Нас­ця Пагуда і Вікторыя Гаммель. З часам, магчыма, з’явяцца яшчэ і новыя «зорачкі» на мастацкім небасхіле Нарачанскага краю.

Па ўсім бачна, хапае ў Юрыя Усеваладавіча вытрымкі і цярпення ў рабоце з дзецьмі. А яшчэ ёсць у педагога і вялікае жаданне раз­віць прыродны дар вучняў далей, выхаваць іх людзьмі думаючымі, творчымі. Адным словам, асобамі, якія і самі будуць з любоўю ставіц­ца да сферы мастацтва, а яшчэ і іншым дапамогуць пазнаць і аца­ніць прыгажосць.

Дарэчы, у ДШМ можна заўважыць на сценах яшчэ і работы, выкананыя мастаком-прафесіяналам. Аўтарам іх з’яўляецца былы жыхар блакаднага Ленінграда Аляксандр Васільевіч Камароў. Па сутнасці ўсё жыццё гэтага чалавека звязана з горадам на Няве, дзе ён шчыраваў мастаком-рэстаўратарам. Карціны свайго дзядзі падаравала ўстанове выкладчыца школы мастацтваў Алена Мікалаеўна Качарго. Упэўнена, што работы творцы з’яўляюцца не толькі ўпрыгожаннем сцен ДШМ, але і служаць свое­асаблівай душэўнай падпіткай для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прый­шлі ў чароўны свет музыкі і мастацтва за ведамі.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.