Былі сумленнымі і настойлівымі — пра службовыя будні расказвае маёр міліцыі ў адстаўцы Людміла Клімовіч

557

У НАШАЙ краіне супрацоўнікі органаў унутраных спраў адзначаюць прафесійнае свята 4 сакавіка. І, здавалася б, Дзень савецкай міліцыі застаўся толькі ва ўспамінах людзей сталага веку пра вельмі добрыя канцэрты на ўсесаюзным тэлеканале. Але па-
ранейшаму святкуюць 10 лістапада тыя, хто нёс службу ў органах унутраных спраў у далёкім ужо ХХ стагоддзі.

“Той час незабыўны, — сцвярджае маёр міліцыі ў адстаўцы Людміла Клімовіч. — Гады маладосці, усё давалася лёгка. Мы былі сумленнымі і настойлівымі ў сваёй справе. Сябравалі, добразычліва ставіліся да калег, выкрывалі злачынствы і правапарушэнні, праводзілі рэйды па ахове правапарадку. Падтрымлівалі адзін аднаго, дапамагалі, а пачуццё гумару ратавала ў складаных сітуацыях. Не перакладалі адказнасць адзін на аднаго, супольна дзейнічалі розныя службы. Мы працавалі на агульны вынік — забяспечыць спакойнае жыццё грамадзян”. Больш за два дзесяцігоддзі адслужыла Людміла Віктараўна ў інспекцыі па справах непаўналетніх Мядзельскага РАУС. Хоць, кажа, туды лёс прывёў яе выпадкова.

Родам маёр міліцыі з хутара Пугачы тагачаснага Дзягільскага сельсавета. У сям’і было трое дзяцей, і ўсе атрымалі вышэйшую адукацыю. Брат Віктар закончыў Вільнюскі настаўніцкі інстытут, выкладаў фізіку і матэматыку ў многіх школах раёна. Сястра Ірына пасля Ленінградскай лесатэхнічнай акадэміі ўзначальвала планавы аддзел ПМК-214. Людміла ж атрымала прафесію выкладчыка рускай і беларускай мовы і літаратуры ў БДУ. Нядоўга папрацавала настаўніцай (у Мікольскай і Чараўкоўскай васьмігодках). Выйшла замуж і разам з мужам-меліяратарам паехала ў Вілейку. Там нарадзіліся дзеці. Але мужа Людмілы Віктараўны, карэннага мя-дзяльчаніна, цягнула на малую радзіму, да бацькоў, да возера… Таму маладая сям’я неўзабаве вярнулася ў свой райцэнтр. Блізіўся час выходзіць на працу, а ў Мядзеле, ды яшчэ сярод навучальнага года, месца ў школе не было. “Мяне запрасілі ў райаддзел міліцыі, — прыгадвае Людміла Віктараўна. — Нават не ведаю чаму. Ніколі не марыла служыць там, у радні не было міліцыянераў — настаўнікі былі, інжынеры…” Не адразу, але згадзілася: пераканаў начальнік райаддзела Іван Жураўкін.

Напрыканцы 1978-га прыступіла да службы ўчастковым інспектарам па справах непаўналетніх. “Тонкасцям міліцэйскай службы адразу асабліва ніхто не навучаў, гэта потым ужо на курсы накіравалі, — расказвае Людміла Клімовіч. — Маўляў, вось твой участак (Будслаў-Крывічы) — едзь працуй. Ты ж настаўніца — шукай падыход да дзяцей. І я паехала шукаць падыход”. І хоць пра пачатак сваёй службы маёр міліцыі ў адстаўцы расказвае з усмешкай, разумееш: лёгка не было. І не толькі таму, што міліцэйская служба ва ўсе часы была і застаецца небяспечнай. Меліся і цяжкасці іншага парадку, праўда, праблемамі іх тады ніхто не лічыў. Так, на ўчастак даводзілася дабірацца папутным транспартам: калі на бензавозе, калі — на трактары. Ды і заробак адразу, пакуль не прысвоілі афіцэрскае званне, быў зусім невялікі. Патрулявалі тэрыторыю ў асабісты час. Зброі тады з сабой інспектары не насілі, хоць у сітуацыі іншы раз траплялі небяспечныя. “А вось з вядзеннем дакументацыі было прасцей. Аператыўна вырашалі пытанне, а паперы афармлялі пасля, — прызнае маёр міліцыі ў адстаўцы і прыгадвае выпадак з багатай практыкі. — Памятаю дзіця, якое харчавалася буракамі з бурта. Я прыехала, бачу: адны лахманы, дзяўчынка худзенькая… Адразу ж відаць, што ратаваць трэба, а потым ужо паперы пісаць! За дзяўчынку — і ў бальніцу. Там яна ніяк не клалася на ложак, сядзела на падлозе: баялася белых прасцін”.

Пра сваю службу Людміла Клімовіч расказвае сціпла і будзённа: маўляў, ніякіх подзві-гаў не здзяйсняла. Доўгі час працавала на ўчастку, потым была старшым інспектарам. Пазней узначаліла інспекцыю па справах непаўналетніх. Сёння Людміла Віктараўна з гонарам называе тых, хто пачынаў службу пад яе кіраўніцтвам. Сярод іх цяперашнія намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Андрэй Чарняўскі, начальнік упраўлення ўнутраных спраў Гро-дзенскага аблвыканкама Вадзім Сіняўскі. Аляксей Балюк і Сяргей Сакалоў, якія пазней узначальвалі райаддзелы міліцыі, Уладзімір Жыхар быў намеснікам начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў на транспарце МУС. “Гэта вельмі годныя людзі. Калі б не былі такія — не дасягнулі б таго, чаго дасягнулі, — сцвярджае Людміла Віктараўна. І з павагай гаворыць пра свайго пераемніка на пасадзе начальніка інспекцыі Яўгена Грэбяневіча: — Вельмі чулы, чалавечны, тонкі псіхолаг, спакойны — усё, як і трэба кіраўніку”.

…У Людмілы Клімовіч добрая сям’я. Муж Раман Леанідавіч — заслужаны меліяратар Рэспублікі Беларусь, усё працоўнае жыццё быў машыністам экскаватара. Сын Данііл — старшы інспектар дзяжурнай службы Мядзельскага РАУС, маёр міліцыі. Дачка Надзея — начальнік юрыдычнага аддзела ў цэнтральным апараце “Беларусбанка”. У іх свае сем’і, падрастаюць дзеці.

Калі збіраемся з былымі калегамі, — кажа Людміла Віктараўна, —прыгадваем былое, па-добраму жартуем, бо ведаем, што служылі годна, пражылі той час не дарэмна. Шмат добрых традыцый перадалі маладому пакаленню, многімі прадстаўнікамі якога ганарымся. Хачу павіншаваць з прафесійным святам усіх былых супрацоўнікаў райаддзела. Жадаю здароўя і добрых спраў людзям, якія шмат год былі поплеч: тагачасным супрацоўнікам інспекцыі па справах непаўналетніх Яўгену Грэбяневічу, Аляксею Балюку, Сяргею Сакалову, Уладзіміру Пятрушкіну; супрацоўнікам крымінальнага вышуку Анатолю Мальцу, Аляксандру Кісялёву, Уладзі-міру Казаку; участковым інспектарам Эдуарду Лявіцкаму, Ула-дзіміру Станкевічу, Юрыю Ніж-ніку, Пятру Валабуеву, Віктару Хілу, Мікалаю Варанцу, Мікалаю Таразевічу, Івану Будзько і многім, многім іншым. Дзякуй цяперашняму кіраўніцтву аддзела за павагу да нас, ветэранаў, за дапамогу і ўвагу. Са святам!”

Наталля ЛІСІЦКАЯ.