Белы бычок падрастае ў таварыстве “Будслаўскае”

568

НОВЫ год паводле Усходняга календара надыдзе 12 лютага. Яго сімвалам будзе Белы Металічны Бык. Дык гэта калі яшчэ! А вось бычок, якога бачыце на фотаздымку, нарадзіўся ў пачатку снежня. Канечне, не выпадае адназначна сцвярджаць, што менавіта на жывёлагадоўчым комплексе “Палессе” ў ААТ “Будслаўскае” падрастае сімвал года. Бо бычок не зусім белы — ёсць крыху чорнага. І зусім не металічны. Але ж які пацешны! Што цікава, матуля яго чорна-пярэстая, чорнага куды больш, чым белага. Можа, тату пасачыў?

Як расказаў намеснік дырэктара гаспадаркі Алег Ермаковіч, у першыя ж суткі цялятка адсадзілі ад каровы. Цяпер малое жыве ў пластыкавым доміку, а клапоціцца пра яго даглядчыца Таццяна Спальвіс. Штодня бычок (няхай расце вялікі і здаровенькі!) п е шэсць літраў малака, есць стартавы камбікорм КР-1, кукурузу і сена.

І яшчэ момант, цікавы для людзей, далёкіх ад сучасных тэндэнцый у жывёлагадоўлі. У бычка няма клічкі — затое маецца ўнікальны ідэнтыфікацыйны нумар (77463).

Наталля ЛІСІЦКАЯ.