Алкаголь даражэй за дзяцей?

304

Алкаголь даражэй за дзяцей?НА лаве падсудных дзве жанчыны. Адной нядаўна споўнілася 40 гадоў, а другой — 31. Здаецца, і ўзрост розны, і нарадзіліся ў розных мясцовасцях, ды і жывуць таксама не ў адным населеным пункце (адна ў Вузле, а другая ў Целяках), працуюць на розных прадпрыемствах (Ала на свінакомплексе «Брусы», Вольга — у ТАА «Вытворчы альянс»), але ў іх ёсць штосьці аднолькавае, што прывяло на лаву падсудных. Гэта цяга да спіртнога, нежаданне працаваць, прыносіць карысць грамадству, належным чынам выхоўваць сваіх дзяцей.

Ала Уладзіміраўна Курганская ў студзені 2010 года на падставе рашэння суда абавязана кампенсаваць выдаткі, якія затрачвае дзяржава на выхаванне яе дзяцей. А іх чацвёра: Вераніка Мілікулава, 2000 года нараджэння, Максім Мілікулаў, 2003 года нараджэння, Мікіта і Радзіён Мілікулавы, 2004 года нараджэння. Дарэчы, яшчэ ў лістападзе 2009 года Ала Уладзіміраўна рашэннем суда была пазбаўлена бацькоўскіх правоў у адносінах да сваіх дзяцей. Вазьміся жанчына за розум, працуй, змяні свае паводзіны, рабі ўсё магчымае, каб вярнуць дачушку і сынкоў. Ды не, гарэлка на першым плане. Таму яе накіравалі на лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Калі ў лістападзе 2012 года яна вярнулася дадому, ёй дапамаглі працаўладкавацца на свінакомплекс «Брусы». Аднак лепш «перакуліць» чарку-другую, чым працаваць. А. У. Курганскую папярэджвалі пра крымінальную адказнасць за ўхіленне ад кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні на агульную суму 7235364 рублі. Аднак жанчына наўмысна на працу не выходзіла, п’янствавала і на працягу трох месяцаў здзейсніла больш за 10 прагулаў без уважлівых прычын. Таму суд прызнаў Алу Уладзіміраўну вінаватай ва ўхіленні ад кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей і прызначыў пакаранне ў выглядзе 150 гадзін грамадскіх работ. Акрамя гэтага, у прымусовым парадку Курганская павінна прайсці курс амбулаторнага лячэння ад алкаголю па месцы жыхарства.

Падобная сітуацыя і ў Вольгі Сяргееўны Субач. 5 кастрычніка 2012 года рашэннем суда яна пазбаўлена бацькоўскія правоў у адносінах да сваіх дачушак Карыны Свірскай, 2002 года нараджэння, і Караліны Субач, 2007 года нараджэння. Жанчыну працаўладкавалі на малочнатаварную ферму «Лук’янавічы» філіяла «Мядзелаграсэрвіс» на пасаду аператара машыннага даення кароў. Але з 23 кастрычніка мінулага года да 31 студзеня бягучага яна здзейсніла 69 прагулаў. Гэта пацягнула за сабой няпоўнае выкананне штомесячнага абавязацельства па кампенсацыі выдаткаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні на суму 7844719 рублёў. Субач свае прагулы патлумачыла тым, што яе, маўляў, не задавальнялі ўмовы працы і яе аплата, унутраныя ўзаемаадносіны ў працоўным калектыве. Праўда, у красавіку жанчына самастойна ўладкавалася на пасаду рабочай у ТАА «Вытворчы альянс». Вызначаючы меру пакарання, суд улічыў як змякчаючыя віну абставіны, так і абцяжарваючыя. Таму, як і яе «сяброўку» А. У. Курганскую прыгаварыў да 200 гадзін грамадскіх работ. А таксама палічыў мэтазгодным прымяніць у адносінах да В. С. Субач прымусовыя меры бяспекі і лячэнне ад хранічнага алкагалізму па месцы жыхарства.

Вось такі фінал дзвюх крымінальных спраў. Гарэлка для гэтых жанчын стала даражэй за родных дзяцей. Міне час, і дзеці вырастуць. Як тады паглядзяць у вочы сваім сынам і дачушкам гэтыя гора-матулі? Чым яны растлумачаць той факт, што наўмысна пазбавілі іх у дзяцінстве сваёй пяшчоты і ласкі?

І. МАЛЕВІЧ.

Старшыня суда раёна.

І. ЛУБНЕЎСКІ.

Загадчык аддзела курорта і турызму рэдакцыі газеты «Нарачанская зара».