Александрына Світа, жыхарка Мядзела, мнагадзетная мама: “Жывём не горш за іншых!”

861

НАША сям’я звычайная. Разам з мужам выхоўваем трое дзетак. Усё цяпло сваіх сэрцаў стараемся ім даць. Вельмі хочацца, каб раслі здаровыя і шчаслівыя, не былі абдзелены ўвагай і ласкай. Старэйшы сын і дачка — школьнікі. Мікіта займаецца ў гімназіі-інтэрнаце горада Мядзела. Ён пойдзе ў 9 клас. Евангеліна закончыла два класы Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Чатырохгадовы Герман наведвае дзіцячы сад №3.

Як толькі збіраемся пасля працы дома, мы ўвесь час разам: і гатуем, і ў хаце прыбіраем, і адпачываем. Цяпер вось заняліся рамонтам у кватэры. Справы знайшліся ўсім па сіле: хто шпалеры зрывае, хто сцены раўняе, хто следам парадак наводзіць… Разам шчыруем і на градках, дзе вырошчваем гародніну. Так дзеці каля нас з маленства пры­звычайваюцца да працы, вучацца цаніць зробленае сваімі рукамі і рукамі дарослых. Весела разам і час вольны бавім. Чытаем, малюем, прагульваемся па набярэжнай Мястра.

Радуе, што наш горад чысты, утульны, спакойны. А якія краявіды навокал — вачэй не адвесці! Заварожвае водная азёрная гладзь, чыстае паветра. Нездарма наўкола так лёгка дыхаецца. Хараство прыроды стараемся і дзецям сваім паказаць. А з ёй і любоў да роднай зямлі, да нашых каранёў перадаць.

Як мнагадзетная сям’я па­стаянна адчуваем падтрымку дзяржавы ў вырашэнні многіх жыццёва важных пытанняў. За знаходжанне сына ў дзіцячым садзе плацім толькі 50%. Мікіта і Евангеліна харчуюцца ва ўстановах адукацыі бясплатна. А гэта даволі адчувальная эканомія нашага сямейнага бюджэту. Напярэдадні новага навучальнага года зноў атрымаем дапамогу на двух вучняў для падрыхтоўкі да школы.

Жывём у двухпакаёвай кватэры ў шматкватэрным доме ў райцэнтры. Як толькі сям’я павялічылася, жылой плошчы на ўсіх стала не хапаць. На квадратныя метры, якіх не стае, пабудавалі аднапакаёўку ў к. п. Нарач. Вядома, з выкарыстаннем ільготнага крэдытавання. Прызначаны нам і сямейны капітал. Пакідаем яго на вучобу старэйшага сына. Не паспеем азірнуцца, як ён і школу закончыць. Вось і спатрэбяцца выдзеленыя дзяржавай сродкі, каб даць яму годную адукацыю.

Аналізуючы сваё жыццё, скажу, што па сутнасці ўсім задаволена. Галоўнае, што ў доме нашым пануюць згода і ўзаемаразуменне. Мы з мужам з павагай ставімся адзін да аднаго. Гэтаму і дзяцей навучаем. Жывём не горш за іншых. Сыны з дачкой вялікай патрэбы ні ў чым не адчуваюць: накормлены, апрануты. Маюць усё неабходнае і для свайго ўсебаковага развіцця. Толькі вось будучыня іх мяне непакоіць. Вельмі хочацца, каб дзеці раслі ў мірнай, спакойнай краіне. Не зведалі ні кровапраліццяў, ні іншых бедстваў, не галадалі. Каб з радасцю праводзілі адыходзячы дзень і сустракалі новы. Каб дзяцінства іх было па-сапраўднаму шчаслівае. А будзе ў сыночкаў з дачушкай усё добра — дык і ў нас таксама!

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.