Афіцыйныя неафіцыйныя госці наведалі шматдзетную сям’ю Сяліцкіх

892

У ПАКОІ ярка зіхаціць агеньчыкамі ёлачка, кот Тыграня здзіўлена назірае за ўсхваляванымі і прыбранымі дзецьмі… І вось нарэшце на парозе з’яўляюцца доўгачаканыя госці — Дзед Мароз і Снягурка ў суправаджэнні дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірыны Супрановіч і намесніка старшыні райвыканкама Іны Барыевай. Яшчэ адзін эпізод маштабнай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” стаў сапраўднай святочнай падзеяй для шматдзетнай сям’і Сяліцкіх з курортнага пасёлка Нарач.

Паўтарагадовая Віка спачатку крыху саромелася незвычайных гасцей-незнаёмцаў. А вось яе старэйшая трохгадовая сястрычка Алінка і шасцігадовы брацік Кірыл не хавалі радасці. Алінка нават верш казачнаму Дзядулю расказала, той, што і ў дзіцячым садку. І за Віку, бо тая яшчэ малая, і за Кірыла, які па прычыне хваробы не можа гэта зрабіць. Падарункі, якія з чароўнага мяха дастаў Дзед Мароз, яшчэ больш узнялі настрой дзятве. Тут і ў карагод можна стаць. Нават самая маленькая асмялела і ўзялася за руку Снягуркі.

Як расказала матуля Ала Дзмітрыеўна, Вікторыя вельмі любіць гуляць з лялькамі. Яна іх і спаць укладвае, і корміць. “Напэўна, клапатлівай гаспадыняй вырасце наша малодшая”, — робіць выснову жанчына. Аліна вельмі актыўная, рухомая, хутка наладжвае кантакт з дзецьмі. Яна і танчыць, і вершы расказвае, і спявае. Кірыл, у якога дыягназ “дзіцячы цэрэбральны параліч”, таксама радуе поспехамі. Яму вельмі падабаецца займацца з лагапедамі, псіхолагамі. Гэта дае бачныя вынікі. Ён вельмі камунікабельны, а яшчэ — клапатлівы і добры. “Са спазненнем, але ён і хадзіць пачаў, і гукі ў маўленні з’яўляюцца, можам зразумець, што хоча. Есць і апранаецца сам”, — расказвае матуля. І вельмі задаволена, што ў свой час рашыліся з мужам на наступных дзяцей: “Жыццё стала іншым, весялейшым”.

— Дзякуй вам за ўвагу і падарункі, — звярнулася да гасцей Ала Дзмітрыеўна. — Вельмі прыемна, і дзеці моцна задаволеныя.

— Нам таксама прыемна павіншаваць вашу дружную сям’ю з Новым годам, — сказала Ірына Аляксандраўна. — Мы жадаем вам здароўя, добрага святочнага настрою, аптымізму і паболей радасных момантаў у жыцці.

Наш кар.