Адкрыты ліст (да 75-годдзя “Нарачанскай зары”)

569

Паважаны галоўны рэдактар! Не, я нічога не блытаю. Я звяртаюся да цябе, шаноўны чытач. А хто іншы дыктуе нам парадак дня? Чыім запатрабаванням мы імкнёмся адпавядаць? Канечне, тваім. І лічу, што ў нас з табой нядрэнна атрымліваецца, бо ў руках у цябе вынік нашай сумеснай працы — чарговы нумар “Нарачанскай зары”.

Сёння ў нас з табой свята. Роўна 75 год таму, 7 снежня, на паўразбуранай фашыстамі Мядзельшчыне выйшаў першы нумар раённай газеты. За гэты час не аднойчы змяняліся яе назва, выгляд, перыядычнасць і формы работы калектыву, у якім заўсёды працавалі бясконца адданыя сваёй справе людзі. Пра гэта сёння ў газеце ты прачытаеш у публікацыі нашага былога супрацоўніка, журналіста з божай іскрай Валянціны Яфімавай. Пагартаўшы старонкі, і пра лінатып даведаешся, бо Лілія Грыцук дзеліцца ўспамінамі, як яна з ім выдатна ўпраўлялася ў сямідзясятыя гады падчас стварэння газеты.

Але час мяняецца. Ды не толькі ён. Мяняюцца і густы чытачоў. Згодны? Сёння аднаго толькі друкаванага слова мала. Таму газета паступова набывае больш шырокі сэнс і актыўна заяўляе пра сябе ў інтэрнэт-прасторы. Прычым газета мае не толькі сайт, але і свае старонкі ў многіх сацыяльных сетках. Гэта значыць, што мы прапаноўваем табе, паважаны чытач, найбольш зручную форму, пашыраючы тым самым і сваё інфармацыйнае поле. Для аматараў друкаванай версіі — каляровыя, з удасканаленым дызайнам падачы матэрыялаў нумары. А для ўладальнікаў кампьютараў і смартфонаў — сучасны сайт з адаптаванай пад мабільны тэлефон версіяй.

Змянілася і хуткасць падачы навін. Гэтага, магчыма, не заўважаць аматары папяровага выдання, а вось карыстальнікі інтэрнэт-рэсурсаў не могуць не адзначыць высокую аператыўнасць пры абнародаванні падзей і фактаў.

Але мы не адрываемся ад каранёў, не адракаемся ад традыцый і спадчыны. Мы памятаем і ганарымся людзьмі, якія самааддана працавалі, стваралі газету. Гэта неабыякавыя, таленавітыя і ўлюбёныя ў сваю справу прафесіяналы, бо выпускаць газету — справа нялёгкая. Гэта сітуацыі, калі ты залежыш ад падзей, абставін і інтарэсаў газеты. На табе высокая адказнасць за кожнае напісанае слова. Тое, што выйшла з-пад пяра сёння, назаўтра звычайна цябе не задавальняе, і ты нешта перайначваеш, мяняеш, удасканальваеш. А дасканаласці, як вядома, няма межаў. У гэтым і плюс, і мінус. Як кажа Павел Жукаў, наш супрацоўнік, а ў нядаўнім мінулым галоўны рэдактар, любы самы лепшы газетны нумар заўсёды можна зрабіць яшчэ лепшым.

Сённяшняе свята хочацца па­дзяліць з усімі нашымі сябрамі, памочнікамі і дарадцамі. Самыя цёплыя словы — ветэранам рэдакцыі, а таксама тым, хто прадаўжае іх справу — цяперашнім супрацоўнікам. Часта вы ахвяруеце самым дарагім — асабістым часам і душэўнымі сіламі. Гэта дарагога каштуе.

Асаблівую падзяку за пад­трымку выказваю нашым сузаснавальнікам — раённаму выканаўчаму камітэту і раённаму Савету дэпутатаў. Хочацца ад­значыць і плённае супрацоўніцтва з нашымі партнёрамі — мядзельскім ўчасткам паштовай сувязі і друкарняй “РолПрынт”.

З пажаданнямі самага найлепшага ў жыцці звяртаюся да герояў нашых публікацый, якія шчыра дзеляцца праз газету сваімі гісторыямі, вопытам, сакрэтамі. Без вас “Нарачанская зара” не была б такой цікавай і прывабнай. Не было б сённяшняга свята і без цябе, паважаны чытач. Дарэчы, пры­знаюся, што галоўным рэдактарам цябе ўсё ж назваў міністр інфармацыі нашай краіны Аляксандр Карлюкевіч. Па-мойму, вельмі трапна. Бо, як ні круці, газета — наш агульны здабытак, нягоршае адлюстраванне нашага жыцця, надзейны сябра кожнага жыхара Мядзельшчыны.

З павагай,
галоўны рэдактар Іна ЯРЧАК.