Завочныя вандроўкі па Мядзельшчыне з “Нарачанскай зарой” і інтэрнэт-рэсурсам “Планета Беларусь” (planetabelarus.by) працягваюцца. Сёння запрашаем пазнаёміцца з адметнымі мясцінамі Княгінінскага сельсавета.

Княгінінскі сельсавет не можа пахваліцца ні створанымі адмыслова для турыстаў аб’ектамі, ні знакамітымі рэлігійнымі фэстамі, ні папулярнымі музычнымі фестывалямі. Аднак наведаць яго ўсё ж варта.

ДАВЕДАЧНА. Княгінінскі сельсавет створаны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Крывіцкага раёна Вілейскай вобласці (з 20 верасня 1944 года — Маладзечанскай, з 20 студзеня 1960 — Мінскай). 25 снежня 1962 года ў выніку скасавання Крывіцкага раёна сельсавет увайшоў у склад Мядзельскага.

Па стане на 1 студзеня на тэрыторыі сельсавета ў 26-ці населеных пунктах было 1455 жыхароў, у тым ліку 793 працаздольнага ўзросту, 139 маладзейшых і 523 — старэйшых за працаздольны ўзрост. Найбольш — у аграгарадку Княгінін (711), вёсках Выгалавічы (247), Восава (209) і Пашкоўшчына (95). А ў Шыманах і Яцкавічах пастаянных жыхароў увогуле няма.

Сельвыканкам знаходзіцца ў Княгініне. У аграгарадку ёсць таксама сярэдняя школа і дзіцячы садок, урачэбная амбулаторыя, сельскія клуб і бібліятэка, аддзяленні паштовай сувязі і Беларусбанка. У Выгалавічах працуе бібліятэка-клуб.
У аграгарадку маюцца участак іншых відаў дзейнасці Мядзельскага раёна газазабеспячэння, асфальтабетонная база (належыць ДРБУ-133), участкі Мядзельскага філіяла Мінаблпаліва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, “Белдругчармету”, вытворчы ўчастак Вілейскага камбікормавага завода, чыгуначная станцыя “Княгінін” і акалотак Маладзечанскай дыстанцыі пуці. На тэрыторыі сельсавета працуюць сялянскія гаспадаркі “Антэй-сад” і “Вікі-сад”, знаходзіцца частка сельгасугоддзяў і вытворчых аб’ектаў ААТ “Пруднікі-Агра”.

Чатыры прычыны пабываць у Княгінінскім сельсавеце

1. Адчуць рамантыку больш як стогадовай чыгункі. А заадно пашукаць у Княгініне… Крывічы.

Помнікам прамысловай архітэктуры першай паловы ХХ стагоддзя з’яўляецца чыгуначны вакзал у Княгініне. …У 1903-1907 гадах будавалася чыгунка, якая злучыла цэнтр краіны з Царствам Польскім — “Балагое–Седлец”. Мела яна найперш стратэгічнае значэнне: каб у выпадку вайны была магчымасць хутка перакінуць войскі да заходніх межаў. Прайшла чыгунка праз параўнальна невялікія населеныя пункты. На тэрыторыі сучаснай Беларусі гэта Полацк, Сяславіна (цяпер — Круляўшчызна), Будслаў, Княгінін, Вілейка, Маладзечна, Ліда, Ваўкавыск. І хоць вялікага пасажыра- і грузапатоку тут ніхто не чакаў (праект быў заведама эканамічна немэта­згодны), але будавалі ўсё грунтоўна. Акрамя абавязковай для аб­слугоўвання чыгункі інфраструктуры, уздоўж лініі з’явіліся жылыя дамы для чыгуначнікаў, скляпы, калодзежы. Участак ад Полацка да Седлеца будавалі ў адзін пуць, аднак шырыня насыпу і апоры мастоў дазваляюць пракласці другі, калі б у гэтым з’явілася патрэба.

Вандруем па малой радзіме: Княгінінскі сельсавет

Сённяшні аматар падарожнічаць цягніком не заблытаецца ў назвах: чыгуначная станцыя “Княгінін” знаходзіцца ў аграгарадку Княгінін, а прыпыначны пункт “Крывічы” — побач з аднайменным гарадскім пасёлкам. Але так было не заўсёды. У першай палове ХХ стагоддзя станцыя ля Княгініна называлася “Крывічы”. Гэты факт захаваўся не толькі ва ўспамінах доўгажыхароў, але і засведчаны на даўніх фотаздымках ды старых геаграфічных картах.

Як жа сталася, што станцыю “Крывічы” пабудавалі, мякка кажучы, далекавата ад аднайменнага мястэчка? Магчыма, і была ў тым нейкая незразумелая цяпер мэтазгоднасць — хто ж ведае? А вось мясцовыя жыхары больш за стагоддзе таму знайшлі сваё тлумачэнне. Маўляў, інжынер, што адказваў за будаўніцтва чыгункі ад Полацка да Маладзечна, любіў гасцяваць у паненак Козел-Паклеўскіх з маёнтка Княгінін. Вось і збудаваў станцыю паблізу — а не каля куды больш населенага мястэчка Крывічы.

І калі ўжо пра назвы, дык сённяшні аграгарадок Княгінін — гэта да нядаўняга часу вёска Княгінін. У якую 12 лістапада 1966 года былі аб’яднаны колішнія Княгінін, Стара-Княгінін (фальварак Будкі), пасёлак чыгуначнай станцыі, вёскі Міцькавічы і Васюлькі.
…Цікава, што “Крывічы” ў Княгініне нагадалі пра сябе і ў другой палове ХХ стагоддзя — такую назву атрымаў мясцовы саўгас. У той час як калгас з цэнтральнай сядзібай у гарадскім пасёлку Крывічы насіў імя Жданава.

2. Ушанаваць памяць загінуўшых падчас Першай сусветнай вайны. І зразумець каштоўнасць міру.

На ўскрайку грамадзянскіх могілак у Княгініне знаходзіцца брацкая магіла салдат Рускай імператарскай арміі. Надпіс на помніку сведчыць, што тут пахаваны дзве з паловай тысячы чалавек.

Мясцовыя жыхары чулі ад сваіх дзядоў-прадзедаў, як на працягу чатырох дзён на параконных фурманках да могілак везлі дамавіны. Целы загінуўшых вымалі з дамавін і выкладвалі штабялямі ў вялікую магілу. Накрывалі шынялямі і сасновымі лапкамі. А фурманкі зноў кіраваліся на станцыю па целы загінуўшых.

Вандруем па малой радзіме: Княгінінскі сельсавет

…Яшчэ адно пахаванне месціцца непадалёку ад чыгункі. Тут знайшлі апошні спачын 19 воінаў Рускай імператарскай арміі, якія загінулі падчас Нарацкай аперацыі 1916 года. Доўгі час пахаванне было забыта. Цяпер вядомы імёны загінуўшых, а на месцы іх пахавання з’явіліся помнікі. Адбылося гэта дзякуючы намаганням края­знаўцаў і навукоўцаў, мясцовай улады, раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў і прыха­джан Свята-Траецкай царквы. Адзін з крыжоў зрабіў са старога дуба краязнавец Яўген Антановіч. Да крыжа прымацавана шыльдачка: “Героі і ахвяры вайны 1914-1918 гг., царства нябеснае вам. Няхай усім лёгка спачываецца на беларускай зямлі”. Дуб прывезены з Занарачы, дзе ішлі баі Першай сусветнай. Абсечанае сучча сімвалізуе пакаленне, якое загінула, не атрымаўшы працягу…

Вандруем па малой радзіме: Княгінінскі сельсавет Вандруем па малой радзіме: Княгінінскі сельсавет Вандруем па малой радзіме: Княгінінскі сельсавет Вандруем па малой радзіме: Княгінінскі сельсавет

3. Наведаць самы стары на Мядзельшчыне праваслаўны храм.

Свята-Траецкая царква ў Кня­гініне не закрывалася нават у часы ваяўнічага атэізму.
Звесткі пра храм на гэтым месцы сягаюць аж у пачатак ХVІІІ стагоддзя. Цяперашні ж будынак з’явіўся ў 1772 годзе. Мяркуецца, што адразу гэта быў уніяцкі храм, а пасля ліквідацыі ў 1839 годзе уніі яго перарабілі на праваслаўны. У пачатку ХХ стагоддзя апошні расійскі імператар Мікалай ІІ,
праязджаючы чыгункай з Пецярбурга, спыніўся ў Княгініне і наведаў царкву. Падараваў ёй абразы Пра­святой Багародзіцы Бялыніцкай і Святога Благавернага Князя Аляксандра Неўскага.

Вандруем па малой радзіме: Княгінінскі сельсавет

У 1907 годзе вакол царквы пабудавалі агароджу з бутавага каменю, пакрытую гонтай. Яна захавалася дагэтуль, толькі пакрыццё заменена на больш сучаснае.
Гэты храм цікавы розным лю­дзям. Вернікі адчуюць тут асаб­лівую благадаць: што і казаць, месца намоленае.

Вандруем па малой радзіме: Княгінінскі сельсавет

4. Ускласці кветкі на магілу паплечнікаў Кастуся Каліноўскага.

Крыж на магіле ўдзельнікаў паўстання 1863 года стаіць на ўскрайку аграгарадка — добра відаць з дарогі на Мінск. У апошнія дзесяцігоддзі пахаванне да­глядала Ірына Будзько, якая жыла паблізу. Пасля смерці жанчыны гэта робіць яе сын.
Гісторыю гібелі паўстанцаў княгінінцы перадаюць з пакалення ў пакаленне. …Палонных за­гналі ў вазоўню ў фальварку Стара-Княгінін. Толькі аднаго — праваслаўнага — адлупцаваўшы, адпусцілі. Ён дачакаўся, калі салдаты добра адсвяткуюць перамогу, прыйшоў да вазоўні і расказаў таварышам, што ворагі п’яныя і ёсць шанец уцячы. Паўстанцы бервяном выбілі ў сцяне праём і збеглі. Але іх дагналі і павесілі. Уцячы змог толькі адзін. Ён схаваўся ў сажалцы і дыхаў праз чараціну. У вадзе прабыў нямала часу, захварэў і доўга адлежваўся ў Выгалавічах. А павешаных пахавалі ў агульнай магіле. Кажуць, што металічны крыж на яе набылі паўстанцы, якія збеглі за мяжу. Яго прывезлі, але, баючыся пераследу царскіх уладаў, адразу не паставілі. Усталяваны гэты крыж быў ужо ў пачатку ХХ стагоддзя. Як сведчыць надпіс на шыльдачцы, што часткова захавалася, зрабіў гэта кіраўнік маёнтка Франц Лукацэвіч.

Вандруем па малой радзіме: Княгінінскі сельсавет

…Будзеце ў Княгініне — не мінайце магілы людзей, якія змагаліся “за нашу і вашу свабоду”.

Сучасныя рэаліі, цікавыя падарожніку

Як даехаць?
Калі любіце падарожнічаць пешшу або з’яўляецеся шчаслівым уладальнікам веласіпеда, скутара ці аўтамабіля — у зручны вам час зможаце трапіць у любы населены пункт сельсавета без аніякіх праблем: дарогі ўсюды добрыя. Для тых, хто аддае перавагу грамадскаму транспарту, — таксама няма пытанняў. З Мядзела ў аграгарадок і многія вёскі сельсавета ходзяць аўтобусы. З Мінска ў Княгінін можна да­ехаць маршруткамі. Або скарыстацца чыгункай. У Княгініне спыняюцца цягнікі міжрэгіянальных ліній эканомкласа “Віцебск—Мінск” (у 3:37) і “Мінск—Віцебск” (у 00:13). А калі няма жадання трапіць на вакзал уначы, можна скарыстацца цягнікамі рэгіянальных ліній эканомкласа (яны спыняюцца і на прыпыначным пункце “Ніўкі”, які таксама знаходзіцца на тэрыторыі сельсавета). Цягнікі да Маладзечна бываюць на станцыі “Княгінін” у 5:48 і 18:33 штодзённа (у суботу і нядзелю — яшчэ і ў 16:13). Ёсць магчымасць паехаць і ў зваротным напрамку. Штодзённа ў 10:05 — да Полацка, у 21:16 — да Глыбокага; у суботу і нядзелю ў 13:46 ёсць цягнік да Круляўшчызны.

Дзе падсілкавацца?
На тэрыторыі сельсавета адна ўстанова грамадскага харчавання — бар “Хвілінка” ў Княгініне. А вось магазіны, у якіх можна набыць прадукты, ёсць у Княгініне, Выгалавічах і Восаве.

Дзе спыніцца?
Варта планаваць падарожжа так, каб убачыць усё цікавае за адзін светлавы дзень: на тэрыторыі сельсавета няма ні гасцініц, ні хостэлаў, ні аграсядзіб. А калі ёсць жаданне затрымацца ў гэтых мясцінах на больш працяглы час, давядзецца пашукаць начлегу ў населеных пунктах іншых сельсаветаў ці ў райцэнтры. Тут вам у дапамогу сайт Мядзельскага райвыканкама, дзе можна знайсці адрасы гасцініц, санаторыяў і аграсядзіб.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота  Аляксандра Высоцкага.