Ксенія Рогач расказвае, чым займаюцца археолагі і якія знаходкі прынеслі раскопкі ля вёскі Наўры

537

Я ніколі не глядзела фільмаў пра Індыяну Джонс. Ніколі не цікавілася скарбамі. І нават гісторыю не заўсёды любіла. Рыдлёўка ды лес мяне раней не цікавілі.
Але ў жыцці кожнага падлетка надыходзіць момант, калі пачынаеш гадаць, хто ты такі. Аднойчы зусім нечакана да мяне прыйшло слова “археалогія”.

Вобразы пірамід, сяленняў народа мая неяк нечакана завіхурыліся ў маёй галаве. Я пачала сур’ёзна думаць пра гісторыю. Успамінала першыя ўрокі па гэтым прадмеце і малюнкі ў падручніку. З цягам часу пачала цікавіцца дадатковай літаратурай. Гісторыя насамрэч цікавенная навука, асабліва калі яе добра выкладаюць у школе.
Па запыце “археалогія” шмат цікавага і ў інтэрнэце, але надзвычай каштоўнае цяжка знайсці. Проста як пры раскопках. Напэўна, больш за паўтара года я чытала, глядзела і слухала ўсё, што знаходзіла. А потым узяла падручнік па гісторыі Беларусі за 6 клас і перачытала яго наноў ва ўзросце 15 год, прычым з зусім іншым успрыманнем і з іншымі думкамі.

Мядзельскі музей народнай славы і сябры дапамаглі мне звярнуцца да Мікалая Аляксандравіча Плавінскага. Ён дацэнт, загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных навук і ўстойлівага развіцця Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, гісторык, археолаг, пісьменнік, кандыдат гістарычных навук. Летам 2019 года ён прыняў мяне ў свой археалагічны летнік “Наўры-2019. Адкапаем Беларусь разам”. Вы толькі паспрабуйце ўявіць эмоцыі падлетка, мара якога за 20 хвілін ад дому! Менавіта там ішлі раскопкі пахаванняў крывічоў Х стагоддзя. Для мяне гэта быў сапраўдны цуд.

Ксенія Рогач расказвае, чым займаюцца археолагі і якія знаходкі прынеслі раскопкі ля вёскі Наўры

Лес, лагер, раскоп, знаходкі, сур’ёзныя дасведчаныя людзі побач. Пахаванні, крывічы… Мара, рамантыка, навука… Колькі думак тоўпілася ў галаве і як білася сэрца, калі выйшла ўпершыню на сцежку да лагера! Зараз магу сказаць: слухайце сэрца, нават калі яно нашэптвае амаль нерэальныя мары.

А я сваю мару пачала метадычна ўвасабляць у рэальнасць. І вось вынік: ужо два летнія адпачынкі і адзін восеньскі я правяла на раскопках. У суме гэта 55 дзён, напоўненых шчасцем. Калі новыя людзі на раскопе пытаюцца пра мой узрост, то часта дзівяцца з адказу. “Што? Ужо ў навуцы? Так рана?” Сапраўды, мець у 17 год за плячыма тры навуковыя экспедыцыі крута, але, паверце, гэта толькі пачатак!

Дык чым жа займаюцца археолагі? Праца археалагічнай экспедыцыі – гэта не толькі цэлымі днямі і тыднямі разграбаць кубаметры глебы ў надзеi знайсці аскепкі разбітага тысячу год назад гаршка цi бронзавую падвеску. Гэта яшчэ і шмат тэхнічнай, вузкаспецыяльнай працы: разбіўка раскопа (тэрыторыі, на якой будуць весціся раскопкі), нiвелiроўка, разборка aб’ектаў, iх фіксацыя на планах, класіфікацыя знаходак, навуковае апісанне, фатаграфаванне i шмат чаго іншага. Кожны можа праявіць свае найлепшыя здольнасці на розных этапах раскопак, калі толькі захоча.

Што мы два гады раскопвалі ля вёскі Наўры? Гэта быў некропаль (месца пахаванняў крывічоў) прыкладна Х–першай паловы ХІ стагоддзя. Ён адносіцца да культуры смаленска-полацкіх доўгіх курганоў, але мы знайшлі і бескурганныя пахаванні. Насамрэч пахаванні без курганоў — увогуле дзіковінка для нашых мясцін, а значыць, на маіх вачах адбылося самае сапраўднае навуковае адкрыццё. У выніку магу сказаць, што знайшла сваю стыхію — тое, ад чаго сэрца пачынае біцца хутчэй. Займаюся тым, чаго прагне мая душа, і думаю, гэта першы складнік чалавечага шчасця.

Ксенія Рогач расказвае, чым займаюцца археолагі і якія знаходкі прынеслі раскопкі ля вёскі Наўры

Вельмі ўразіла, як вопытныя археолагі разбіралі пахаванне. Некалькі чалавек сядзелі побач і моўчкі пэндзлямі і стаматалагічнымі прыладамі вызвалялі з пяску маленькія, на 2-4 сантыметры, косткі. Каб правільна апісаць кожную, трэба ведаць яшчэ і анатомію.
Памятаю, як мяне ўразіў адзін раскоп. Звычайных знаходак там было няшмат: трохі маленечкіх костак, керамікі, амаль не было крэменю, але раптам з зямлі паказаліся тры кулі з Першай сусветнай вайны, а потым пайшла бронза! Спачатку з’явілася зямля зялёнага колеру, а потым самі бронзавыя артэфакты сівой даўніны.

Вы, напэўна, памятаеце, што ў розных плямёнаў былі розныя ўпрыгожванні, тыповыя толькі для прадстаўнікоў аднаго племя. У крывічоў гэта скроневыя і сківічныя кольцы. Гэтыя ўпрыгожванні, на мой погляд, проста неверагодныя, а наша гісторыя такая прыгожая!

Ксенія Рогач расказвае, чым займаюцца археолагі і якія знаходкі прынеслі раскопкі ля вёскі Наўры

Яшчэ адным безумоўным плюсам нашай экспедыцыі лічу згуртаваную суполку аднадумцаў. Кожны цікавы сам па сабе. Такія незвычайныя людзі там былі. Усе абсалютна розныя, але аб’яднаныя любоўю да археалогіі. І ў шурфе, і ля вогнішча, і на “кухні” гадзіны лятуць, і ты не заўважаеш працы, бо сканцэнтраваны на людзях і гутарцы, якая сама па сабе вельмі дасціпная і незабыўная. А вечарам — абавязковая гітара і песні пад яе. Я ўдзячна нашай кампаніі яшчэ і за тое, што песні мы спявалі выключна на беларускай мове. Такія меладычныя і мілагучныя, душа радавалася ў гэты цудоўны час.

А першыя крокі ў гісторыю мне дапамаглі зрабіць настаўнікі. У нашай гімназіі працуе выдатны педагог Вольга Канстанцінаўна Рудак, а ў старамядзельскай школе — Вольга Іванаўна Міхальчанка (да яе я хадзіла на міжшкольны факультатыў). Абедзве яны крэатыўныя, заўзятыя і цікавыя настаўніцы. Бязмежна ўдзячна ім за любоў да гісторыі і пастаянную падтрымку.

Не ведаю, які мне выпадзе лёс, але ў адным упэўнена на сто працэнтаў: ён будзе звязаны з гісторыяй.

Ксенія Рогач, вучаніца 11 класа гімназіі-інтэрната г.Мядзела