«Бабулін куфэрак», альбо Як Нарэйшы вячоркі гулялі

727

Было гэта вельмі-вельмі даўно, яшчэ тады, калі жылі тыя народныя спявачкі і спевакі, якія ой як шмат ведалі народных песень, прыпевак. Ды не тых, што з усяе Беларусі,
а менавіта з нашае Свіршчыны, таго ўскрайку, што паблізу Літвы, які завецца Паазер’ем.

Вельмі ясна ўзгадваецца старэйшаму пакаленню, як гэта ўсё адбывалася! Пайшлі чуткі, што для вядомай тады тэлеперадачы «Запрашаем на вячоркі» рыхтуецца мясцовае свята ў Нарэйшах — «Бабулін куфэрак». Трэба адзначыць, што ўсе да гэтае справы аднесліся вельмі ўзрушана, з душою. Над задумаю шчыравалі загадчык Нарэйшаўскага клуба Данута Урублеў­ская, тагачасны дырэктар Куцькаўскай базавай школы Іван Драўніцкі і зусім маладая, але вельмі таленавітая настаўніца Куцькаўскай школы Клаўдзія Грынкевіч.

Што кіравала гэтымі людзьмі? Найперш — жаданне зберагчы той неацэнны скарб, які мае найменне Спадчына. Калі давялося патэлефанаваць Дануце (якая жыве ўжо колькі год у Мінску ў дачкі Галіны, але з такой любоўю ўзгадвае сваю маленькую радзіму), тая з вялікім хваляваннем расказала, як усё адбывалася, як нараджаўся сцэнарый.
Найперш была пададзена ідэя ўзяць прыгожы ладны куфэрак, сабраць з Нарэйшаў тых бабулек-майстрых, якія мелі вялікі спрыт да рукадзельнай справы. Доўгімі зімовымі вечарамі з-пад іх шурпатых рук нараджаліся сапраўдныя цуды мастацтва: кветкавыя і вясёлкавыя дываны, ручнікі з рознымі ўзорамі, вышыванкі і выцінанкі, карункавыя вырабы — сапраўдныя абярэгі кожнага роду. А калі збіраліся людцы разам у якой-небудзь вясковай хаціне, то яшчэ да таго, як плялі, вязалі свае вырабы майстрыхі, далучаліся песні, танцы, жарты. Чаму б і не паказаць гэта ўсяму свету?!

«Бабулін куфэрак», альбо Як Нарэйшы вячоркі гулялі

І вось пачалася падрыхтоўка нарэйшаўскіх вячорак. Калі глядзець на фотаздымкі, якія зроблены ў Нарэйшах амаль 50 год таму, то бачыш прасветленыя твары: колькі згуртаванасці, дружбістасці адчуваецца! Высвечваюцца сямейныя пары. Ёсць тут і заядлы мясцовы гарманіст Фэлька Місюк, а яшчэ спрытны майстар па пляценні кошыкаў Эдуард Папель. А тут вось у радок паселі старыя бабулькі, чые прыгожыя вырабы леглі ў куфэрак для адпраўкі яго потым на тэлебачанне.

Наконт музыкаў трэба сказаць асобна. Апрача свайго музыкі, на свята былі запрошаны мясцовыя самародкі і з іншых вёсак. З Канстанцінава — Аль­бін Шурпіцкі, які адмыслова іграў на цымбалах, Генюсь Каток, што лірычна вызвоньваў любую мелодыю на скрыпачцы, а з Камарова — Леанід Звяруга, гарманіст. Ніхто з іх не заканчваў музычных школ, але ігралі яны цудоўна.

Да задуманай справы вельмі актыўна далучыўся Мядзельскі райвыканкам. Тагачасны загадчык аддзела культуры Уладзімір Казакевіч, супрацоўніца ад­дзела Соф’я Ходас, гарманіст Леанід Чарапок і іншыя сапраўдныя майстры сваёй справы, якія потым будуць весці далей рэй вось гэтае першае спробы вячорак на Мядзельшчыне.
Потым мясцовыя жыхары з нецярплівасцю чакалі навін з тэлебачання: «Гэта ж трэба, Нарэйшы нашыя паказваюць!» Расчулена глядзелі, як дэманстравалі свае вырабы, спявалі, жартавалі нарэйшаўскія артысты. А як прыгожа станцавалі яны кадрыль! Ну проста залюбуешся!

Дзе вы, героі таго часу? Многіх з вас ужо няма. Але засталіся такія вось добрыя, светлыя ўспаміны. І па сённяшні дзень стаіўся ў сенцах бабулін куфэрак у хаціне Паўла і Вольгі Грумбянінаў. Гаспадароў таксама ўжо няма, як няма і таго мастака-афарміцеля Івана Чаркасава, які перад ад’ездам у Мінск, на тэлебачанне, аздобіў куфэрак прыгожымі ўзорамі. Але не знікла з памяці тая славутая перадача.

Вольга Гірдзей, вучаніца 10 класа.
Фота з архіву (зроблены Міхаілам Чарняўскім).