Якасць была і застаецца на першым месцы

201

ДЭВІЗ сёлетняга Сусветнага дня абароны правоў спажыўцоў — “Спажывецкае правасуддзе сёння”. Мы сустрэліся з начальнікам аддзела эканомікі райвыканкама Н. Ю. МЕХАВІЧ, каб яшчэ раз акцэнтаваць увагу насельніцтва на шырокіх магчымасцях грамадзян па абароне сваіх правоў на аснове рацыянальнага, эфектыўнага і ўзаемапаважлівага дыялога спажыўцоў, дзяржаўных органаў, грамадскай сістэмы абароны спажыўцоў і суб’ектаў гаспадарання ў рамках выкарыстання прадастаўленых заканадаўствам прававых механізмаў:

— У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2002 года “Аб абароне правоў спажыўцоў” і Правіламі ажыццяўлення рознічнага гандлю асобнымі відамі тавараў і грамадскага харчавання, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 красавіка 2004 года № 384, спажывец мае права на належныя колькасць, камплектнасць, якасць і бяспечнасць тавараў; атрыманне неабходнай і дакладнай інфармацыі пра тавары і іх вытворцаў (прадаўцоў, пастаўшчыкоў); свабодны выбар тавараў; абмен ці вяртанне (на працягу 14 дзён з моманту набыцця) нехарчовага тавару належнай якасці, калі ён вам не падыходзіць. Праўда, пры ўмове, што ён не ўжываўся, захаваліся яго спажывецкія якасці і ёсць доказы таго, што ён набыты ў дадзенага спажыўца. Выключэнне складаюць тавары, якія, згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, не належаць вяртанню і абмену, а гэта біжутэрыя, мэблевыя гарнітуры і наборы, парфюмерна-касметычныя тавары, бялізна і г. д. Нельга таксама абменьваць і вяртаць якасныя прадукты харчавання.

— Ніна Юльянаўна, а калі чалавек набыў няякасны тавар. Што ён можа зрабіць?

— Ён мае права патрабаваць па сваім выбары замену няякаснага тавару на якасны, бясплатны рамонт, змяншэнне пакупной цаны, вяртанне грошай, а яшчэ і кампенсацыю страт, прычыненых гэтай пакупкай. Аднак варта памятаць і пра тое, што спажывец можа прад’яўляць прадаўцу патрабаванні толькі ў тым выпадку, калі недахоп носіць вытворчы, канструктыўны ці іншы характар, які здарыўся па віне прадаўца (вытворцы). Але калі ён адбыўся па віне чалавека, яго набыўшага, — карыстацца гарантыямі названага вышэй закона нельга.

— А ў якія тэрміны павінны быць задаволены абгрунтаваныя патрабаванні спажыўца, які купіў няякасны тавар?

— Максімальны тэрмін — 7 дзён, калі заяўлены наступныя патрабаванні: аб змяншэнні пакупной цаны тавару; аб вяртанні затрат па рамонце яго; аб вяртанні грошай. Максімальны тэрмін — 14 дзён, калі спажывец патрабуе бясплатны рамонт альбо неабходна праводзіць экспертызу. Максімальны тэрмін — 1 месяц, калі неабходна праводзіць замену няякаснага тавару на якасны. Акрамя таго, спажывец мае права на кампенсацыю ў поўным аб’ёме ўрону, прычыненага недахопамі тавару, на працягу 7 дзён з дня пацвярджэння ім памеру страт.

— Ці патрэбны чэкі, іншыя дакументы, пацвярджаючыя набыццё тавару, аказанне той ці іншай паслугі?

— Пажадана браць чэк ці іншы дакумент, які сведчыць аб факце набыцця тавару. Варта паклапа¬ціцца і пра тое, каб далі спажыўцу таксама дакументы, якія пацвярджаюць выкананне работ, аказанне паслуг.

— Ніна Юльянаўна, раскажыце, калі ласка, як павінен весці сябе спажывец, калі ён убачыў, што работа (паслуга) выканана няякасна?

— У такім выпадку спажывец можа патрабаваць па сваім выбары бясплатна ўхіліць выяўленыя недахопы; суразмерна зменшыць кошт паслугі; бясплатна зрабіць іншую рэч з аднароднага матэрыялу такой жа якасці; паўторна выканаць гэту паслугу, калі такое магчыма; кампенсацыю панесеных расходаў па ўхіленні выкананай работы сваімі сіламі альбо трэцяй асобай; скасаваць дагавор аб выкананні работ і патрабаваць вяртання выплачанай за выкананую работу грашовай сумы. Для гэтага ён павінен напісаць заяву ў 2-х экзэмплярах альбо пакінуць скаргу ў кнізе заўваг і прапаноў.

— А ў якія тэрміны можна задаволіць свае патрабаванні?

— На працягу 14 дзён можна дабіцца ўхілення недахопаў выкананай работы, калі іншы, больш працяглы тэрмін, не ўказаны ў дагаворы. На працягу 7 дзён можна задаволіць патрабаванні аб суразмерным змяншэнні цаны за выкананую работу (паслугу); аб кампенсацыі расходаў, панесеных за ўхіленне недахопаў сваімі сіламі альбо трэцяй асобай; аб скасаванні дагавора аб выкананні работ. У тэрмін, устаноўлены для тэрміновага выканання работы, — аб бясплатным вырабе іншай рэчы з аднароднага матэрыялу ці паўторным яе выкананні.

— Калі ў вызначаны заканадаўствам тэрмін выканаўца не задаволіў просьбу спажыўца, куды ён можа звярнуцца?

— У дзяржаўны орган па абароне правоў спажыўцоў, грамадскую арганізацыю спажыўцоў ці суд.

— Назавіце, калі ласка, дзяржаўныя органы па абароне правоў спажыўцоў.

— Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь — упаўнаважаны дзяржаўны орган, які рэгулюе сферу абароны правоў спажыўцоў; упаўнаважаныя па абароне правоў спажыўцоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

— Ніна Юльянаўна, а ці шмат да вас звяртаецца людзей са скаргамі на няякасна набытыя тавары, выкананыя паслугі?

— За мінулы год зарэгістраваны 23 такія заяўнікі. З іх 4 выпадкі мелі месца ў сферы гандлю. У прыватнасці, была адна скарга на няякасны айчынны і 5 — на няякасныя імпартныя тавары. Зафіксавана 17 няякасна выкананых платных паслуг. Гэта ў асноўным скаргі на ўстаноўку дзвярэй, вокнаў ПВХ.

— Ну і апошняе пытанне: дзе можна больш падрабязна пазнаёміцца з гэтай інфармацыяй?

— Уся неабходная інфармацыя, якая датычыць абароны правоў спажыўцоў, змешчана на сайце райвыканкама. Там, дарэчы, больш падрабязныя звесткі можна атрымаць не толькі па акрэсленых пытаннях, але наконт паслуг па тэхнічным абслугоўванні і рамонце аўтатранспартных сродкаў на станцыях тэхнічнага абслугоўвання, а таксама ў сферы бытавога абслугоўвання.

Гутарыла

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.