Шуміць, гудзе кірмаш!

254

resize-of-p5010089

КОЖНУЮ суботу на гарадскім рынку хапае людзей, але ў мінулую — было асабліва шматлюдна. Нагодай таму па­служыла правядзенне сельскагаспадарчага кірмашу.

Задоўга да яго «афіцыйнага» пачатку ў многіх месцах ішоў бойкі гандаль. Вялікая чарга выстраілася ля аўтамашыны з ААТ «Мядзельскае аграпрамэнерга», дзе гандлявалі свінінай. Літаральна за нейкай паўгадзіны людзі раскупілі лепшыя кавалкі мяса і сала. Прадавалі свініну таксама з СК «Брусы». Варта заўважыць, што гаспадаркі стварылі сапраўдную канкурэнцыю прыватным ганд­лярам. Цэны трымалі ніжэйшыя, таму мяса доўга не залежвалася.

— Што вы прывезлі на кірмаш? — пытаюся ў прадаўцоў з СВК «Зані».

— Гандлюем ялавічынай. Прадалі амаль усё, — чую ў адказ. — Спазніліся вы крыху…

— Ды не спазніліся. Вунь пад’ехала машына з Лук’янавічаў. Яны таксама прывезлі ялавічыну. Толькі распачынаюць гандаль, — удакладніў мужчына, які выпадкова пачуў нашу размову.

Сапраўды, ля аўтамашыны з СВК
«Лук’янавічы» выстраілася чарга. Але прадаўцы не марудзілі. Яны хутка адпускалі пакупнікоў. Варта заўважыць, што да кірмашу ў гаспадарцы падрыхтаваліся загадзя і належным чынам. Усё мяса спакавалі ў поліэтыленавыя пакеты, на якіх указвалася вага.

Не даводзілася сумаваць і прадаўцам жывой рыбы, якую прывезлі з Нясвіжа. Як заўсёды, чарга была і ля аўтамашыны з птушкафабрыкі «Новая зара». Яйкі і куры карысталіся попытам у пакупнікоў. Райпо прывезла на кірмаш бульбу сорту «скарб» і «журавінка». Праўда, цэны «кусаліся» — 1200 рублёў за кілаграм. Але каму трэба было, той купляў. А вось калі на рынак прыехала аўтамашына з СВК «Будслаўскі» (таксама прывезла бульбу), то ў імгненне ля яе выстраілася чарга. А чаму б і не?! Тут клубні сорту «дэльфін» прадавалі па 800 рублёў за кілаграм.

Давялося назіраць такую з’яву. Адзін мужчына купіў тры мяшкі бульбы. Праз гадзіну ён зноў прыехаў на рынак.

— Ці ёсць яшчэ бульба? Бачу ёсць. Трэба зноў тры мяшкі купіць. Жонка зварыла — вельмі смачная. Вырашылі сабе такі сорт завесці, — кажа.

Ячмень, пшаніца, авёс, сумесь яравога трыцікале з вікай, насенне цімафееўкі — усё гэта прапанавалі прадаўцы з СВК «Слабодская зара», «Зані», ААТ «Мя­дзел­аграсэрвіс». І многія з задавальненнем куплялі збожжа.

— Чаму без настрою ходзіш па рынку? — цікаўлюся ў знаёмага.

— Вось думаў купіць мінеральных угнаенняў. Абышоў увесь рынак і не знайшоў. Таму і настрою няма, — чую ў адказ.

— Падыдзі да сцэны, дзе гучыць музы­ка, — і настрой уздымецца. А тукі ку­піш у наступны раз, — раю чалавеку.resize-of-p5010093

Канцэртную праграму падрыхтавалі самадзейныя артысты з Мядзельшчыны. Парадавалі гледачоў жаночыя гурты з Восаўскага СДК і Старамядзельскага Дома культуры і вольнага часу, ансамбль «Крыніца» з Нарацкага СДК, знакаміты гурт «Сяброўкі», а таксама ўдзельнікі эстраднага калектыву Мядзельскага До­ма культуры. Хто жадаў адпачыць, набрацца станоўчых эмоцый, не прагадаў, што правёў больш гадзіны ля сцэны, падтрымліваючы апладысментамі выступленні выканаўцаў. Тым больш, што і надвор’е спрыяла. Ласкавае майскае сонейка таксама радавала мядзяльчан сваімі цёплымі промнямі.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.