Прадавец сельскага магазіна

313

Прадавец сельскага магазінаНАПАЧАТКУ хачу паразважаць наконт таго, што прафесія гандлёвага работніка ў горадзе і ў вёсцы моцна адрозніваецца. Не, не ў сэнсе прафесійных абавязкаў — я зусім пра іншае, так бы мовіць, пра сферу ўзаемаадносін прадаўца і пакупніка. У горадзе яны будуюцца чыста па-дзелавому: адзін бярэ тавар і плаціць грошы, другі — разлічвае яго. І эпізод гэты хутчэй за ўсё сціраецца з памяці пакупніка адразу, як толькі ён выйшаў за дзверы магазіна. А ў прадаўца — як толькі ён узяўся разлічваць наступнага чалавека з чаргі. Хіба што ў той разлік украдзецца памылка, непаразуменне ці яўны аблік і ўзнікне або ветлівае высвятленне прычыны, або, часцей за ўсё, канфлікт.

У наш імклівы час у любым гарадскім магазіне, тым больш гіпермаркетах, рэалізацыя тавараў ажыццяўляецца выключна на прынцыпах поўнага самаабслугоўвання, прымянення камп’ютарнай сістэмы штрыхкадзіравання, электронных карткаў пакупнікоў. Зносіны прадаўца і пакупніка зведзены, у большасці выпадкаў, да рацыянальнага мінімуму.

Для чаго я пра ўсё гэта? Каб падкрэсліць, наколькі ўсё ж адрозніваецца праца вясковага гандлёвага работніка ад гарадскога ў гэтай самай «славутай і найбольш балючай» сферы ўзаемаадносін прадаўца і пакупніка. На вёсцы ён, як правіла, свой, мясцовы, і з аднавяскоўцамі яго звязвае мноства «нітак». Усе ведаюць, якая ў яго сям’я, наколькі ён гаспадарлівы, акуратны, які мае характар. Да яго прыходзяць штодня, ад яго чакаюць не проста ветлівай усмешкі, але і добрага слова, падчас нават парады, спачування. Бо ён ведае і цябе, і твае праблемы, клопаты, радасці. Можа павіншаваць цябе з прыемнай сямейнай падзеяй, паспачуваць у горы. А цяпер прыгадаем, што адчуваем, калі такі чалавек быў да цябе, пакупніка, няўважлівым, нешта не так сказаў, зрабіў, аблічыў… Гэта не толькі моцна крыўдзіць, але ў многіх выпадках з’яўляецца прадметам абмеркавання ва ўласнай сям’і, часта — у вёсцы.

Дык ці лёгка быць сельскім прадаўцом? Жанчына, якую вы бачыце на здымку, можа адказаць на гэтае пытанне з веданнем справы. Аліна Канстанцінаўна Роўда працуе ў сферы гандлю ўжо больш за 30 гадоў. Спачатку завіхалася ў магазіне ў горадзе Маладзечна, а з 1986 года — у магазіне аграгарадка Сваткі. Амаль трыццаць гадоў гэта сімпатычная жанчына сустракае тут мясцовых пакупнікоў прыязнай, добразычлівай усмешкай. Яна заўсёды рада вам дапамагчы.

Нарадзілася і вырасла Аліна ў вёсцы Янушова. Яшчэ ў дзяцінстве яна разам з сяброўкамі гуляла ў «магазін». У якасці грошай былі лісты бэзу і бярозы. Ды і тавары былі ўмоўныя: каменьчык, кавалачак шкла і іншае. Вельмі падабалася дзяўчынцы «стаяць за прылаўкам і адпускаць тавар». Таму пасля заканчэння Сваткаўскай школы яна без ваганняў накіравала дакументы ў Маладзечанскае гандлёвае вучылішча. Хутка праляцелі гады вучобы. Па размеркаванні Аліна засталася працаваць у Маладзечне. Але дзяўчыну цягнула дадому. І не толькі таму, што тут яе радзіма, тут у Сватках жыў яе каханы. Выйшла замуж. Працаваць уладкавалася ў сваткаўскі магазін. Спачатку крыху была прадаўцом, а потым ёй прапанавалі пасаду загадчыцы. Вось і шчыруе жанчына.

— Я тут не адна. Поплеч не адзін дзясятак гадоў працуе Аксана Карытцава. Быў яшчэ адзін прадавец Іна Хіхіч, але яна звольнілася і працуе зараз у Мядзеле на аўтазапраўцы, — расказвае Аліна Канстанцінаўна.

— Ці выбралі б зноў гэту прафесію, калі б нейкім цудам вярнуліся ў юнацтва? — не ўтрымаўся і спытаў у загадчыцы крамы.

— Абавязкова стала б прадаўцом. Работа падабаецца. Наша прафесія цікавая, і яе поспех залежыць ад умення размаўляць з людзьмі, прапанаваць ім патрэбны тавар, не менш важна афармленне вітрыны і прылаўка. Але самае галоўнае, трэба любіць сваю прафесію і працаваць з усмешкай, — чую ў адказ. — Так павялося, калі да людзей ставішся з увагай і спагадай — тое ж і ў адказ атрымліваеш. Таму ўзнікаючыя пытанні ўдаецца вырашаць без канфліктаў.

З часам усё мяняецца, удасканальваецца форма абслугоўвання насельніцтва, па-новаму працуюць і прадаўцы. Самаабслугоў¬ванне прыйшло і ў сваткаўскі магазін. Тут пашырана гандлёвая зала, усталяваны дадатковыя прылаўкі, з’явілася другая каса. Работнікі імкнуцца максімальна выкарыстоўваць новыя ўмовы, працуюць старанна, зладжана.

Любяць хадзіць у сваю краму мясцовыя жыхары. І не толькі таму, што яна зручная, падобная на гарадскую гандлёвую кропку. А галоўным чынам таму, што іх абслугоўваюць Аліна Роўда і Аксана Карытцава. Больш таго, тут заўсёды можна набыць свежы і якасны тавар.

Прадавец памятае не толькі тое, хто якім прадуктам аддае перавагу, але часта і тое, каму якое харчаванне не рэкамендавана ўрачамі ў сувязі з яго станам здароўя. Нярэдка можна пачуць, да прыкладу: «Вы пыталіся ўчора пра абястлушчаны тварог, дык сёння ён якраз ёсць, свежы». Ці такое: «Прывезлі вашу любімую каўбаску з Ліды, купляйце, калі ласка».

Любіць жанчына паразмаўляць з вяскоўцамі. Яны гаваркія, адкрытыя.

— Калі да іх з душой, то і яны да цябе з душой, — зазначае Алі¬на Канстанцінаўна. — Я — вясковы прадавец, а гэта значыць, мне патрэбна ўменне зносін з людзьмі.

Адчуваецца, што за яе словамі хаваецца не толькі купля-продаж, асноўны абавязак, а нешта большае. Людзі павінны адчуць павагу да сябе, тады і ўзнікае давер да чалавека, які іх абслугоўвае. Аліна Роўда гэты давер набыла адразу і даражыць ім. Яна — чалавек, які ўмее наладжваць кантакты з людзьмі і да кожнага мае свой асабісты падыход.

Усе, хто ведае Аліну Канстанцінаўну, адзначаюць яе дружалюбнасць, надзвычайную працавітасць, добрасумленнасць і гатоўнасць аказаць дапамогу. Варты пераймання і іншыя асабістыя рысы яе характару. Якое б ні было здароўе, якія б ні сустракаліся праблемы на дарозе жыцця, яна заўсёды ветлівая, з прыемнай усмешкай на вуснах і дабрынёй у сэрцы.

Сваімі адносінамі да працы жанчына паказвае выдатны прыклад і сваім дзецям. Дочкі Наташа і Алена пакінулі бацькоўскае гняздо, набылі спецыяльнасць, жывуць і працуюць у Мінску. Кожная знайшла сабе справу па душы.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: загадчыца магазіна аграгарадка Сваткі Аліна Роўда.

Фота Георгія Прысмакова.