Нарыхтоўчая кампанія — у разгары

243
Нарыхтоўчая кампанія - у разгарыЛЕТА — самая спрыяльная пара для нарыхтовак вітамінных прыпасаў на зіму, збору і перапрацоўкі садавіны, гародніны, ягад і грыбоў. Чым жывуць нарыхтоўшчыкі раёна? Высветліць гэта пытанне паспрабавалі, наведаўшы нарыхтоўчы магазін у аграгарадку Княгінін. Нас ветліва сустрэла гаспадыня  крамы Лілія Будзько.
— Добры дзень! Заходзьце, калі ласка.
— Нам бы чарніц вядзёр пяць здаць. Ці прыміце? — жартую.
— Прыму без пытанняў. І не толькі чарніцы, — адказвае Лілія Эдуардаўна.
— Якія яшчэ ягады закупляеце ў насельніцтва? — пытаюся.
— Чырвоныя і чорныя парэчкі, вішню. Крыху пазней пачнём прымаць яблыкі. Думаю, што сёлета іх нарыхтуем шмат. Летась, лічыце, сады ў нашай мясцовасці былі амаль пустыя. А сёлета, вунь, галіны гнуцца, — чую ў адказ.
Бачым, што паліцы магазіна напоўнены прадуктамі харчавання. Тут ёсць алей, макарона, мука, пячэнне, цукеркі, соль, цукар, розныя прыправы, сокі, напіткі. Прадстаўлены таксама прамысловыя, гаспадарчыя і канцылярскія тавары.
— Разлік з людзьмі — на месцы, па іх жаданні — грашыма або таварам, таму ўсе задаволены, — кажа прадавец.
З далейшай размовы даведаўся, што пэўную канкурэнцыю краме складаюць прыватнікі. Менавіта яны сустракаюць вяскоўцаў, як кажуць, на выхадзе з лесу. Яны прапануюць крыху вышэйшую цану.
— Але ёсць і такія людзі, якія прыносяць дары лесу непасрэдна ў магазін, — зазначае Лілія Эдуардаўна.
Дарэчы, закупачная дзейнасць, якую вядзе райспажыўтаварыства, не абмяжоўваецца толькі ягадамі і яблыкамі. Дыяпазон значна шырэйшы. Гэта, у прыватнасці, другасная сыравіна (лом чорных і каляровых металаў).
— Прымаем мы і шклабой. Прычым даволі паспяхова. За месяц тры-чатыры тоны назапашваю, — кажа Лілія Будзько.
— А чым гэта выклікана, што людзі сталі актыўней здаваць шклатару?
— Напэўна, закупачнай цаной. Зараз за кілаграм шклабою выплачваем сем капеек, а раней было ўсяго  па 80 рублёў. Мяшкамі людзі прыносяць шкло, — патлумачыла нарыхтоўшчыца.
Лілія Эдуардаўна пяты год працуе ў гэтай краме. Але работа ў гандлёвай кропцы ёй добра знаёмая. Шмат гадоў працавала ў магазіне вёскі Гарадзішча. Калі яго закрылі, уладкавалася сюды. Сама яна мясцовая. Тут вучылася, тут выйшла замуж, тут жыве. Добра ведае вяскоўцаў, іх запыты. Жанчына пастаянна імкнецца выканаць даведзеныя планы нарыхтоўкі прадукцыі. Гэтаму спрыяюць прымальныя цэны і яе адказныя адносіны да даручанай справы.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: прадавец нарыхтоўчага магазіна аграгарадка Княгінін Лілія Будзько.
Фота  Аляксандра Высоцкага.