На новым рынку

199

На новым рынкуДРУГІ год працуе ў курортным пасёлку (у раёне былога “аэрапорта”) новы рынак, які “пераехаў” сюды з вёскі Нарач. Адразу шмат было размоў і спрэчак, наколькі гэта зручна ці не. Але час, як кажуць, усё расставіў па сваіх месцах. Як, дарэчы, і ў выпадку з мядзельскім рынкам.

У мінулую пятніцу давялося наведацца туды. Убачылі шмат народу і, канечне, шмат тавару. Прадавалі свежую бульбу, мінулагодняе збожжа (ячмень, пшаніцу, авёс), памідоры, капусту, кавуны і дыні, вінаград, мясныя вырабы. Быў прадстаўлены шырокі асартымент прамысловых тавараў.

Вядома ж, пацікавіліся ў людзей, наколькі іх задавальняе гэта гандлёвая пляцоўка. Вось што сказаў дбайны гаспадар з Ляшчынска Леанід Скрыпко, які ў той дзень гандляваў тут свежай бульбачкай з уласнага гароду. А дапамагалі яму ўнукі, якія прыехалі пагасціць на лета.

— Ведаеце, хоць крыху воддаль знаходзіцца рынак ад цэнтра, прызвычаіліся ўжо. Галоўнае, што тут свабодна, ніхто нікому не перашкаджае. Ды і элементарную бяспеку трэба ўлічваць. Гэта ж не справа, калі ў вёсцы Нарач амаль на праезджай частцы размяшчаліся гандляры! Вось пастаю яшчэ трохі і дадому — гаспадарку парадкаваць!

На здымку: Леанід Скрыпко з унукамі Уладам і Ягорам.