Калектыў дружны, згуртаваны

191

p7040010З ПРЫЎЗНЯТЫМ настроем сустракаюць прафесійнае свята работнікі кандытар­скага аддзела магазіна «Галінка бэзу». А чаму б і не? Справы ў калектыву ладзяцца. З месяца ў месяц ён паспяхова выконвае план тавара­абароту. Як расказала загадчыца аддзела Я. І. Скурко, за мінулы месяц пры плане 330 мільёнаў рублёў тавараабарот склаў 350.

— Калектыў наш невялікі, дружны, згуртаваны. З задавальненнем назаву прадаўцоў Ніну Цярэнцьеўну Драздову, Алену Дзмітрыеўну Яруціч і Алену Вікенцьеўну Міхаль. Кожная з іх мае за плячыма значны стаж работы за прылаўкам. Напрыклад, Алена Вікенцьеўна ў гандлі завіхаецца з 1987 года, Ніна Цярэнцьеўна — з 1995. А вось Алена Дзміт­рыеўна ўлілася ў калектыў у 2000 годзе, — працягвае размову Я. І. Скурко. — Пра кожную з гэтых жанчын магу сказаць толькі самае добрае. Акуратныя, адказныя, дысцыплінаваныя, працавітыя. Усе прадаўцы маюць 5 ці 6 катэгорыі.

Варта сказаць, што і Яніна Іванаўна ў гандлі не навічок. У жніўні 1983 года звязала яна свой жыццёвы шлях з гэтай сферай. А ў Мя­дзеле яна працуе з 1988 года. Прафесію прадаўца набыла ў Мінскім кааператыўным вучы­лішчы, затым закончыла Мінскі ганд­лёвы каледж «Белкаапсаюза».

— З дзяцінства марыла стаць прадаўцом — і мара збылася. Работа падабаецца, хаця яна не з лёгкіх. Пастаянна працуеш з людзьмі. У кожнага свой характар, свае погляды на жыццё. І тут вельмі важна быць цярплівай, тактоўнай, — кажа Яніна Іванаўна. — З кепскім настроем за прылаўкам нельга стаяць. Наадварот, пакупнікоў мы павінны сустракаць ветліва, з усмешкай…

Кандытарскі аддзел у магазіне існуе даўно. Сёлета тут правялі рэканструкцыю. Будаўнікі ўсе работы выканалі ў сціслыя тэрміны. Устаноўлена новае абсталяванне. У выніку атрымаўся сучасны аддзел, які працуе па прынцыпу самаабслугоўвання. Наведвальнікі задаволены. Вельмі добра, што любы тавар можна, як кажуць, паглядзець, даведацца пра цану, тэрмін прыгоднасці, вытворцу. Тут рэгулярна ла­дзяцца акцыі, што прыцягвае пакупнікоў.

— Мы ўдзячны кіраўніцтву райПО, якое заўсёды ідзе насустрач у вырашэнні шматлікіх пытанняў, — дадае Я. І. Скурко. — А што датычыць калектыву, то нікому не трэба нагадваць, маўляў, зрабі тое ці іншае. Кожны клапоціцца, каб аддзел быў на ўзроўні. Паліцы заўсёды запоўнены таварам. Вялікая заслуга ў гэтым укладчыцы-ўпакоўшчыцы Наталлі Альбертаўны Гірынай.

З далейшай размовы даведаўся, што работнікі аддзела рэгулярна арганізоўваюць выязны гандаль. Скажам, праводзілася раённае спаборніцтва санітарных дружын — гандлёвая кропка працавала менавіта гэтага ад­дзела. Падчас урачыстых мерапрыемстваў, якія ладзіліся ля абеліска воінам і партызанам на беразе возера Нарач, працавалі прадаўцы і з гэтага дружнага калектыву. Учора і сёння работнікі кандытар­скага аддзела магазіна «Галінка бэзу» задзей­нічаны на фэсце ў Будславе. І падобных прыкладаў можна прыводзіць шмат.

— Карыстаючыся выпадкам, дазвольце мне ад сябе асабіста і ад імя ўсяго калектыву павіншаваць калег з іншых гандлёвых кропак Мядзель­шчыны з прафесійным святам. Пажадаць усім моцнага здароўя, веры і аптымізму, шчасця і дабрабыту. Няхай у вашых сем’ях пануе мір, любоў і згода! Няхай у вашых крамах будзе больш пакупнікоў, — сказала на развітанне Я. І. Скурко.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: прадаўцы А. Д. Яруціч, Н. Ц. Драздова, загадчыца кандытарскага аддзела Я. І. Скурко і ўкладчык-упакоўшчык Н. А. Гірына.

Фота Таццяны Несцярэнка.